Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прадстаўляў епіскапат Беларусі на Пленарнай Асамблеі Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, якая праходзіла на Святой Зямлі 11-16 верасня.
Удзельнікі форума знаёміліся з сітуацыяй хрысціянскай супольнасці ў рэгіёне, на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў пазначаным войнамі і канфліктамі, а таксама абмяркоўвалі выклікі, якія стаяць перад мясцовымі Касцёламі на Старым Кантыненце.
Адным з новых выклікаў для Беларусі стала міграцыя, адзначыў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё беларускі іерарх. У Беларусі ўжо шмат бежанцаў з Украіны, і Касцёл імкнецца ім дапамагаць, дадаў Мітрапаліт. Пры гэтым, па словах арцыпастыра, важна глядзець на карані праблемы, працягваць прыкладаць усе сілы, «каб супакой у брацкай Украіне запанаваў».
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч не выключыў, што бежанцы з Блізкага Усходу і Афрыкі могуць з часам з’явіцца і ў Беларусі. «Да гэтага трэба быць гатовымі. Павінна быць гатова грамадства. Павінен быць гатовы таксама і Касцёл, каб не сутыкнуцца з такой праблемай, з якой сутыкнуліся ўжо многія краіны Еўропы, асабліва Усходняй, дзе грамадства яшчэ не было падрыхтавана, каб прыняць гэтых бежанцаў і мігрантаў», — сказаў іерарх.
Таксама арцыбіскуп нагадаў, што адным з галоўных выклікаў для Касцёла ў Беларусі застаецца крызіс сям’і, вялікая колькасць разводаў і абортаў, феномен штучнага апладнення, «за якім стаяць вялікія грошы».
Мітрапаліт выказаў спадзяванне, што праца па стварэнні каталіцкай акадэміі ў Беларусі будзе працягвацца, бо краіна, у якой каля 15% насельніцтва з’яўляюцца католікамі, гэтага заслугоўвае.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|