30 студзеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у сустрэчы Лiгi каталiцкiх жанчын дыяцэзii Мiдлсбург у г. Ёрк (Вялікабрытанія).
Лiга ў гэтым годзе адзначае 60-годдзе свайго заснавання. Яна складаецца з прыкладна 40 жанчын, мае свайго прэзiдэнта i iншыя кiраўнiчыя органы. Сустрэчы Лігі праходзяць пяць разоў у год, у іх прымае ўдзел прызначаны бiскупам капелан. Галоўнымі задачамі Лiгi з’яўляюцца падкрэслiванне ролі жанчыны ў жыццi Касцёла, супольныя сустрэчы, малiтва, рэкалекцыi, дабрачыннасць, распаўсюджванне Евангелля i хрысцiянскiх каштоўнасцяў у грамадстве, а таксама арганiзацыя пiлiгрымак.
Сустрэча пачалася святой Iмшой у касцёле Божай Мацi, якую ўзначалiў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. У гамiлii беларускі арцыпастыр звярнуў увагу прысутных на ролю Панны Марыi ў гiсторыi збаўлення. Па словах іерарха, практычную рэалiзацыю плану збаўнення Бог уклаў у Яе рукi, бо ад Яе згоды залежала прыйсце Збаўцы ў свет. Таму Марыя з Яе «так» Богу – прыклад для ўсiх людзей, асаблiва жанчын, якiя ў наш час павiнны сказаць «так» жыццю, дадаў іерарх.
Таксама Мітрапаліт засяродзiў увагу ўдзельнiкаў Эўхарыстыi на чытанні Евангелля на суботу III Звычайнага тыдня, якое распавядае пра пераправу апосталаў праз возера падчас буры. Арцыбіскуп адзначыў, што Езус па просьбе апосталаў суцiшыў буру, заклiкаў iх не баяцца, бо Ён з iмi, але адначасова Ён прыгадаў iм, што яны малой веры.
Іерарх звярнуў увагу прысутных, што гэты евангельскi аповед вядзе да наступных трох высноваў.
Першая, па словах арцыпастыра, у тым, што «наша жыццё – гэта пераправа з аднаго берага жыцця на другi», падчас якой на моры нашага жыцця часта здараюцца буры, крызiсы, у тым лiку духоўныя, і гэта «не што iншае, як выклiкi, на якiя неабходна адказаць».
Другая выснова, адзначыў Мітрапаліт, у тым, што «падчас гэтай пераправы мы не адны, з намi Хрыстус, якi не спiць, а чувае, каб нам дапамагчы».
Трэцяя выснова, як сказаў іерарх, – «не трэба думаць, што мы самі можам вырашыць нашы праблемы: нам неабходна прасiць Хрыста дапамагчы», бо «нездарма Ён кажа, што без Яго мы нiчога не зможам зрабiць».
Пасля абеду адбылося пасяджэнне Лiгi. Яно пачалося малiтвай у iнтэнцыях самой Лiгi, паклiканняў да святарства i кансэкраванага жыцця, а таксама за маці, якія чакаюць нараджэння дзяцей.
Падчас сустрэчы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч па просьбе яе ўдзельнiкаў прадставiў сiтуацыю Касцёла ў Беларусi падчас ганенняў i ў цяперашні час. Пры гэтым арцыпастыр падкрэсліў, што ў тыя цяжкiя часы вера захавалася i была перададзена маладым пакаленням, дзякуючы старэйшаму пакаленню i сем’ям, моцным верай. Таксама беларускі іерарх адказаў на шматлiкiя пытаннi, у якiх жанчыны выказвалi сваю занепакоенасць распаўсюджваннем секулярызму i адыходу ад веры.
(DN), (AG)
|