Старшыня ККББ выказаў спачуванні Паслу Францыі ў Беларусі і французскаму народу ў сувязі з тэрактамі ў Парыжы |
Іерархі
|
16.11.2015 18:01 |
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказаў спачуванні Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Французскай Рэспублiкi ў Беларусi спадарыні Дамінік Газюі і ў яе асобе ўсяму народу Францыі ў сувязі з серыяй тэрарыстычных актаў, якія адбыліся ў Парыжы.
«Знаходзячыся з пастырскiм вiзiтам у Лiтве, з глыбокім болем у сэрцы
ўспрыняў сумную вестку аб тэрарыстычных актах у Парыжы, якія мелі месца
13 лiстапада гг. і ў вынiку якiх загiнула больш за 130 нявiнных чалавек i
каля 350 паранена. Гэтае злачынства выклікала асуджэнне ва ўсiм свеце i
зрабіла сусветнае грамадства яшчэ больш салiдарным у барацьбе з
тэрарызмам», – адзначыў у сваім пасланні Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
«У гэты час цяжкага выпрабавання ад iмя Каталiцкага Касцёла ў Беларусi выказваю Вам i ў Вашай асобе ўсяму французскаму народу свае самыя глыбокiя спачуваннi. Католiкi нашай краiны раздзяляюць яго боль i моляцца аб вечным супакоi для загiнулых, хутчэйшым выздараўленнi для параненых, суцяшэннi блiзкiх ахвяр тэрарыстычных актаў, а таксама аб мiры ў Вашай Бацькаўшчыне i ва ўсiм свеце», – напісаў іерарх.
«Няхай добры Бог сцеражэ ад усялякага зла вельмi блiзкую Беларусi Францыю. Няхай дасць разуменне тым, хто чыніць зло, што насiлле нiколi не вядзе да вырашэння праблем i не нясе шчасця. Няхай дасць новую надзею на мiрнае жыццё людзей розных культур, нацынальнасцяў i веравызнанняў», – пажадаў старшыня ККББ. (AG)
|