«Малітва, якой мы карыстаемся падчас экуменічнага набажэнства сёння,
была падрыхтавана хрысціянамі Латвіі, гэта яны распрацавалі план
малітваў на кожны дзень Тыдня аб еднасці хрысціян», — адзначыў
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 23 студзеня
падчас экуменічнага набажэнства ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
Каталіцкі іерарх назваў вельмі сімвалічным той факт, што малітва да экуменічнага набажэнства была распрацавана ў былой савецкай рэспубліцы.
«Мы ўдзячныя хрысціянам Латвіі за падрыхтоўку гэтай малітвы, — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Мару, каб і мы, беларусы, падрыхтавалі калі-небудзь малітву, якой будуць карыстацца хрысціяне ў Еўропе, Азіі, Амерыцы, Акіяніі...» Паводле слоў Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, Латвія яшчэ ў савецкі час была асаблівым месцам для хрысціян: «У 1980-х у Рызе была заснавана міжхрысціянская супольнасць "Экуменэ", членам якой падчас яе заснавання быў і сённяшні Мітрапаліт Рыжскі арцыбіскуп Збігнеў Станкевіч», — дадаў Апостальскі візітатар. «Усё гэта сведчыць пра асаблівы ўклад гэтай краіны ў развіццё экуменізму», — заключыў архімандрыт. 
Ілья Лапато, фота Віталія Палінеўскага
|