Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскі ліст біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на Вялікі пост у Год Міласэрнасці-2016
Іерархі
04.02.2016 13:41

Тэкст на польскай мове>>>

«Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36)

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Так нядаўна, на парозе Адвэнту, я звяртаўся да вас з думкамі, якія ўводзілі нас у Год Міласэрнасці, а адначасова ў перажыванне радаснага чакання прыйсця Збаўцы і ўваход у таямніцу Божага Нараджэння.

Цяпер мы ўжо распачынаем Вялікі пост і перажыванне найвялікшых таямніц, звязаных з падзеямі Вялікага тыдня – Святога Пасхальнага Трыдууму і Вялікадня. Адначасова трываем у рытме святога Года Міласэрнасці, выражанага заклікам «Будзьце міласэрнымі, як міласэрны Айцец ваш Нябесны». Папа Францішак у Пасланні да моладзі на Год Міласэрнасці тлумачыць, як станавіцца міласэрнымі, прыпадабняючыся да Айца: «Быць усё больш міласэрнымі – гэта значыць вучыцца быць мужнымі ў канрэтнай і бескарыслівай любові, гэта значыць станавіцца вялікімі адчасова знешне, як і ўнутрана. Старайцеся, каб станавіцца хрысціянамі, здольнымі прымаць адважныя рашэнні і дзеянні, здольнымі, каб штодзённа будаваць, нават у малых справах, свет супакою».

За такі кароткі час нам неабходна прайсці шлях ад стаенкі да Галготы. Трэба прайсці дарогу ад дзіцячага погляду на стаенку да дарослага погляду хрысціяніна на рэчаіснасць цярпенняў і смерці, гэта значыць Мукі і Укрыжавання Збаўцы. Усё гэта ў кантэксце поўнай надзеі праўды аб уваскрасенні Езуса Хрыста. Менавіта крыж і хвіліны перажытыя з Адкупіцелем на Галгоце, найпаўней раскрываюць нам міласэрнасць Бога. Каб мы маглі зразумець гэтую міласэрнасць і каб яна сталася для нас вобразам праўды пра Бога, якую найлепей акрэсліў святы Ян у словах «Бог ёсць Любоў», нам неабходна сустрэцца з ужо дарослым Хрыстом, які аздараўляе, уваскрашае, а перадусім абвяшчае Евангелле. Як жа часта наш позірк затрымліваецца на малым Дзіцятку Езусе, якое хоць і прыгожае, як кожнае малое дзіця, але, застаючыся ў стаенцы, яно не стала б крыніцай надзеі для свету, для сучаснага чалавека і Кімсьці, хто мог бы адказаць на ўсе пытанні і дылемы, які ставіць перад намі жыццё. Хрыстус, як кажа Евангелле, узрастаў, сталеў таксама ў чалавечым значэнні пад клапатлівым вокам Марыі і Юзафа ў цішыні Назарэта. Ён дарастаў да таго, каб узяць Келіх, які Яму падрыхтаваў Айцец. Гэтым Келіхам было неразуменне, цярпенні, урэшце Мука і Смерць. Як жа кантрастуе гэтая рэчаіснасць з казачным вобразам стаенкі!

У кантэксце Вялікага посту прапаную, каб мы задумаліся над пытаннем, якое можа быць у нейкай ступені ўводзінамі да шляху дарослага погляду на Бога. Гэта пытанне аб нашым вобразе Бога. Паспрабуйма адказаць на яго ў кантэксце справядлівасці і міласэрнасці. Бог, у якога верым – гэта Справядлівы Суддзя ці Міласэрны Айцец? Даўнейшая катэхеза засяроджвала ўвагу на справядлівасці. Бог паўставаў тады як той, хто гатовы караць чалавека справядлівай рукою. Як жа часта пры такім разуменні чалавечымі дзеяннямі кіраваў страх перад Божай карай. У нашы дні ўвага канцэнтруецца на Міласэрнасці, якую разумеем як дзеянні Бога, скіраваныя на адпушчэнне грахоў, прабачэнне і заклік да пастаяннага навяртання. Сёння нам неабходна злучыць гэтыя два вобразы. Пан Бог – гэта найдасканалейшая Справядлівасць, і гэтай Справядлівасці нам трэба вучыцца, ёю трэба захапляцца. Не можам яе баяцца. Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса ў сваім даверы да Бога пераконвае, што Яго нельга баяцца: «Не магу баяцца Бога, які для мяне стаў такі малы... Люблю Яго!... Бо Ён увесь – Любоў і Міласэрнасць». Як жа гэтая справядлівасць адрозніваецца да той, з якою мы часта сустракаемся ў свеце і сярод людзей, што імкнуцца вырашаць разнастайныя праблемы. Як у такім кантэксце разумець міласэрнасць? Перадусім так, што Бог не зацікаўлены ў тым, каб нас караць.

Прыгожа гэту праўду раскрывае нам евангельская прыпавесць пра садоўніка, які хацеў пазбавіцца ад бясплоднага дрэва ў садзе, і пра гаспадара, які заклікае праявіць намаганне і даць яшчэ адзін шанец, каб дрэва аднавілася і прынесла плён. Дапаўняе гэты вобраз прыпавесць пра міласэрнага самараніна, якая на самой справе з’яўляецца прыпавесцю пра Міласэрнага Айца. Бог цярплівы і чакае навяртання чалавека. Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса, якая спазнала Божую любоў, сцвярджае: «Ёсць душы, якіх Бог у сваёй міласэрнасці можа доўга чакаць, якіх надзяляе сваім святлом паступова». А святы Рафал Каліноўскі, сведчачы пра любоў Бога ў сваім жыцці, вызнае: «Бог у сваёй міласэрнасці ўзняў мяне са стану нявер’я менавіта тады, калі неўзабаве павінен быў надысці час выпрабаванняў і цярпенняў, якія без веры становяцца шляхам падзення, або, што яшчэ горш, пыхі і абвінавачванняў у бок Провіду. Сёння, сагрэты рэлігійным пачуццём, у цярпенні я бачу пакаянне за мінулае, спакойна гляджу на рэчаіснасць і ў светлай будучыні сузіраю надзею для сябе ў кожнай сітуацыі, у якой Божаму Провіду спадабаецца мяне выпрабаваць».

Як бачыце, нам неабходны дарослы погляд на Божае Аб’яўленне, змешчанае на старонках Святога Пісання і перададзенае Традыцыяй Касцёла. Такім чынам нам неабходна распазнаць прадстаўлены ў гэтым Аб’яўленні вобраз Бога. Не баяцца, прыняць Бога такім, які Ён ёсць: міласэрны і справядлівы. Хіба што гэта меў на думцы святы Ян Павел ІІ, які ўсцяж паўтараў словы: «Не бойцеся». Ён заклікаў нас прыняць дарослага Збаўцу, які дае нам рэцэпт на жыццё і дапамагае зразумець сэнс цярпення, смерці і крыжа, з якім нам шттодзённа прыходзіцца сустракацца. Святы Папа, нібыта прарок, звяртаецца да нас са словамі: «Нішто так не патрэбна чалавеку, як Божая Міласэрнасць – любоў ласкавая, спагадлівая, якая ўзносіць чалавека па-над яго слабасцямі да бясконцых вышыняў святасці Бога».

Умілаваныя браты і сёстры! Звяртаюся да вас з гэтымі словамі, жадаючы вам заглыбіцца ў таямніцу, якую нясе час Вялікага посту. У папярэднім пасланні я імкнуўся паказаць вам асобу і дзейнасць Святога Айца Францішка менавіта як весніка і ўзор міласэрнасці чалавека, натхнёнага Богам. У гэтым лісце хачу той вобраз дапоўніць. Запрашаю вас углядацца ў Папу, які жадае быць асабліва блізкім да людзей, церпячых у самых розных формах. Гэта Папа, які нават шукае такіх людзей і імкнецца сустракацца з імі, не зважаючы на цырымоніі і пратаколы. Ён становіцца заўсёды на бок церпячых, нагадваючы тым, хто можа, аб неабходнасці дапамагаць ім. Як жа часта словы Францішка становяцца дакорам для багатага свету, які ўсё менш разумее убоства і цярпенне, жывучы ў дастатку. Як жа сугучна гэта з пасланнем Збаўцы, наступнікам якога на зямлі з’яўляецца Папа.

«Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны». У Вялікі пост няхай гэтыя словы стануцца заахвочваннем не толькі для нашых думак, але і для дзеянняў. Асаблівай нагодай да здзяйснення міласэрнасці няхай будуць канкрэтныя ўчынкі міласэрнасці адносна цела і душы бліжняга. Малюся аб гэтым для сябе і для вас. І на гэтую справу з сэрца вас благаслаўляю.

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі                 
 
Пінск, 3 лютага 2016 г.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію