Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана наведаў дзве гродзенскія парафіі |
Іерархі |
07.01.2016 00:42 |
6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, арцыбіскуп маліўся разам з жыхарамі Гродна. Апоўдні іерарх узначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя. На пачатку Імшы шаноўнага госця прывітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які адзначыў, што Мітрапаліт нарадзіўся на гродзенскай зямлі, у 1988-1989 гг. быў пробашчам парафій Маці Божай Анёльскай (былы францішканскі касцёл) і Св. Францішка Ксаверыя (катэдра). Біскуп дадаў, што для жыхароў горада сустрэча з Мітрапалітам Кандрусевічам — заўсёды вялікая і вельмі важная падзея. У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што гродзенскі катэдральны касцёл мае вельмі багатую гісторыю. Фарны касцёл у гады яго маладосцi быў без святара, але вера людзей i намаганнi ўтрымаць касцёл i бараніць яго былi для будучага іерарха вялiкім урокам i моцна паўплывалi на яго фармацыю. Мітрапаліт заклiкаў вернiкаў не забывацца гэтай гераiчнай гiсторыi парафii i быць свeдкамi Хрыста ў наш час. «Няхай жа сённяшняе свята ўспрымаецца намі як не толькі вядомае прыгожымі традыцыямі, але і стане перадусім святам закліку прачнуцца і следаваць за Бэтлеемскай зоркай, якая свеціць у цемры секулярнага свету, каб адшукаць дарогу да Збаўцы», — пажадаў Мітрапаліт.
Вечарам таго ж дня Мітрапаліт узначаліў святую Імшу ў гродзенскай парафіi Маці Божай Анёльскай, дзе пэўны час быў пробашчам. Падчас Эўхарыстыі іерарх сказаў, што яго жыццё было цесна звязана з гэтай парафiяй. «Калi я быў малы, то моцна хварэў i з мамай быў у шпiталi ў былым францішканскiм кляштары. Мама прынесла мяне і паклала на алтар Маці Божай, сказаўшы: “Ён такi хворы, Ты, Марыя, апякуйся iм, бо ўрачы нiчога не могуць зрабіць”. I я ачуняў. Заўсёды ўдзячны маме i Марыi», — прызнаўся арцыпастыр. Арцыбіскуп пажадаў вернiкам гэтай парафіяльнай супольнасці даверыцца Марыi i святому Антонiю, каб заставацца сапраўднымi хрысцiянамi i свeдкамi Хрыста, якiмi былi Тры Каралi. |
Фотарэпартаж |