25 чэрвеня ў Магілёве на стадыёне “Спартак” адбыўся гала-канцэрт
Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі “Магутны Божа”. Падчас
гала-канцэрту да прысутных звярнуўся з прамовай Мітрапаліт
Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Арцыпастыр звярнуў увагу, што гэтае важнае грамадска-рэлігійна-культурнае мерапрыемства праводзіцца ўжо ў дваццаць першы раз, што “нагадвае аб яго папулярнасці і запатрабаванасці”. У арганізацыі і правядзенні фестывалю, дадаў іерарх, прымае ўдзел не толькі кіраўніцтва горада і вобласці, не толькі дзяржаўныя, грамадскія і культурныя арганізацыі, але і рэлігійныя, асабліва Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква.
Мітрапаліт нагадаў таксама, што ў мінулы аўторак на распачацце фестывалю ўзначаліў святую Імшу ў магілёўскай катэдры, у якой прыняло ўдзел шмат вернікаў, што, па словах іерарха, паказчык “духоўнага элементу гэтага магілёўскага форуму, які, у сваю чаргу, з’яўляецца знакам духоўнага адраджэння зямлі, скажонай не толькі радыяцыяй Чарнобыля, але і праменяваннем ваюючага атэізму”.
Арцыбіскуп заўважыў таксама, што гэты фестываль, які пачаў пісаць сваю гісторыю ў 1992 г., жыве і развіваецца, а геаграфія яго ўдзельнікаў пашыраецца. Мітрапаліт назваў гэта знакам таго, што дадзены фестываль “адыгрывае вельмі важную ролю ў духоўнай фармацыі сучаснага чалавека і спрыяе будаванню мастоў паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, што асабліва важна ў наш час, калі мы павінны імкнуцца да еднасці і да сумеснага сведчання хрысціянскіх каштоўнасцяў”.
“Касцёл заўсёды выкарыстоўваў культуру для новага абвяшчэння Евангелля, а таксама ўмацавання хрысціянскіх каштоўнасцяў і традыцый. Гэты год у Беларусі адзначаецца як Год моладзі. Моладзь – наша будучыня, і гэтая будучыня будзе такой, якой будзе моладзь. Таму знакавым з’яўляецца тое, што яна прымае актыўны ўдзел у фестывалі “Магутны Божа”. Упэўнены, што ён будзе спрыяць яе духоўнаму росту, каб выхоўваць добрых, сумленных грамадзян і верных сведкаў заўсёды актуальнага Евангелля, а таксама будаўнікоў мастоў паяднання”, - сказаў арцыпастыр.
У гэтым сэнсе Мітрапаліт назваў вельмі сімвалічным тое, што фестываль адбываецца ў Магілёве, на берагах Дняпра: “гэтая вялікая і магутная рака аб’ядноўвае многія славянскія народы з багатай хрысціянскай традыцыяй”, “а хрысціянства – гэта рэлігія адзінства, якога сучасны свет так патрабуе”.
Мітрапаліт пажадаў, каб фестываль “Магутны Божа 2015” стаў “яшчэ адным крокам да распаўсюджвання і ўмацавання хрысціянскіх каштоўнасцяў на нашай зямлі” і да “дасягнення так неабходнай у нашым грамадстве і свеце еднасці”.
(AG)
|