Паведамленне біскупа Юзафа Станеўскага аб падрыхтоўцы і ўдзеле ў ХХХІ Сусветным дні моладзі ў Кракаве |
Іерархі
|
06.11.2015 20:35 |
Дарагая моладзь каталіцкіх парафій і моладзевых супольнасцяў Беларусі!
Жадаем запрасіць вас прыняць удзел у ХХХІ Сусветным дні моладзі, які адбудзецца 20-31 ліпеня ў г. Кракаў (Польшча). Сусветны дзень моладзі — гэта важная касцёльная падзея, якая ўжо традыцыйна збірае мільёны маладых людзей з усяго свету. Першыя Сусветныя дні моладзі ў Каталіцкім Касцёле пачаў св. Ян Павел ІІ, які адкрыў вялікую неабходнасць збіраць моладзь з розных краін разам.
Святы Айцец Францішак на закрыццё апошняга Сусветнага дня моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра (Бразілія) у 2013 г. запрасіў моладзь з усяго свету ў 2016 г. у Кракаў, горад святога Яна Паўла ІІ, галоўнага ініцыятара сусветных сустрэч моладзі.
Запрашаем вас уключыцца ў духоўную і арганізацыйную падрыхтоўку да Сусветнага дня моладзі ў Кракаве ў сваіх парафіях і супольнасцях. У межах падрыхтоўкі сярод моладзі кожнай дыяцэзіі запланаваны перэгрынацыя мініяцюр сімвалаў СДМ — крыжа і абраза Маці Божай, правядзенне дыяцэзіяльных сустрэч на тэму СДМ у Кракаве, спецыяльныя сустрэчы і катэхезы.
Запрашаем вас актыўна далучыцца да падрыхтоўкі і рэгістрацыі ўдзелу разам са святарамі, адказнымі за моладзь у кожнай дыяцэзіі, дэканатах і парафіях. Падрабязную інфармацыю аб падрыхтоўцы і ўдзеле можна атрымаць у сваіх душпастыраў і парафіяльных святароў.
На плённую падрыхтоўку і ўдзел у ХХХІ СДМ у Кракаве святароў, законных сясцёр і моладзь з усяго сэрца благаслаўляю Біскуп Юзаф Станеўскі Адказны па справах моладзі пры ККББ
Прашу аб прачытанні гэтага паведамлення ва ўсіх касцёлах Беларусі падчас парафіяльных аб’яў у нядзелю пасля атрымання гэтага паведамлення. Таксама вельмі прашу заахвоціць моладзь і арганізаваць неабходную падрыхтоўку да СДМ у Кракаве.
|