Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча на пачатак новага навучальнага і катэхетычнага года 2015/2016
Іерархі
16.09.2015 12:16

Тэкст ліста на польскай мове>>>

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!

Маючы ўжо за сабой час канікул і адпачынку, дзеці і моладзь вярнуліся ў школы і іншыя навучальныя установыя, каб набываць і паглыбляць веды, якія для нармальнага функцыянавання ў грамадстве неабходныя кожнаму чалавеку. Як правіла, існуе агульная згода адносна таго, што справа адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення з’яўляецца вельмі важнай «сацыяльнай інвестыцыяй», бо шмат у чым вызначае «якасць» жыцця для ўсіх грамадзян, як у бліжэйшай будучыні, так і ў доўгатэрміновай перспектыве. Таму праца настаўнікаў, выхавацеляў і іншых асобаў, якія займаюцца адукацыяй дзяцей і моладзі, як правіла, карыстаецца ўсеагульнай павагай і ўспрымаецца больш у плане паклікання і місіі, чым проста прафесіі. Дзеці і моладзь заклікаюцца да сур’ёзнага і адказнага прыняцця намаганняў для атрымання ведаў, а таксама заахвочваюцца да свядомага і добраахвотнага падпарадкавання выхаваўчаму ўздзеянню для дабра свайго і ўсяго грамадства.

Мы, як паслядоўнікі Езуса Хрыста, ніколі не павінны забываць аб тым, што выхаванне маладога пакалення, каб было сапраўды ўніверсальным, павінна быць таксама выхаваннем да жыцця ў веры. Паступовае пазнанне Божага слова, усё больш свядомае карыстанне святымі сакрамэнтамі, развіццё малітоўнага жыцця і іншыя формы пабожнасці – усё гэта дапамагае маладому чалавеку сталець духоўна, вучыць яго адчуваць і распазнаваць у глыбіні свайго сэрца голас Хрыста, а ў кожным дзеянні заўсёды прытрымлівацца правіл Евангелля і кіравацца наказамі добра сфарміраванага сумлення.

Святы Касцёл з самага пачатку сваёй гісторыі прыкладае ўсе намаганні, каб перадаваць людзям Добрую Навіну, каб дапамагчы ім зразумець, што Езус Хрыстус ёсць Сын Божы, каб праз веру ў імя Ягонае мелі вечнае жыццё (пар Ян 20, 31). Гэтая дзейнасць Касцёла з’яўляецца выкананнем загаду Уваскрослага Хрыста, які, перш чым вярнуцца да Айца, звярнуўся да Апосталаў з такімі словамі: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку» (Мц 28, 18-20). Гэты загад навучання і ўтварэння сабе вучняў з усіх народаў рэалізуецца ў Касцёле па-рознаму, у тым ліку і праз катэхізацыю дзяцей і моладзі. Таму «само сабой зразумела, што катэхізацыя была заўсёды для Касцёла святым абавязкам і пастаянным, неад’емным правам. З аднаго боку, ёсць гэта, несумненна, абавязак, які нарадзіўся з загаду Пана і быў ускладзены, у прыватнасці, на тых, якія ў Новым Запавеце прынялі заклік да пастырскага служэння, а з другога боку, тут таксама можна казаць пра права на катэхізацыю. З тэалагічнага пункту гледжання кожны ахрышчаны, на падставе  самога хросту, мае бясспрэчнае права атрымаць ад Касцёла навучанне і выхаванне, якія прынясуць яму доступ да праўдзіва хрысціянскага жыцця» (Ян Павел II, Апостальская адгартацыя, Catechesi tradendae, 14).

На пачатку новага навучальнага і катэхетычнага года хачу нагадаць вам, дарагія бацькі, аб ускладзенным на вас абавязку клапаціцца пра рэлігійнае выхаванне вашых дзяцей. Калі вы папрасілі Святы Касцёл аб сакрамэнце хросту для сваіх дзяцей, публічна склалі абяцанне, што «вы прымаеце на сябе абавязак выхавання іх у веры, каб, захоўваючы Божыя запаведзі, любілі  Бога і бліжняга, як навучыў нас Езус Хрыстус» (Абрад хросту дзяцей, 39). Такім чынам, як бацькі-хрысціяне, вы з’яўляецеся першымі і незаменнымі выхавацелямі ў веры для вашых дзяцей, а «“сямейная катэхізацыя” апярэджвае любую іншую форму катэхізацыі, суправаджае яе і пашырае яе» (Ян Павел II, Catechesi tradendae, 68). Таму звяртаюся да вас з просьбай аб тым, каб ваша сямейнае жыццё было сапраўдным сведчаннем веры і любові да Хрыста і Яго Касцёла. Хай практыка штодзённай супольнай малітвы, удзелу ў нядзельнай святой Імшы, частага карыстання святымі сакрамэнтамі, а таксама створаная вамі ў сям’і атмасфера ўзаемнай любові, павагі, даверу і чуласці  да іншага чалавека будзе першай і самай важнай катэхезай для вашых дзяцей, якая з’яўляецца ярчэйшай і лепшай у параўнанні з якімі-небудзь стымуламі і настаўленнямі.

Нагадваю вам таксама, дарагія бацькі, што так званая «сямейная катэхеза», хоць і з’яўляецца вельмі важнай і істотнай, не звальняе вас ад абавязку клапаціцца аб тым, каб вашыя дзеці наведвалі ўрокі рэлігіі, арганізаваныя пры парафіях. Згодна з самой сутнасцю катэхетычнага навучання, якое павінна быць у меру поўнае і датычыцца ўсіх элементаў хрысціянскага жыцця, катэхізацыя павінна быць арганізавана па пэўных правілах і праводзіцца на сістэматычнай аснове. Парафіяльная катэхізацыя   адказвае гэтым патрабаванням, таму што ажыццяўляецца па зацверджаных Касцёлам праграмах, з улікам узросту ўдзельнікаў катэхезы; праводзяць яе асобы, якія маюць адпаведную падрыхтоўку і ўпаўнаважаны для выканання гэтай задачы касцельнай уладай. Так арганізаваная катэхізацыя не замяняе перадачы веры ў сям’і, але яе дапаўняе і паглыбляе, ведучы маладога чалавека не толькі да пазнання ісцін веры, але і да асабістай сустрэчы з Езусам Хрыстом.

Вартым жалю ёсць тое, што некаторыя бацькі не кіруюць сваіх дзяцей на навучанне рэлігіі або ставяцца да катэхізацыі толькі як да падрыхтоўкі дзіцяці да першай споведзі і святой Камуніі. Таму хачу нагадаць вам, дарагія бацькі, што парафіяльная  катэхізацыя абавязвае ўсіх дзяцей  і моладзь, незалежна ад класа, у якім вучацца вашыя дзеці, ажно да поўнага заканчэння імі навучання ў школе. Нагадваю вам таксама, што невыкананне абавязку гарантаваць дзецям удзел у сістэматычнай катэхізацыі з’яўляецца сур’ёзнай маральнай правінай. Гэтай нядбайнасці не апраўдвае ні выдуманы намі недахоп часу, ні якія-небудзь камунікацыйныя цяжкасці, ні наведванне дзіцём факультатыўных заняткаў, ні рэпетытарства, ні спартыўныя трэніроўкі і іншыя падобныя заняткі. Таму прашу вас, дарагія бацькі, каб вы памяталі аб прынятым  на сябе абавязку рэлігійнага выхавання дзяцей. Будзьце верныя словам Езуса: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае» (Мк 10, 14). Звяртаюся таксама да вас, дарагія дзеці, падлеткі і ўлюбёная моладзь, з заклікам, каб вы цанілі матчын клопат Касцёла аб перадачы вам навучання Хрыста і забеспячэнне вам  паўнаты жыцця ў веры. Наведвайце з задавальненнем і сістэматычна ўрокі рэлігіі, будзьце руплівыя, уважлівыя, працавітыя, адкрытыя на словы Добрай Навіны, якія перадаюць вам катэхеты. Памятайце, што зерне Божай праўды, пасеянае ў вашых сэрцах сёння падчас катэхізацыі, будзе прыносіць плён на працягу ўсяго вашага  будучага жыцця, стаўшы на кожны дзень крыніцай сапраўднага шчасця.

Дзякуй вам, паважаныя святары, дыяканы, манаскія сёстры, катэхеткі і катэхеты, якія з вялікай самаахвярнасцю і адданасцю ўдзельнічаеце ў катэхетычнай дзейнасці Касцёла, за тое, што з любоўю і клопатам перадаеце збаўчае пасланне Езуса Хрыста. Прашу вас памятаць аб тым, што катэхізацыя належыць да адной з самых важных задач Касцёла і з’яўляецца  істотнай у яго евангелізацыйнай місіі. Імкніцеся дайсці  з радасным пасланнем Добрай Навіны да як мага большай колькасці дзяцей і моладзі, арганізуючы ў парафіях сістэматычную катэхізацыю, а там, дзе ўзнікае такая неабходнасць, арганізуйце таксама пад’язныя пункты катэхізацыі. Пастаянна праяўляйце клопат пра ўдасканаленне ўласных навыкаў выкладання, каб абвешчанае вамі слова глыбока западала ў сэрцы і розумы катэхізаваных.

Усім вам, дарагія бацькі, катэхеты, настаўнікі і выхавацелі, а таксама ўлюбёным  дзецям і моладзі, жадаю, каб новы навучальны і катэхетычны год быў насычаны Божым благаслаўленнем і прынёс выдатныя плёны дабра. Таксама ў сувязі з маючым адбыцца ў гэтым годзе пасяджэннем Сінода Біскупаў у Рыме, якое будзе прысвечанa праблемам сям’і ў сучасным свеце, прашу вас усіх, дарагія дыяцэзіяне, аб шчырай малітве ў інтэнцыях Святога Айца і біскупаў – удзельнікаў Сінода. Хай гэтая знамянальная падзея ў жыцці Касцела дапаможа ўсім аднавіць свядомасць годнасці, святасці і прыгажосці інстытута сям’і ў намеры Бога. Прашу таксама аб малітве за нашы сем’і, каб, пабудаваныя на падмурку веры і любові, умацаваныя ласкай сакрамэнту шлюбу, яны былі сапраўднымі «хатнімі Касцёламі» і больш плённа маглі выконваць у Касцёле і свеце сваю важную місію. Давяраю ўсіх вас надзейнаму заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы сям’і, і з усяго сэрца    б л а г а с л а ў л я ю.

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Гродна, 16 верасня 2015 г.

Пастырскі ліст неабходна прачытаць замест гаміліі падчас святых Імшаў у нядзелю 20 верасня 2015 г. ва ўсіх касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію