Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі «Малітва за Беларусь» |
Іерархі |
02.10.2015 22:21 |
2 кастрычніка ў мінскім храме-помніку ў гонар Усіх святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне адбылася ўрачыстая цырымонія «Малітва за Беларусь». Каталіцкі Касцёл у Беларусі на цырымоніі прадставіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які звярнуўся падчас яе з прамовай. У мерапрыемстве прынялі ўдзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, прадстаўнікі іншых рэлігійных супольнасцяў, у тым ліку старшыня Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Муфцій Абу-Бекір Шабановіч і старшыня Іўдзейскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Грыгорый Хайтовіч, прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады, дыпламатычных місій, партый і грамадскіх аб'яднанняў. Падчас цырымоніі ў крыпце храма-помніка былі пахаваны сем капсул з зямлёй з месцаў пахавання беларускіх воінаў, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны далёка ад Радзімы. Зямля была сабрана падчас экспедыцый у сямі краінах Еўропы.
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў сваім слове адзначыў, у прыватнасці, што самае цяжкае — калі чалавек гіне далёка ад сваёй роднай зямлі. Кажучы пра пахаванне капсул у крыпце храма-помніка, кіраўнік дзяржавы заўважыў: «Мы расцэньваем гэтую духоўную падзею як сімвалічны знак, які служыць красамоўным напамінам чалавецтвy аб тым, якімі трагедыямі абарочваюцца войны для народаў». «У нашых розумах і сэрцах не павінна быць месца агрэсіі і насіллю. Нельга дапусціць новых крывавых канфліктаў. Гэтага патрабуе як гістарычная памяць, так і клопат аб дабрабыце будучыні сусветнай супольнасці», — сказаў Прэзідэнт, словы якога цытуе БЕЛТА. Прэзідэнт падзякаваў кіраўнікам рэлігійных супольнасцяў, паслам еўрапейскіх дзяржаў, лідарам грамадскіх аб’яднанняў і партый за ўдзел у акцыі і дапамогу ў яе арганізацыі. «Няма місіі больш высакароднай, чым захаванне гістарычнай памяці ў імя светлай будучыні, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Свой уклад у справу падтрымкі міру, згоды і парадку на беларускай зямлі можа ўнесці кожны. Усім нам патрэбны і стабільнасць, і дабрабыт». Таксама Прэзідэнт звярнуў увагу, што багаты досвед канструктыўных міжнацыянальных і рэлігійных адносінаў, назапашаны ў Беларусі, можа быць запатрабаваны ў сучасных умовах, калі гэтыя аспекты набылі асаблівую вастрыню ў розных кропках планеты. «Мы будзем толькі рады пашырэнню ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі ў самых розных сферах. І, у прыватнасці, у папулярызацыі гэтага ўнікальнага праекту па ўвекавечванні памяці нашых землякоў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Шанаваць памяць загінулых — справа гонару любога народа, больш за тое — беларускага».
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй прамове адзначыў, што сучасны свет «напоўнены шматлікімі праблемамі і выклікамі». У прыватнасці, сказаў арцыпастыр, «яшчэ некалькі гадоў таму ніхто з нас не мог і падумаць, што ва Украіне выбухне збройны канфлікт». «Дзякуй Богу, у выніку Мінскіх пагадненняў на ўсходзе Украіны сёння больш спакойна, хаця да завяршэння канфлікту неабходна яшчэ шмат учыніць», — дадаў іерарх. Арцыбіскуп нагадаў, што «дэвальвуецца паняцце сям’і, як Богам устаноўленага адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны», «найноўшыя дасягненні навукі выкарыстоўваюцца для маніпулявання найбольш каштоўным Божым дарам, якім з’яўляецца чалавечае жыццё». «Дзякуючы развітому дыялогу паміж рознымі веравызнаннямі, а таксама паміж імі і дзяржавай, у Беларусі няма міжканфесійных і міжрэлігійных канфліктаў. Ён таксама дапамагае ў развіцці міжнацыянальных адносін. Рэлігійныя арганізацыі ўносяць свой уклад у духоўнае абнаўленне і кансалідацыю нашага грамадства. Гэта вялікае дасягненне і патэнцыял нашай краіны», — падкрэсліў Мітрапаліт. «Хаця Касцёл не ад гэтага свету, але ён у гэтым свеце і таму клапоціцца аб ім. Мы заўсёды молімся ў інтэнцыі нашай краіны, каб яна будавала сваю будучыню на прынцыпах Евангелля і сацыяльнага вучэння Касцёла і каб у ёй панавалі мір, дабрабыт і узаемаразуменне», — сказаў арцыпастыр. Таксама Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму сям’i, адзначыўшы, што традыцыйная сям’я, як і міжканфесійны дыялог, — гэта вельмі важна, а таксама што адрозненні ў веры не павінны служыць прычынай для рознагалоссяў. «Мы няправільны бярэм крэн па асобных пытаннях развіцця нашага чалавецтва, але ўжо пачынаем разумець, што не туды ідзём, што гэта абернецца катастрофай не толькі ў пытаннях вайны і міру, але і ў маральных пытаннях», — падкрэсліў Прэзідэнт, чые словы прыводзіць БЕЛТА. (DN), (AG) Фота Аляксандры Шчыглінскай |
Фотарэпартаж |