Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі памаліўся за ўсіх, хто стаіць на варце супакою і бяспекі Беларусі і беларусаў
Іерархі
23.02.2016 15:10

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі памаліўся за ўсіх, хто стаіць на варце супакою і бяспекі краіны і народа. 23 лютага, калі адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны, іерарх узначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

Біскуп заахвоціў усіх прысутных да малітвы ў інтэнцыі тых, хто аддана прысвячае сябе службе Айчыне і служыць у войску, забяспечваючы супакой у краіне.

Іерарх адзначыў у гаміліі, што гісторыя Беларусі сведчыць аб тым, што беларускі народ не шукае вайны, не вядзе акупацыйных войнаў, аднак умее бясстрашна змагацца ў абароне свабоды, якой пагражае небяспека.

Прыгадваючы свае маладыя гады і службу ў войску, біскуп распавёў, што бачыць пэўныя змены ў стаўленні сённяшняй моладзі да абавязковай службай у войску: «У мой час маладыя хлопцы, ідучы ў войска, абіралі прафесію салдата, але ім бракавала важнага рашэння — усведамлення службы Айчыне».

Малітва і служба

«Ваенная служба з’яўляецца не толькі працай або абавязкам. Яна павінна быць таксама ўнутраным голасам сумлення, голасам сэрца. Ваенная традыцыя праз вякі злучала ваенную службу з любоўю да Айчыны», — дадаў іерарх.

Біскуп зазначыў, што якраз такі дух «любові да Айчыны» можа абудзіць прысутнасць святароў у войску — падчас прысягі, святаў і з іншых нагодаў. Паводле слоў біскупа, было б добра, каб у кожнай буйной ваеннай частцы прысутнічаў вайсковы капелан і было прызначана адмысловае месца для малітвы — капліца. «Малітва і ваенная служба не выключаюць адна адну, аднак могуць дапаўняць», — патлумачыў іерарх.



Узгадваючы сваё прабыванне ў войску, біскуп прыгадаў, што яны – маладыя салдаты – супольна маліліся, і не толькі хрысціяне паміж сабой, але і мусульмане (тады было войска СССР). Вера ажыўляла «дух разумення абавязку ваеннай службы».

«Войска, якое спрыяе салдатам, звяртаючыся да тых каштоўнасцяў, якія былі важнымі ў іх бацькоўскім доме, лягчэй можна прызнаць сваім абавязкам», — дадаў біскуп Станеўскі.
Паводле слоў біскупа, малады чалавек, якога ў вызначальны для яго развіцця перыяд часу прызываюць у войска, становіцца адкрытым на ўсё тое, што прыносіць і святарскае служэнне.

Служыць народу і Айчыне

«Адданы ваеннай дысцыпліне, такі хлопец больш ясна адчувае свой унутраны голас, шукаючы ўнутранага парадку і ладу. Кіруючыся верай, яму прасцей будзе асцерагацца памылак або нават духоўнага крызісу», — дадаў іерарх.

На заканчэнне біскуп прыгадаў навучанне Другога Ватыканскага Сабору (Gaudium et spes, 79), якое кажа, што «пакуль будзе існаваць небяспека вайны пры адначасовым недахопе міжнароднай улады, якая будзе мець неабходныя кампетэнцыі і забяспечвацца адпаведнай сілай, урадам нельга будзе адмаўляць у праве неабходнай абароны, калі толькі папярэдне яны вычарпаюць усе сродкі мірных перамоў».

Біскуп пажадаў, каб сродкі мірных перамоў заўсёды былі вычарпальнымі і прыносілі супакой для ўсяго свету. Іерарх выказаў надзею, што войска ў Беларусі і ва ўсіх іншых краінах свету зможа ў міры служыць свайму народу і Айчыне.

Кс. Юрый Марціновіч, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію