Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
21 ліпеня — чацвёртая гадавіна смерці кардынала Казіміра Свёнтка
Іерархі
21.07.2015 10:12

21 ліпеня прыпадае чацвёртая гадавіна смерці кардынала Казіміра Свёнтка. Іерарх перажыў пераслед рэлігіі, 10 гадоў лагераў, быў першым Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі, першым Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Кардынал Казімір Свёнтэк нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 г. у Вальку (Эстонія). Калі яму было тры гады, яго сям’ю саслалі ў Сібір.

Пасля заканчэння Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску 8 красавіка 1939 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне і быў скіраваны на служэнне ў Пружаны. Падчас пераследу рэлігіі быў арыштаваны і асуджаны на смерць. Два месяцы знаходзіўся ў камеры смерці. Вайна, якая пачалася ў 1941 г., перашкодзіла выканаць прысуд, аднак у 1944 г. святар зноў быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лагераў, дзе цяжка працаваў спачатку ў Сібіры, а потым за Палярным кругам у Інце.

Выйшаў на волю ў 1954 г. і пачаў служыць у Пінску. Дзякуючы яго ахвярнай працы быў адбудаваны пінскі катэдральны касцёл. У той жа час ксёндз Казімір Свёнтэк рабіў усё магчымае, каб будаваць жывы Касцёл — Народ Божы.

У 1991 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў яго першым Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. З таго часу іерарх устанаўліваў дэканаты, ствараў касцёльныя структуры, прымаў удзел у Сінодзе Біскупаў у 1991 г., у пасяджэннях Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы і іншых касцёльных арганізацыях, у міжнародных форумах. З’яўляўся сведкам пераследу каталіцкай веры і яе адраджэння ў Беларусі.

У 1994 г. Папа Ян Павел ІІ надаў яму тытул кардынала, што стала прызнаннем заслугаў не толькі таленавітага святара і біскупа, але і мужнага сведкі веры.

11 лютага 1999 г. кардынал Казімір Свёнтэк быў абраны першым Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

27 верасня 2004 г. Папа Ян Павел ІІ уручыў кардыналу ўзнагароду «Fidei testis» (Сведка веры).

21 ліпеня 2011 г. на 97-м годзе жыцця кардынал Казімір Свёнтэк адышоў у вечнасць, перад гэтым знаходзячыся з 10 сакавіка ў пінскай бальніцы. Пахаванне адбылося 25 ліпеня 2011 г. у Пінску, святую Імшу на пляцы каля катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ўзначаліў былы асабісты сакратар Папы Яна Паўла ІІ арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш, сябар кардынала Свёнтка.

Заахвочваем да малітвы за іерарха. Вечны адпачынак дай яму, Пане.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію