14 студзеня ў Інстытуце тэалогіі БДУ прайшоў калядны вечар Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мятода і Кірыла». У ім прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Падчас каляднага вечара былі ўручаны прэміі «Хрысціянскія традыцыі ў культуры і адукацыі». Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, звяртаючыся да прысутных, павіншаваў іх з Божым Нараджэннем. Іерарх нагадаў пра задачу Інстытута тэалогіі, якая, па яго словах, заключаецца ў выхаванні моладзі ў духу любові да Бога, што выяўляецца ў любові да бліжняга.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да Патрыяршага Экзарха, арганізатараў вечара і ўсіх прысутных, адзначыў, што больш за 20 стагоддзяў таму Бэтлеемская зорка прывяла да народжанага Збаўцы пастухоў і Трох Каралёў і «пакаленне за пакаленнем вядзе людзей, якія знаходзяцца ў бушуючым акіяне кожнай эпохі, да Хрыста».
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што асноўнай задачай Касцёла ў сённяшні час, «калі сучасны чалавек усё часцей адыходзіць ад Бога і замест маральных каштоўнасцяў выбірае антыкаштоўнасці», з’яўляецца новая евангелізацыя.
«Таму сёння Касцёл клапоціцца аб тым, каб, рыхтуючы святароў, рыхтаваць таксама і свецкіх спецыялістаў», — сказаў іерарх, дадаўшы, што гэтым якраз і займаецца Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мятода і Кірыла.
Мітрапаліт звярнуў увагу, што, выконваючы гэтую місію, Касцёл таксама ўносіць у сучасную культуру, падвержаную ўплыву секулярызму, хрысціянскія каштоўнасці, што «асабліва важна ў гэтым годзе, які з’яўляецца Годам культуры ў Беларусі».
Арцыпастыр ад імя Рыма-Каталіцкага Касцёла пажадаў Мітрапаліту Паўлу і Хрысціянскаму адукацыйнаму цэнтру «і далей несці святло Бэтлеемскай зоркі, якая, нягледзячы на вельмі небяспечныя выклікі нашага часу, будзе весці людзей да Хрыста і адухаўляць культуру, каб яна садзейнічала распаўсюджванню і ўмацаванню хрысціянскіх каштоўнасцяў у нашай Айчыне».
Удзельнікам каляднага вечара быў прадстаўлены таксама невялікі канцэрт.
(AG) Фота афіцыйнага партала Беларускай Праваслаўнай Царквы
|