Трэцi дзень працы Пленарнай Асамблеi Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы пачаўся малiтвай Ютранi. Затым працягнуліся выступленнi бiскупаў з розных краiн Еўропы. Асамблея праходзіць на Святой Зямлі з 11 па 16 верасня, епіскапат Беларусі на ёй прадстаўляе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Пасля выступленняў арцыбiскуп Джаннi Амброзiё i айцец Патрык Дэйлі распавялi пра працу Камiсii Рады Бiскупскiх Канферэнцый Еўропы пры Еўрасаюзе. Камiсiя прымае актыўны ўдзел у працах Еўрасаюза, прадстаўляючы вучэнне Касцёла з нагоды новых законаў, якiя прымае Еўрасаюз. Аднак дыялог з Еўрасаюзам, як было адзначана, iдзе даволi цяжка, бо там назіраецца яўнае секулярнае стаўленне да праблем этыкi.
Потым адбылося выступленне бiскупа Оскара Кантонi, прысвечанае праблеме паклiканняў да святарства. Іерарх падкрэслiў, што адной з праблем гэтага крызiсу з’яўляецца крызiс пастырства паклiканняў, дэмаграфiчны крызiс i таксама крызiс сям’i, якая павiнна быць крынiцай паклiканняў.
Далей прагучаў даклад арцыбiскупа Трыестэ Джанпаоло Крэпальдзі аб працы камiсii “Caritas in Veritate”. Былi падкрэслены эканамiчныя праблемы, якія існуюць у многiх краiнах Еўропы i прычынай якiх разам з iншымi з’яўляюцца i маральныя. Як было адзначана, нарастае напружанасць памiж багатымi i беднымi краiнамi, усё большай становiцца праблема мiгрантаў, беспрацоўе, пагаршэнне экалогiі i г.д. Еўропа, як прагучала ў дакладзе, не гатова сёння адказаць на гэтыя праблемы i выглядае, што працэс еўрапейскай iнтэграцыi перараджаецца ў працэс дэiнтэграцыi. Перад аблiччам гэтых праблем Еўропа не павiнна быць пасiўнай i iндыферэнтнай, але выявіць дынамiзм у iх вырашэннi, уключаючы вопыт Касцёла i iншых канфесiй i рэлiгiй.
Потым быў заслуханы даклад святара Майкла Рэмэры аб працы камiсii па справах катэхiзацыi, школы i ўнiверсiтэтаў, а таксама камiсii па справах медыя. Было падкрэслена, што ў выхаваннi моладзi неабходна больш увагi звяртаць на праблему веры, якая перажывае крызiс. Таксама была адзначана неабходнасць медыятрэнiнгу для бiскупаў.
У поўдзень у каплiцы Domus Galileae ўдзельнiкi форуму бiскупаў Еўропы цэлебравалi святую Iмшу ў сіра-маранiцкiм абрадзе, якую ўзначалiў арцыбiскуп Кiпра для маранiтаў Юсэф Суiф. У гамiлii іерарх нагадаў пра постаць добрага самаранiна i падкрэслiў дабрачынны аспект служэння Касцёла i неабходнасць нясення дапамогі патрабуючым. Таксама арцыбіскуп нагадаў пра свята Узвышэння Святога Крыжа, якое будзе адзначацца 14 верасня і якое мае вельмi важнае значэнне на Святой Зямлi, дзе праз Крыж Хрыстус здзейснiў справу збаўлення, i заахвоцiў чэрпаць з крыжа духоўную моц.
Маранiцкая лiтургія ў пэўным сэнсе падобная да лацiнскай, у той жа час вельмi багатая i ў ёй прысутнічае шмат узвышаных момантаў. Напрыклад, напрыканцы святар молiцца такімі словамі: “О, святы Божы алтар, пакідаю цябе ў мiры і спадзяюся вярнуцца да цябе ў супакоi. Эўхарыстыя, у якой я прыняў удзел, няхай будзе мне на адпушчэнне грахоў i ўсiх правiн, каб мог спакойна стаць перад Божым судом. Не ведаю, калi вярнуся, каб цэлебраваць наступную Iмшу! Пане, захавай мяне i абараняй свой Касцёл, якi з’яўляецца шляхам да збаўлення”.
Потым удзельнiкi Пленарнай Асамблеi скіраваліся ў пасёлак Мэлья недалёка ад мяжы з Лiванам, дзе жывуць толькi католiкi мелхiты, якiя, нягледзячы на пераследы, захавалi сваю веру i iдэнтычнасць. Iх налічваецца 6500 чалавек. Спачатку адбылася сустрэча з вернiкамi ў закрытым тэатры, на якой іерархі пазнаёмiлiся з сiтуацыяй хрысцiянства на Святой Зямлi. Гiсторыя хрысцiянства там, як было расказана падчас сустрэчы, вельмi багатая, экуменiчныя адносiны добрыя. Сёння ў Iзраілi каля 1,4 працэнта насельнiцтва - хрысцiяне, якiя ў сваёй большасцi жывуць у Галiлеi. Iх сiтуацыя вельмi складаная, асаблiва ў моладзi, якая не мае магчымасцi вывучаць сваю хрысцiянскую гiсторыю, што вядзе да страты сваёй хрысцiянскай iдэнтычнасцi. Таму перад хрысцiянамi Святой Зямлi паўстае пытанне: што азначае для iх быць сапраўднымі хрысцiянiнамi, каб не быць намiнальнымi, але жыць духам Евангелля. Найперш, як было адзначана, неабходна быць сведкамi хрысцiянскiх каштоўнасцяў i ўмець прабачаць у абставiнах, у якiх яны жывуць.
Потым удзельнiкi Пленарнай Асамблеi накiравалiся ў касцёл мелхiтаў, дзе ў вiгiлiю свята Узвышэння Святога Крыжа адбылася малiтва Нешпараў паводле мелхіцкага абраду. Пасля Нешпараў традыцыйная працэсiя ў складзе каля 5000 чалавек, у тым ліку вельмі шмат дзяцей, з крыжам накiравалася па вулiцах пасёлка з разважаннямi каля чатырох стацый. Завяршылася яна каля каталiцкай школы малiтвай i благаслаўленнем.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сказаў Catholic.by пра гэтую працэсію так: “Гэта было сапраўднае сведчанне веры арабаў-католiкаў з надзеяй на лепшую будучыню, асаблiва на вырашэнне праблем каталiцкай школы. Падобна як трава прабiваецца праз асфальт цi бетон, каб паказаць сiлу жыцця, таксама i вера гэтых людзей у абставiнах пастаяннага пераследу не памерла, але жыве i духоўна ўзбагачае гэтую зямлю Езуса i першага абвяшчэння Евангелля”. (DN), (AG)
|