1 снежня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у адкрыцці міжнароднай канферэнцыі «70-годдзе ААН. Ініцыятывы Казахстана і Беларусі, накіраваныя на ўмацаванне міру і бяспекі». Канферэнцыя адкрылася ў зале пасяджэнняў Выканаўчага камітэту СНД у Мінску.
Арцыпастыр звярнуўся да ўдзельнікаў канферэнцыі з прывітальным словам.
Іерарх нагадаў, што Беларуcь была адной з заснавальніц ААН, створанай пасля ІІ Сусветнай вайны «перш за ўсё з мэтай устанаўлення і абароны міру».
Па словах Мітрапаліта, 70-годдзе існавання ААН паказала «яе жыццядзейнасць і неабходнасць». Голас Каталіцкага Касцёла, дадаў арцыбіскуп, таксама гучыць на трыбуне ААН. «А гэты голас у сферы захавання і ўмацавання міру і бяспекі вельмі ясны, - заўважыў арцыпастыр. – А менавіта, насілле не перамагаецца насіллем. Усе спрэчныя пытанні неабходна вырашаць дыпламатычным шляхам за сталом перамоваў (…). Касцёл і яго лідары прымаюць актыўны ўдзел у вырашэнні ваенных канфліктаў».
Нагадваючы пра намаганні па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу, Мітрапаліт падкрэсліў, што «мірная ініцыятыва Беларусі па ўрэгуляванні гэтага канфлікту знайшла сваё прызнанне ва ўсім свеце», і дзякуючы Мінскім пагадненням «на ўсходзе Украіны ўстанавіўся хаця і крохкі, але, тым не менш, мір». Рэгулярныя сустрэчы па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне, дадаў іерарх, працягваюцца – «такім чынам сталіца Беларусі стала пляцоўкай міру».
Арцыбіскуп адзначыў, што Каталіцкі Касцёл моліцца аб поспеху міратворчай місіі Мінска па вырашэнні канфлікту ва Украіне, а каталіцкае дабрачыннае таварыства «Карытас» дапамагае бежанцам з Украіны. Мітрапаліт звярнуў увагу на тое, што значным з’яўляецца ўклад Казахстана «як у вырашэнні крызісу ва Украіне, так і ва ўстанаўленні міру на нашай планеце». Велізарнае значэнне, па словах іерарха, мае З’езд лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій, які з 2003 г. праводзіцца ў Астане.
Мітрапаліт дадаў, што як Беларусь, так і Казахстан «могуць ганарыцца добрымі і канструктыўнымі адносінамі паміж рознымі веравызнаннямі», што «адыгрывае пазітыўную ролю ў жыцці нашых краін і трансфармуецца на сусветную супольнасць». Такім чынам, гэтыя краіны і веравызнанні, якія дзейнічаюць на іх тэрыторыі, «спрыяюць умацаванню міру і бяспекі на нашай планеце». (AG)
|