Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пра падрыхтоўку семінарыстаў: «Мы рыхтуемся да зменаў» |
Іерархі |
11.02.2016 16:57 |
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у інтэрв’ю інтэрнэт-сайту «Каталіцкі веснік» распавёў пра змены, якія плануецца ўвесці ў падрыхтоўцы навучэнцаў беларускіх семінарый. Паводле слоў іерарха, ужо ў наступным навучальным годзе плануецца ўвядзенне прапедэўтычнага года. Таксама, як адзначыў арцыпастыр, чакаецца, што такія дысцыпліны, як філасофія і тэалогія, будуць выкладацца ў розных семінарыях Беларусі.
«Мы рыхтуемся да зменаў. З восені плануецца ўвесці прапедэўтычны год навучання. Так ёсць ва ўсім свеце». Такім чынам, тэрмін навучання ў семінарыі з увядзеннем прапедэўтычнага года будзе складаць сем гадоў. Прыводзячы прыклад Літвы, арцыбіскуп распавёў, што там, нягледзячы на тры духоўныя семінарыі ў краіне, кандыдаты ў духоўную семінарыю праходзяць прапедэўтычны курс у Вільнюскай духоўнай семінарыі.
«Таксама плануецца, што беларускія семінарысты будуць вывучаць філасофію ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, а тэалогію — у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Але да ўсяго гэтага неабходна адпаведным чынам падрыхтавацца, — адзначыў іерарх. — Неабходна падрыхтаваць праграму і знайсці адпаведных выкладчыкаў». Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч дадаў, што на сёння існуе недахоп высокакваліфікаваных кадраў: «У Беларусі ўсё яшчэ існуе праблема высокакваліфікаваных выкладчыкаў і выхавацеляў. Працэсы глабалізацыі адбываюцца і ў Касцёле. Прысутнасць замежных святароў ва ўсім свеце лічыцца ўзбагачэннем Касцёла. Так, як і ў эканоміцы, у Касцёле павінны быць розныя сувязі». Закранаючы тэму пакліканняў, Мітрапаліт зазначыў, што 19 семінарыстаў з Беларусі, якія прыйшлі ў дыяцэзіяльныя і манаскія семінарыі ў мінулым годзе, на паўтара мільёна католікаў у Беларусі — добры еўрапейскі рэйтынг. (IL) |