4 сакавiка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка прынялi ўдзел ва ўрачыстасцях сярэбранага юбiлею біскупскай сакры біскупа Кiеўска-Жытомiрскай дыяцэзii (Украiна) на пенсіі Яна Пурвiнскага.
Галоўным пасвячаючым падчас пасвячэння біскупа Яна Пурвiнскага ў 1991 г. быў першы ў былым СССР Апостальскi Нунцый арцыбіскуп Франчэско Каласуона, асістуючымі – арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і дапаможны бiскуп Рыжскай архiдыяцэзii Вільгельмс Нюкшс.
Юбiлейныя ўрачыстасцi адбылiся ў напоўненай вернікамі катэдры св. Сафii ў Жытоміры. Святую Iмшу ўзначаліў юбіляр, канцэлебравалi яе 11 бiскупаў i каля 60 святароў. Ва ўрачыстасцях прымалi ўдзел прадстаўнiкi Праваслаўнай Царквы i супольнасці Евангельскіх Хрысціян Баптыстаў. Віншаванні юбiляру даслаў Папа Францiшак.
Гамiлiю прамовiў ардынарый Кiеўска-Жытомiрскай дыяцэзii арцыбіскуп Пётр Мальчук. Іерарх спаслаўся на чытанне Евангелля паводле Яна, дзе гаворыцца, што «на пачатку было Слова, i Слова было ў Бога, i Богам было Слова» (Ян 1, 1). Гэтае слова, як адзначыў арцыбіскуп, у свой час паклiкала юнака Яна Пурвiнскага, якi нарадзiўся ў Латвii, у духоўную семiнарыю ў Рызе. Потым ён як святар па просьбе вернiкаў з Жытомiра паехаў ва Украiну, дзе дачакаўся бiскупства i дзе жыве цяпер.
Арцыбіскуп Пётр Мальчук падкрэслiў значэнне Божага слова, якое абвяшчаў біскуп Ян Пурвiнскi, – слова, што змянiла лёсы многiх людзей, якiя сёння ўдзячны яму за перададзены дар веры.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у сваiм слове ўзгадаў дзень біскупскага пасвячэння новага іерарха 25 гадоў таму. Як адзначыў Мітрапаліт, тады быў снег, але было вельмi сонечна, і гэта было вельмi сiмвалiчна. «Новы бiскуп пасля 70 гадоў адсутнасцi iерарха на Жытомiрскай катэдры стаў сонцам, якое растапiла снежныя i ледзяныя заторы, што стварыў атэiстычны рэжым», – сказаў беларускі арцыпастыр.
Таксама іерарх распавёў прысутным, што, выконваючы даручэнне Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Франчэско Каласуона, у жытомiрскай катэдры ён прыняў згоду тагачаснага ксяндза прэлата Казiмiра Свёнтка на прызначэнне яго Мiнска-Магiлёўскiм Мітрапалiтам i Апостальскiм адмiнiстратарам Пiнскай дыяцэзii. Праблема была ў тым, што арцыбіскуп Франчэско Каласуона патэлеванаваў з Масквы арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, якi тады быў у Гродне, i папрасiў спытаць ксяндза Казіміра Свёнтка, цi згодны ён быць бiскупам.
«Я тэлефанаваў ксяндзу прэлату Казіміру Свёнтку некалькi разоў, але не змог знайсцi. Трэба было ехаць на пасвячэнне трох бiскупаў у Львоў i потым у Жытомiр. Тады не было сотавых тэлефонаў, не было мабільнай камунiкацыi. I так сталася, што менавiта падчас пасвячэння біскупа Яна Пурвiнскага я ў натоўпе людзей убачыў ксяндза Казіміра Свёнтка i пасля Iмшы прыняў яго згоду», – распавёў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Такiм чынам, падкрэслiў іерарх, пасвячэнне біскупа Яна Пурвiнскага паспрыяла прызначэнню будучага кардынала Казіміра Свёнтка першым Мiнска-Магілёўскiм Мiтрапалiтам.
Як сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч для Catholic.by, святкаванне юбiлею 25-годдзя бiскупскай сакры біскупа Яна Пурвiнскага «стала святам для Кiеўска-Жытомiрскай дыяцэзii i Касцёла ва Украiне». (DN), (AG) Фота партала Кіеўска-Жытомірскай дыяцэзіі
|