Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча на першую нядзелю Вялікага посту 2016 года
Іерархі
09.02.2016 10:03

Тэкст на польскай мове>>>

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!

У Папяльцовую сераду мы распачалі ўжо чарговы ў нашым жыцці літургічны перыяд Вялікага посту. Калі мы ў пакоры схілялі галовы, каб прыняць знак попелу, то пачулі словы Святога Пісання, сказаныя святаром: «Ты прах і ў прах вернешся» (Быц 3, 19), або: «Кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15). Гэты багаты па сваёй сутнасці абрад нагадаў нам пра нашу чалавечую слабасць, крохкасць і прамінальнасць, дапамог усвядоміць, колькі яшчэ ў нас беззаконня і якая вялікая духоўная праца нас чакае, а найперш скіраваў наш позірк да ўваскрасення і вечнасці. Вялікі пост жа з’яўляецца саракадзённай духоўнай падрыхтоўкай да святкавання найвялікшай хрысціянскай урачыстасці і найбольшай падзеі ў гісторыі чалавецтва — Уваскрасення Пана.

Сёння ў другім літургічным чытанні мы пачулі словы св. Паўла: «Калі […] вуснамі сваімі будзеш вызнаваць, што Езус ёсць Панам, і ў сэрцы сваім верыць, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, будзеш збаўлены. Бо сэрцам вераць для апраўдання, а вуснамі вызнаюць для збаўлення» (Рым 10, 9-10). Гэтыя словы Апостала народаў з’яўляюцца заахвочваннем да таго, каб паверыць і даверыцца Езусу Хрысту, які наш адзіны Пан і Збаўца. Толькі Ён хоча і можа даць нам сапраўднае шчасце і радасць. Толькі ў Ім мы спазнаем Божую любоў. Толькі праз веру ў Хрыста Уваскрослага можам дасягнуць збаўлення.

Вялікі пост — гэта час ласкі, падораны нам Богам, каб мы, углядаючыся ў крыж Езуса Хрыста, нашага Збаўцы, разважаючы над Яго Мукай, Смерцю і Уваскрасеннем, нанова адкрывалі для сябе праўду аб бясконцай Божай міласэрнасці. У Пасхальнай Таямніцы ж Божая міласэрнасць аб’явілася і ажыццявілася найбольш дасканалым чынам, бо «Хрыстус памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі» (Рым 5, 8).

І хоць дзякуючы Уваскрасенню Хрыста «мы збаўленыя праз надзею» (Рым 8, 24), наша зямное жыццё пазначана пастаяннай барацьбой з сіламі цемры, зла і граху. На рэчаіснасць гэтай духоўнай барацьбы паказвае нам сённяшняе Евангелле. Пан Езус накіроўваецца ў пустыню, каб паказаць нам, што спакусы непазбежныя. Спакушаны былі першыя бацькі, спакушаны быў Выбраны народ у пустыні, спакушаны быў Езус, спакушаны будуць і Яго вызнаўцы. Спакуса не з’яўляецца грахом, але выпрабаваннем для нашага характару і пацвярджэннем нашай вернасці Пану Богу. Спакуса — гэта сітуацыя, у якой мы вымушаны здзейсніць выбар паміж тым, каб слухаць Пана Бога і спаўняць Яго волю, і тым, каб чыніць тое, што падказвае нам шатан.

Кожны дзень мы перажываем тыя самыя спакусы, якія перажываў Езус, знаходзячыся ў пустыні.

«Скажы гэтаму каменю, каб ён стаў хлебам» (Лк 4, 3) — гэта спакуса набывання, валодання і памнажэння пераменлівых дабротаў гэтага свету любым коштам; спакуса скіроўвання нашых думак і жаданняў на заспакаенне матэрыяльных патрэбаў; спакуса адсутнасці даверу Нябеснаму Айцу, які ведае, у чым мы маем патрэбу. У адказе Пан Езус не забараняе клопат аб матэрыяльных дабротах, але нагадвае, што не яны з’яўляюцца найважнейшымі. Чалавек мае патрэбу ў пасілку для цела, але яшчэ больш — у пасілку духоўным, якім з’яўляецца Божае слова.

«Калі Ты паклонішся мне, усё будзе Тваім» (Лк 4, 7) — гэта спакуса ідалапаклонства, ці аддавання пашаны «стварэнню» замест Стварыцеля; спакуса набыцця як мага большай улады над іншымі і быцця вялікім; спакуса дасягнуць уласных мэтаў і карысці, выкарыстоўваючы д’ябальскія метады дзеяння, такія, як хлусня, ашуканства, падман. Пан Езус рашуча адхіляе гэтую спакусу: «Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць» (Лк 4, 8; пар. Дрг 6, 13).

«Калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз» (Лк 4, 9) — гэта спакуса выпрабоўвання Бога, ці недахопу веры; спакуса навязвання Богу ўласнай волі, каб мець Яго на сваіх паслугах; спакуса падпарадкавання сабе Бога для дасягнення ўласных мэтаў. Пан Езус паводзіць сябе адваротным чынам. Ён не патрабуе ад Айца Нябеснага цудоўнага захавання свайго жыцця ці часовай узнагароды. Езус давярае Богу бязмежна, не чакаючы нічога ўзамен.

У сённяшнім Евангеллі Езус паказвае каварнае дзеянне шатана і вучыць нас, як атрымаць над ім перамогу. Кажучы рашучае «не» падманлівым прапановам спакушальніка, Езус даказвае, што з’яўляецца сапраўды Сынам Божым, цалкам паслухмяным любячаму Айцу.

У Вялікі пост нам трэба зрабіць уніклівы рахунак сумлення і спытаць у сябе: ці стараемся мы наследаваць Хрыста ў Яго вернасці Богу Айцу і паслухмянасці Яго Слову? Ці стараемся зрабіць Божае слова «жывым і дзейсным» (пар. Гбр 4, 12), гэта значыць «перакласці» яго на рэчаіснасць нашага канкрэтнага жыцця?

У кантэксце Года Міласэрнасці, які трывае ў Касцёле, паставім сабе пытанне: ці памятаем, што мы не толькі спазнаем і адчуваем Божую міласэрнасць, але што таксама пакліканы да таго, каб самім чыніць міласэрнасць іншым? Ці памятаем словы Хрыста: «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць» (Мц 5, 7)?

Святы Айцец Францішак піша: «Я горача жадаю, каб хрысціяне задумаліся падчас Юбілею над учынкамі міласэрнасці адносна цела і адносна душы. Гэта стане нагодай абудзіць нашае сумленне […] Прапаведаванне Езуса прадстаўляе гэтыя ўчынкі міласэрнасці, каб мы маглі пазнаць, ці мы жывём як Яго вучні, ці не. Адкрыем нанова ўчынкі міласэрнасці адносна цела: накарміць галодных, напаіць сасмаглых, адзець нагіх, прыняць у дом падарожных, адведаць хворых, суцешыць вязняў, пахаваць памерлых. Не будзем забываць таксама пра ўчынкі міласэрнасці адносна душы: раіць тым, хто сумняваецца, вучыць тых, хто не ведае, настаўляць грэшнікаў, суцяшаць засмучаных, дараваць ахвотна крыўду, зносіць цярпліва знявагу, маліцца за жывых і памерлых. Мы не можам уцячы ад слоў Пана, і паводле іх мы будзем асуджаны» (Misericordiae Vultus, 15).

Дарагія браты і сёстры! Глыбока перакананы, што ў Вялікі пост кожны з нас будзе мець нямала нагодаў, каб аказаць міласэрнасць бліжнім. Безумоўна, вакол нас ёсць людзі, якія чакаюць таго, каб іх лёсам зацікавіліся, тыя, якія маюць патрэбу ў нашым спачуванні і любові, дапамозе духоўнай або матэрыяльнай. Трэба, каб мы мелі вочы, здольныя ўбачыць іх патрэбы. Каб пачулі іх просьбу аб дапамозе. Каб нашы сэрцы, вызваленыя ад эгаізму і абыякавасці, былі адкрытыя і вялікія, поўныя чалавечай дабрыні і хрысціянскай любові.

Няхай Вялікі пост, які распачынаецца, будзе для кожнага з нас часам сапраўднага навяртання і перамены жыцця. Няхай асабістая малітва, удзел у Эўхарыстыі і ўважлівае слуханне Божага слова дапамогуць нам аднавіць і паглыбіць веру і любоў да Хрыста, а прыступанне да сакрамэнту пакаяння і паяднання дазволіць спазнаць бясконцую Божую міласэрнасць. Няхай удзел у традыцыйных велікапосных набажэнствах Крыжовага шляху і Песняў жальбы дапаможа нам нанова адкрываць Божую любоў у таямніцы Хрыстовага Крыжа.

Жадаючы плённага перажывання перыяду Вялікага посту і добрай падрыхтоўкі да святаў Уваскрасення Пана, давяраю кожнага з вас апецы Марыі, Маці Міласэрнасці, і ўсіх з сэрца

б л а г а с л а ў л я ю.

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Гродна, 8 лютага 2016 г.

Шаноўным пробашчам і адміністратарам Гродзенскай дыяцэзіі: трэба прачытаць Пастырскі ліст у I нядзелю Вялікага посту ў касцёлах і капліцах дыяцэзіі замест казання падчас усіх святых Імшаў. 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію