12 лютага разам ca святарамі і шматлікімі вернікамі ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі згодна з заклікам Папы Францішка маліўся ў інтэнцыі сустрэчы Пантыфіка з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, запланаванай 12 лютага ў Гаване на Кубе.
Іерарх узначаліў Імшу ў інтэнцыі плённай сустрэчы Папы і Патрыярха.
У гаміліі біскуп адзначыў выключнасць гэтай падзеі, да якой рыхтавалася не адно пакаленне вернікаў. «Наш народ і наша пакаленне заслужылі перад Панам такую ўзнагароду за жыццё ў міры і згодзе на нашай беларускай зямлі вернікаў каталіцкага і праваслаўнага вызнанняў, — сказаў іерарх. — Нам патрэбна гэтая сустрэча, каб паказаць сучаснаму свету, які ідзе дарогай падзелу, што на пачатку так не было».
«Сёння мы хочам запрасіць усіх хрысціян да архісвятарскай малітвы Езуса Хрыста: Пане, учыні, каб усе былі адно», — дадаў біскуп.
Таксама іерарх адзначыў, што, калі «браты сустракаюцца, яны гавораць сэрцам». «Сёння мы за вучнямі праз тысячагоддзі просім Пана: навучы нас правільна маліцца і разумець», — сказаў біскуп.
Іерарх заахвоціў удзельнікаў Імшы разам прасіць Бога: «Учыні нас вучнямі на дарозе да Эмаўса, якія крочылі сумесна ў адным напрамку, разважаючы, што здарылася, і дапамажы нам адчуць Тваю прысутнасць сярод нас».
Кс. Юрый Марціновіч, (AG)
|