Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч правёў велiкапосныя рэкалекцыi ў касцёле Святога Духа ў Вільнюсе |
Іерархі
|
14.03.2016 12:04 |
11-13 сакавiка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч правёў велiкапосныя рэкалекцыi ў касцёле Святога Духа ў Вільнюсе. У гэтай парафіі сённяшні іерарх у канцы 1980-х гадоў служыў вікарыем.
Віленская парафія Святога Духа – польскамоўная. Большасць парафiй у Вільнюсе двухмоўныя: ужываецца літоўская і польская мовы. Таксама ў горадзе ёсць парафіі, дзе ўжываецца толькі літоўская мова, а ў парафіі Св. Барталамея – толькі беларуская.
Вернiкi парафіі цёпла прынялi свайго былога душпастыра. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што, нягледзячы на працэсы секулярызацыi i значна большую колькасць дзейнiчаючых касцёлаў у Вiльнюсе ў наш час у параўнаннi з мiнулым, колькасць вернiкаў не зменшылася.
Пры гэтым, звярнуў увагу іерарх, павялічылася таксама колькасць святых Імшаў. Варта адзначыць, што Імша з удзелам дзяцей у касцёле Святога Духа цэлебруецца на дзвюх мовах – польскай i рускай. У сваю чаргу ў езуiцкiм касцёле св. Казiмiра па нядзелях рэгулярна цэлебруецца Iмша на рускай мове.
Тэмай рэкалецый было асабiстае навяртанне да Бога i новая евангелiзацыя.
На памяць парафіяне падарылі Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу велiзарную вiленскую пальму. Арцыпастыр сказаў, што, калi шчаслiва давязе яе ў Мiнск, то будзе з ёй на працэсii Пальмовай нядзелi ў архікатэдральнай парафіі, у якой па традыцыі прыме ўдзел вослiк. (DN), (AG)
|
Фотарэпартаж |