Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з семінарыстамі, якія паходзяць з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Іерархі
07.09.2015 11:44

7 верасня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з семінарыстамі, якія паходзяць з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сустрэча прайшла ў курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Сустрэча пачалася святой Імшой, якую арцыбіскуп цэлебраваў для семінарыстаў у курыяльнай капліцы.

У гаміліі іерарх паразважаў над чытаннямі на панядзелак XXIII Звычайнага тыдня, якія распавядаюць пра збаўленне чалавецтва і пра тое, як Бог лечыць людзей з розных хваробаў цела і граху і такім чынам вядзе да свабоды дзяцей Божых.



«Бог не пакідае нас адных з нашымі праблемамі, але ў сваёй бязмежнай міласэрнасці выбаўляе нас з граху і вядзе да абяцанага шчасця, — сказаў Мітрапаліт. — Чыніць гэта ўсё Ён у Касцёле, які ёсць сакрамэнтам паўсюднага збаўлення, і чыніць праз спецыяльна пакліканых для гэтай місіі людзей — святароў».

Як звярнуў увагу арцыбіскуп, спеў перад Евангеллем у гэтых чытаннях нагадвае аб тым, што авечкі слухаюць голас Добрага Пастыра, які ведае іх, і ідуць за ім. Такім пастырам, па прыкладу Добрага Пастыра Езуса Хрыста, павінен быць, па словах іерарха, кожны святар.

Мітрапаліт узгадаў словы Хрыста: «Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паслаў». «Гэта не наша заслуга, што Хрыстус нас паклікаў. Мы толькі адказалі на Яго заклік. А каб рэалізаваць наша пакліканне, мы ідзём у семінарыю, месца чалавечай, духоўнай, інтэлектуальнай і пастырскай фармацыі», — патлумачыў арцыпастыр.

Іерарх падкрэсліў, што «праведзеныя ў семінарыі гады потым акупаюцца ў сто разоў, таму недазволена іх страціць, проста праседзець, здаць экзамены і стаць святаром». Такі шлях, дадаў арцыбіскуп, памылковы і не прывядзе да адпаведнага выніку; Касцёлу неабходны «добра падрыхтаваныя і ахвярныя святары, якія пойдуць да людзей не для таго, каб людзі ім служылі, але каб па прыкладу Хрыста служыць людзям».

Мітрапаліт звярнуў увагу, што чытанне Евангелля гэтага дня распавядае пра аздараўленне чалавека, які меў паралізаваную руку. Гэты цуд Езус учыніў у суботу, што не спадабалася фарысеям. Езус, аднак, паставіў іх на месца, пытаючыся ў іх, ці дазволена ў шабат рабіць дабро, адзначыў іерарх.



«Сітуацыя паўтараецца. Хрыстус быў знакам супраціву. Ім з’яўляецца кожны хрысціянін і святар. Гэта бачна асабліва ў наш час, калі ўсё больш людзей жыве так, як быццам Бога няма. Калі сучасны свет выступае супраць Касцёла і маральных нормаў, іх крытыкуе і не ўспрымае, то мы павінны іх бараніць, — заўважыў арцыбіскуп. — Гэта выклік хрысціянству, Касцёлу і святарам. Таму фармацыя да святарства таксама павінна ўлічваць і гэта».

Сучасны свет, дадаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, перажывае духоўную эболу і падвержаны розным духоўным хваробам, і вылечыць яго можа толькі Хрыстус, які дзейнічае праз святара.

Арцыбіскуп павіншаваў семінарыстаў з наступаючым новым навучальным годам і пажадаў ім узрастаць не толькі ў гадах і мудрасці, але і ў ласцы ў Бога і людзей, каб належным чынам падрыхтавацца да місіі духоўнага лекара.

Пасля Імшы Мітрапаліт сустрэўся з кожным семінарыстам. Сустрэча завяршылася супольнай агапай.

У сустрэчы прыняў удзел таксама ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч, які з’яўляецца адказным у справах семінарыстаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

(DN), (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію