Сітуацыя Касцёла ў краінах Еўропы, сустрэча з сем’ямі, наведванне гроту Звеставання: працягваецца Пленарная Асамблея РБКЕ |
Іерархі |
13.09.2015 16:50 |
Другi дзень Пленарнай Асамблеi Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, якая праходзіць на Святой Зямлі з 11 па 16 верасня, пачаўся малiтвай Ютрані ў каплiцы Domus Galileae. У асамблеі прымае ўдзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У другі і трэці дзень пасяджэння іерархі выступілі з паведамленнямі аб сiтуацыi Касцёла ў розных краiнах Еўропы. Кожны бiскуп меў магчымасць на працягу 5 хвiлiн прадставiць сiтуацыю ў сваёй краiне. 12 верасня са сваім паведамленнем аб сітуацыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі выступіў і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. У першай палове дня 12 верасня ўдзельнікі асамблеі выслухалі лекцыю на тэму «Хрыстус учора, сёння i заўсёды той самы адзiны Збаўца свету», якую прачытаў рэктар семiнарыi Ерузалемскага Патрыярхату Джамаль Хадэр. Лекцыя была актуальнай, бо еўрапейскiя бiскупы знаходзiлiся ў тым месцы, дзе Хрыстус абвяшчаў Божае Валадарства i збавiў свет, дзе апосталы распачалi мiсiю абвяшчэння Добрай Навiны. Кiм з’яўляецца Хрыстус для сучаснага чалавека? На гэтае пытанне дапамагае адказаць так званае пятае Евангелле, якой ёсць Святая Зямля. Уся яе гiсторыя вядзе да Хрыста i Яго прадстаўляе. Гэтая зямля – зямля хрысцiян, якiя тут жывуць 2 тысячы гадоў. Сучасныя хрысцiяне на Святой Зямлi – наступнікі першых хрысцiян. Хрысцiянства выводзiцца з Божага Аб’яўлення, якое мела месца на гэтай зямлi. Тут нарадзiўся Хрыстус, тут Ён аддаў сваё жыццё для збаўлення чалавека, тут уваскрос, адсюль узнёсся на неба. Ён адзiн з нас. Таму на гэтай зямлi Яго прысутнасць адчуваецца асаблiва. Калi мы церпiм, то не пытаемся, дзе Бог, бо ён з намi i сярод нас. Ён не з’яўляецца персонай мiнулага, але заўсёды з намi, мае наш выгляд, наш твар. На гары благаслаўленняў Езус аб’явiў, што Ён заўсёды з намi, з нашымi праблемамi i цярпеннямi. Яго казанне на гэтай гары – праграма жыцця хрысцiянiна. Таму наша вера ў Хрыста з’яўляецца нашай моцай.
Таксама ў гэты дзень на беразе Галiлейскага возера каля Дома св. Пятра ў Кафарнаўме пры тэмпературы 43 градусы адбылася святая Iмша, якую ўзначалiў арцыбiскуп Анджэлё Массафра з Албанii. У гамiлii іерарх нагадаў пра цуд у доме св. Пятра, калi Хрыстус вылечыў яго цешчу. У нашым жыццi i жыццi Касцёла, звярнуў увагу арцыбіскуп, таксама шмат цяжкіх i нават крытычных момантаў, калi мы не ведаем, да каго iсцi, і цуд у доме Пятра адказвае, да каго: да Хрыста, якi нiколi не пакіне нас адных.
Потым удзельнiкi Пленарнай Асамблеi скіраваліся ў Назарэт у базылiку Звеставання, каля якой у мiнулым годзе была ўстаноўлена мазаiка Маці Божай Будслаўскай. Перад базылiкай iх чакала група настаўнiкаў i вучняў каталiцкiх школ з плакатамi, на якiх было напiсана: «Спачатку палiлi касцёлы, цяпер зачыняюць школы, а што заўтра?», «Будзьце нашым голасам у Еўропе», «Мы маем права на адукацыю» i г.д.
Потым адбылася ружанцовая працэсiя з фiгурай Маці Божай Назарэтанскай у iнтэнцыi надыходзячага Сiнода Бiскупаў на тэму сям’i. Працэсiю ўзначалiў Прэфект Кангрэгацыi па справах Біскупаў кардынал Марк Уэлле. Напрыканцы працэсii кардынал асвяцiў у гроце Звеставання спецыяльна напiсаны для Пленарнай Асамблеi абраз Панны Марыi i ім удзялiў усiм прысутным благаслаўленне. Затым бiскупы мелі магчымасць прайсцi ў грот Звеставання i памаліцца там. «Гэта было вельмі ўзрушаючым момантам, бо дазваляла ўсвядоміць, што менавiта ў гэтым месцы Слова стала Целам ва ўлоннi Марыi, тым самым распачынаючы працэс рэалiзацыi Божага плану збаўлення праз Езуса», – распавёў Catholic.by Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
(DN), (AG) |