«Касцёл выступае ў абарону кожнага чалавечага жыцця, як галоўнага прынцыпу гуманізму, які ў хрысціянстве дасягае сваёй найглыбейшай матывацыі», – адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім прывітальным слове на канферэнцыі.
Міжнародная канферэнцыя «Смяротнае пакаранне: пераадольванне рознагалоссяў» адкрылася ў гатэлі «Renaissance» ў Мінску 10 сакавіка. Яе арганізатар – Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы.
Арцыпастыр заўважыў у прывітальным слове, што «ў свеце становіцца ўсё менш краін, дзе яшчэ практыкуецца смяротнае пакаранне», і выказаў надзею, што гэтая канферэнцыя таксама будзе «спрыяць яго адмене, або прынамсі прыняццю мараторыя ў Беларусі».
Мітрапаліт нагадаў, што Каталіцкі Касцёл паважае жыццё як «святое і непарушнае» і таму заступаецца таксама і за асуджаных на кару смерці. Асаблівая роля ў абароне чалавечага жыцця і адмены кары смерці належыць св. Яну Паўлу II, вялікі ўклад у гэтую справу ўнеслі таксама Пантыфікі Бэнэдыкт XVI і Францішак.
«Традыцыйнае вучэнне Касцёла заключалася ў тым, што смяротнае пакаранне не супярэчыць Божаму закону, але ў той жа час не з’яўляецца яго прадпісаннем. Яго неабходнасць ацэньваецца ў залежнасці ад абставінаў. Менавіта таму на працягу гісторыі Касцёл выказваўся “за” і “супраць” смяротнага пакарання, – адзначыў Мітрапаліт. – Каб зразумець вучэнне Касцёла ў гэтай галіне, неабходна памятаць аб тым, што яно ўключана ў канкрэтны кантэкст эпохі, у якой было абвешчана. У адваротным выпадку мы рызыкуем трапіць у фундаменталізм і прыйсці да думкі аб супярэчнасцях у вучэнні Касцёла».
Іерарх звярнуў увагу, што рэвалюцыйным у галіне аховы Божага дару жыцця і выключэння смяротнага пакарання стала вучэнне энцыклікі «Evangelium vitae» («Евангелле жыцця») св. Яна Паўла II.
«Калі раней Касцёл вучыў аб абгрунтаваным праве і абавязку ўлады да прымянення справядлівай кары, нават смяротнага пакарання, за цяжкае злачынства, то, маючы на ўвазе сучасныя магчымасці, якімі валодае дзяржава для прадухілення цяжкага злачынства і абясшкоджвання злачынцы, не адбіраючы ў яго магчымасць выправіцца, выпадкі абсалютнай неабходнасці смяротнага пакарання становяцца рэдкімі і могуць нават не здарыцца (пар. ККК. Кампендый 469; EV 56). Ян Павел II таксама вучыць, што ў сучасных грамадствах смяротнае пакаранне не з’яўляецца абавязковым і таму павінна быць адменена», – патлумачыў арцыбіскуп.
Мітрапаліт нагадаў між іншым пазіцыю Папы Францішка, які «кажа, што кара смерці – гэта пройгрыш прававога грамадства», «што смяротнае пакаранне не можа быць прынята сучасным светам, а пажыццёвае зняволенне з’яўляецца схаванай формай кары смерці», і «цытуе словы Фёдара Дастаеўскага, што забіццё забойцы з’яўляецца непараўнальна большай карай, чым само злачынства».
Арцыбіскуп падвёў выснову, што, такім чынам, «Касцёл глыбока перакананы ў немаральным характары непасрэднага, наўмыснага і свабодна здзейсненага забойства чалавека», «выступае ў абарону кожнага чалавечага жыцця, як галоўнага прынцыпу гуманізму, які ў хрысціянстве дасягае сваёй найглыбейшай матывацыі».
«Прымат фундаментальнага прынцыпу шанавання жыцця, як каштоўнасці, пераважае над дыскусіяй аб уплыве смяротнага пакарання з мэтай дасягнення справядлівасці і захавання публічнага парадку. Права абароны жыцця, якое зыходзіць з Божага Аб’яўлення, не дыскутуемае. Яно абавязвае заўсёды, бо з’яўляецца ўніверсальным правам без выключэнняў, і павінна выконвацца, таксама і ў Беларусі, прынамсі на ўзроўні мараторыя», – сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
(AG)
|