Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскі ліст біскупа Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 90-годдзя Пінскай дыяцэзіі
Іерархі
19.10.2015 12:20

Тэкст на польскай мове>>>

Паважаныя святары,
кансэкраваныя асобы,
дарагія свецкія вернікі!

Праз некалькі дзён, 28 кастрычніка, мы ўрачыста адзначым дзевяностую гадавіну заснавання нашай Пінскай дыяцэзіі. Яна была паклікана да існавання ў 1925 г. моцай Апостальскай канстытуцыі Папы Пія ХІ «Vixdum Poloniae Unitas». Гадавіна паўстання дыяцэзіі з’яўляецца добрай нагодай для таго, каб праспяваць гімн «Цябе, Божа, праслаўляем» – гімн падзякі і праслаўлення Бога за вялікія рэчы, якія нам учыніў за гэты час (пар. Лк 1, 49). Узіраючыся ў гісторыю дыяцэзіі, трэба, як кажа Святое Пісанне ў кнізе Сіраха, з удзячнасцю ўзгадаць слаўных мужоў, якія пакаленнямі былі праслаўленыя і сталі гонарам тых часоў (пар. Сір 44, 1.7), а таксама мужоў пабожных, праведнасць якіх не забытая і спадчынаю якіх ёсць добрыя нашчадкі (Сір 44, 10).

Сёння мы ўзгадваем пастыраў Пінскага Касцёла, сярод якіх асаблівае месца належыць першаму біскупу Пінскаму Слузе Божаму Зыгмунту Лазінскаму. Узгадваем біскупаў Казіміра Букрабу, Уладзіслава Ендрушука, кардынала Казіміра Свёнтка, дапаможнага біскупа Караля Няміру, пакаленні святароў і кансэкраваных асобаў. Дзякуем за вялікую працу святароў Fidei donum, якія будавалі парафіяльныя супольнасці. Узгадваем сужэнцаў, якія ў сямейных супольнасцях будавалі хатні Касцёл, былі першымі веснікамі і сведкамі веры ў Езуса Хрыста для сваіх дзяцей. У штодзённым клопаце ім дапамагалі родныя – людзі, свядомыя свайго мінулага і хрысціянскай тоеснасці.

Мы разам дзякуем Богу за існаванне ў міжваенны перыяд Каталіцкай Акцыі, якая ўмацоўвала веру людзей. А сёння наша вера ўмацоўваецца дзякуючы плёнам катэхізацыі і рэалізацыі рашэнняў Другога Ватыканскага Сабору і Сінода Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, які адбыўся ў 1996–2000 гг. Развіццё Касцёла выявілася ў сакральным будаўніцтве, пілігрымках моладзі ў санктуарыі, дабрачыннай дзейнасці. Так, на тэрыторыі дыяцэзіі дзейнічае Дом міласэрнасці ў Лагішыне, які атуляе апекай і дае духоўную падтрымку адзінокім людзям старэйшага ўзросту, цяжка хворым і інвалідам. Да гэтага трэба дадаць актыўны ўдзел вернікаў нашых парафій ў нядзельнай святой Імшы, частае прыняцце імі святой Камуніі і адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Мы дзякуем Божаму Провіду за тое, што ў гарадах, куды пераехала вялікая колькасць вясковага насельніцтва, для вернікаў у апошнія два дзесяцігоддзі будаваліся касцёлы і ствараліся новыя парафіі. Выключна важным гэта стала для Гомельшчыны, якая пасля 1991 г. стала часткай Пінскай дыяцэзіі. Духоўнае адраджэнне ў канцы 1980-х гадоў і малітва людзей зрабілі магчымым пераадолець наступствы дэхрысціянізацыі, якая панавала ў мінулыя атэістычныя часы.

Лучнасць з Богам нараджаецца са слухання Божага слова і жыцця сакрамэнтамі, умацоўваецца ў тых сем’ях, якія з адвагай і вытрымкай выконваюць ролю хатняга Касцёла – школы веры, надзеі і любові. Адсюль вынікае ўдзел дзяцей і моладзі ў парафіяльнай катэхезе і іх удзел у міністранцкіх і моладзевых групах.

Сем’і, якія ствараюць хатні Касцёл, найчасцей з’яўляюцца крыніцай пакліканняў да Божай службы. У Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, якая таксама адзначае 90-годдзе заснавання, да святарства рыхтуюцца маладыя людзі, якія, не зважаючы на перашкоды з боку сучаснага свету, прагнуць ісці за Езусам Хрыстом.

Жывы Касцёл асаблівым чынам будуюць святары праз штодзённае служэнне ў дыяцэзіі, ахвярную працу і цярпенні, сціплае жыццё ў складаных побытавых умовах, а нярэдка і праз ахвяру свайго жыцця дзеля Евангелля. У адносна недалёкім мінулым многія святары падчас выпрабаванняў Другой сусветнай вайны і пераследу Касцёла сталі пакутнікамі за веру. Такімі былі кс. Вітальд Івіцкі, які ахвяраваў жыццё за бліжняга, кс. Ян Васілеўскі, які памёр у ссылцы ў с. Казачынскае Краснаярскага краю, кс. Вацлаў Пянткоўскі, які прайшоў праз лагеры, а пасля не пабаяўся ўзяцца за справу падрыхтоўкі новых святароў. Некаторыя духоўныя і кансэкраваныя асобы, якія маюць карані ў нашай дыяцэзіі, працуюць сёння ў іншых дыяцэзіях Беларусі, краінах блізкага і далёкага замежжа.

Вялікую ролю ў жыцці дыяцэзіі адыгрываюць свецкія вернікі, якія актыўна ўдзельнічаюць ў справе евангелізацыі, належачы да розных каталіцкіх рухаў і супольнасцяў, такіх, як ружанцовыя групы, Неакатэхуменат, Легіён Марыі, Маці ў малітве, «Сужэнскія сустрэчы», суполкі «Нотр Дам». Дзякуючы пачуццю адказнасці за будучыню Евангелля, яны нясуць святло веры туды, куды святар не заўсёды мае магчымасць дайсці. Асабліва трэба падкрэсліць клопат касцёльных камітэтаў аб будаўніцтве новых і ўтрыманні існуючых касцёлаў, якія маюць гістарычную і культурную каштоўнасць.

Належыць з удзячнасцю ўзгадаць адзінокіх людзей, удоваў і ўдаўцоў, людзей восені жыцця, якія, будучы вернымі Богу праз малітву і ахвяру цярпення, будуюць разам з усімі Містычнае Цела Хрыста – Касцёл.

Гадавіна ўтварэння дыяцэзіі – гэта нагода для радасці, выразам якой няхай будзе падзяка за вялікія Божыя справы, здзейсненыя ў паасобных парафіях на працягу мінулых дзевяноста гадоў. Гэта год ласкі Пана (Пар. Іс 61, 1-2), які няхай стане часам прабачэння грахоў, а таксама караў за грахі, часам карыстання адпустамі ў касцёле, часам паяднання паміж тымі, хто жыве ў непрыязні, часам шматлікіх навяртанняў, часам сакрамэнтальнага і пазасакрамэнтальнага пакаяння (TMA, 14).

Дарагія браты і сёстры, заахвочваю вас да таго, каб святкаванне такой важнай даты яшчэ больш паспрыяла паглыбленню еднасці з Богам і іншым чалавекам у духу любові, якая «доўгацярплівая, ласкавая, не зайздросціць, не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай» (1 Кар 13, 4-6). Такім чынам мы дадзім сведчанне, што з’яўляемся Касцёлам, людзьмі блізкімі Хрысту, пілігрымамі да Дому Айца, дзе ёсць шмат месца. Няхай у дасягненні гэтай мэты нам дапамагае супольная малітва ў сям’і і парафіях, слуханне Божага слова і сустрэча са Збаўцам у святых сакрамэнтах, асабліва Эўхарыстыі.

У 90-ю гадавіну давяраю нашу супольнасць апецы Божай Маці ў Лагішынскім, Берасцейскім і Юравіцкім абразах. Мы з надзеяй глядзім і на апекуна нашай дыяцэзіі – св. Андрэю Баболю, а таксама на благаслаўлёных, лёс якіх навекі звязаны з нашай дыяцэзіяй. Гэта бл. біскуп Юрый Матулевіч, бл. сястра Стэла і 10 яе паплечніц-мучаніц з Навагрудка, бл. ксёндз Мечыслаў Багаткевіч, бл. айцы францішкане, мучанікі Другой сусветнай вайны, Ахілес Пухала і Герман Стэмпень. Мы молімся аб хутчэйшай беатыфікацыі першага Пінскага пастыра Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, Слугі Божай сястры назарэтанкі з Навагрудка Малгажаты Банась, Слугі Божага ксяндза Аляксандра Зянкевіча.

Няхай Марыя атуляе нас сваёй мацярынскай апекай, дапамагае ўзрастаць у веры, надзеі і любові. Няхай Найсвяцейшая Маці дапаможа нам ажыццяўляць наша хрысціянскае пакліканне сярод штодзённых спраў і абавязкаў у Год Міласэрнасці, які для ўсяго Касцёла абвясціў Папа Францішак. Няхай кожны з нас, разважаючы над Евангеллем, жыве ім кожны дзень свайго жыцця.

Браты і сёстры!

Разам з дапаможным біскупам Казімірам Велікасельцам, які адказны за душпастырства ў Гомельскім рэгіёне нашай дыяцэзіі, запэўніваю, што для кожнага з вас мы штодня просім Бога аб патрэбных ласках і благаслаўленні. Няхай Божая апека ахінае моладзь, якая ў наш час вельмі моцна паддадзена розным спакусам і з’явам, яўна супрацьлеглым евангельскім ідэалам.

Дзякучы Божай ласцы і ахвярнасці многіх людзей, у тым ліку вашай, дарагія дыяцэзіяне, на працягу апошняга года ў дыяцэзіі былі пабудаваны і дэдыкаваны дзве новыя святыні. Гэта касцёл св. Яна Паўла ІІ у мікрараёне Бараўкі ў Баранавічах і касцёл св. Бэнэдыкта ў мікрараёне Лугі ў Пінску. Пры гэтым мы выражаем падзяку дзяржаўным уладам розных узроўняў за разуменне неабходнасці паглыблення духоўнасці і хрысціянскай культуры сярод жыхароў населеных пунктаў Пінскай дыяцэзіі.

Пастараемся ўзяць глыбока ў сэрцы словы св. Апостала Паўла, які заклікаў Філіпійцаў: «вядзіце жыццё, годнае Евангелля Хрыстовага» (Флп 1, 27). Такая пастава з’яўляецца не чым іншым, як выкананнем Божай волі, аб’яўленай нам Езусам Хрыстом. Мы павінны выконваць нашыя жыццёвыя заданні згодна з праўдай, заключанай у Евангеллі, з цярплівасцю і надзеяй будаваць на зямлі Валадарства Хрыста – валадарства справядлівасці, любові і спакою, аж пакуль не надыйдзе Дзень Пана.

Кожнага з вас, дарагія браты і сёстры, я запрашаю прыехаць у Пінск у дні 27-28 кастрычніка, каб прыняць удзел у святкаванні 90-годдзя Пінскай дыяцэзіі. Перадусім запрашаю на ўрачыстасць асвячэння новага касцёла ў Пінску на вуліцы Янішчыц, якое адбудзецца 27 кастрычніка а 17-й гадзіне. Таксама 28 кастрычніка пройдуць урачыстыя мерапрыемствы ў пінскім катэдральным касцёле, на якіх усіх вас мы будзем рады бачыць.

Перадаю вам сардэчныя віншаванні і з сэрца благаслаўляю: + у Імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Пінск, 7 кастрычніка 2015 г.            

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Шаноўных святароў прашу прачытаць гэты ліст на ўсіх святых Імшах у нядзелю 25 кастрычніка 2015 г. і змясціць яго на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў на ўвесь лістапад, а таксама заахвоціць вернікаў да актыўнага ўдзелу ў святочных мерапрыемствах у Пінску 27–28 кастрычніка.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію