Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Іерархі
05.04.2016 08:26

Тэкст на польскай мове>>>

Fortuna mutabilis, Deus mirabilis — Лёс пераменлівы, Бог надзвычайны

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дыяцэзіяне Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, людзі добрай волі.

1. У гэтым годзе Каталіцкі Касцёл у Беларусі адзначае сярэбраны юбілей адраджэння сваіх структур і заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі, у якую ўваходзіць аднайменная архідыяцэзія.

Гісторыя станаўлення сучаснай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі вельмі складаная. Вялікае княства Літоўскае, апрача Жмудзі, дзе была свая дыяцэзія, у часы Рэчы Паспалітай уваходзіла ў заснаваную ў 1388 г. Віленскую дыяцэзію (пар. http://kurierwilenski.lt/2012/10/19/kosciol-katolicki-w-wilnie-biskupstwo-wilenskie-od-1925-r-archidiecezja-1/). Такім чынам, ужо ў XIV стагоддзі на беларускіх землях была каталіцкая іерархія і структуры.

У 1772 г. імператрыца Кацярына II самавольна ўстанавіла Беларускае біскупства. У 1783 г. папа Пій VI яго зацвердзіў як Магілёўскую архідыяцэзію. Першым яе арцыбіскупам стаў Cтаніслаў Богуш-Сестранцэвіч, якому былі падпарадкаваны ўсе католікі Расіі. Паводле тэрыторыі гэта была самая вялікая ў свеце структурная адзінка Каталіцкага Касцёла — ад Балтыйскага мора да Далёкага Усходу, да Чукоткі і Японскага мора. Катэдральнай святыняй новаўтворанай структурнай адзінкі стаў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве. У 1798 г. арцыбіскуп Cтаніслаў Богуш-Сестранцэвіч быў узведзены ў годнасць Мітрапаліта з рэзідэнцыяй у Санкт-Пецярбургу.

Распачатыя савецкай уладай ганенні на рэлігію паступова разбурылі структуры Каталіцкага Касцёла ў былым Савецкім Саюзе. Яны засталіся толькі ў Літве і Латвіі. Аднак і там імі не заўсёды кіравалі біскупы ардынарыі. З мэтай захаваць іерархію і па меры магчымасці падтрымліваць пастырскую дзейнасць Папа Пій XI у 1926 г. падзяліў Магілёўскую архідыяцэзію на пяць апостальскіх адміністратур: у Магілёве, Маскве, Ленінградзе, Харкаве і Казані, Самары і Сімбірску. Мінскім і Магілёўскім Апостальскім адміністратарам быў прызначаны біскуп Балеслаў Слосканс, які пасля шматлікіх арыштаў быў у 1933 г. высланы ў Латвію.

Мінская дыяцэзія была заснавана ў 1798 г. булай Папы Пія VI, якая пачыналася шматзначнымі словамі: «Maximus undique pressi doloribus» — «Вялікі адсюль ідзе смутак». Ужо сам тытул булы нагадвае пра цяжкасці, з якімі сустрэўся Касцёл на Міншчыне ў тыя часы і якія трэба было пераадольваць.

Першым Мінскім біскупам стаў віленскі канонік Якуб Дадэрка, які вельмі многа ўчыніў для арганізацыі дыяцэзіяльных структур, парафій і дабрачыннасці, што спрыяла росквіту каталіцкай веры.

Далейшы лёс Мінскай дыяцэзіі быў вельмі складаным. У 1868 г. царскія ўлады без згоды Апостальскага Пасаду ліквідавалі дыяцэзію, хаця яе кананічны статус не змяніўся. У такой сітуацыі Касцёл на Міншчыне быў падпарадкаваны Віленскай дыяцэзіі, якая таксама не заўсёды мела біскупа (пар. http://media.catholic.by/nv/n22/art7.htm).

Дзейнасць Мінскай дыяцэзіі была адноўлена толькі пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, на яе чале стаў Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі. Ён пераследаваўся савецкімі ўладамі і ў 1925 г. быў прызначаны першым біскупам новаўтворанай Пінскай дыяцэзіі, тэрыторыя якой у той час належала да Польшчы.

Такім чынам, Каталіцкі Касцёл у Беларусі застаўся без біскупаў і ім кіравалі Генеральныя вікарыі, якіх прызначылі біскупы дыяцэзій, да якіх належалі паасобныя часткі Касцёла на тэрыторыі Беларусі. Генеральныя вікарыі маглі перадаваць сваю ўладу сваім пераемнікам. Таму нават пры адсутнасці біскупаў касцёльная ўлада ўсё ж такі захавалася (пар. KwN, c. 9-10).

З часам колькасць Генеральных вікарыяў змянялася, так што ў 1989 г. іх было тры — адзін на Гродзенскую вобласць, другі на Мінскую і Віцебскую вобласць і трэці на Брэсцкую вобласць.

Цікава, што Рыжскі біскуп меў юрысдыкцыю на ўвесь Савецкі Саюз, акрамя г. Масквы, якая падпарадкоўвалася Віленскаму біскупу. З гэтага можна зрабіць выснову, што юрысдыкцыя ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях, дзе практычна не было касцёлаў, аднак засталіся вернікі, належала Рыжскаму біскупу. Ён таксама прызначыў некаторых маладых святароў, якія атрымалі фармацыю ў Рыжскай духоўнай семінарыі, на парафіі ў Беларусі, але непасрэдную ўладу над імі мелі вышэйузгаданыя Генеральныя вікарыі.

Такая сітуацыя трывала ажно да 1989 г., калі Ян Павел II прызначыў Апостальскага адміністратара Мінскай дыяцэзіі для католікаў лацінскага абраду Беларусі, якім стаў ваш пакорны слуга.

2. У фацімскі дзень 13 красавіка 1991 г. святы Ян Павел II адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Булай «Nos autem» была заснавана Мінска-Магілёўская мітраполія, у склад якой увайшлі аднайменная Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Гродзенская і Пінская дыяцэзіі. Мінска-Магілёўская архідыцяэзія была ўтворана ў межах Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Гродзенская – у межах Гродзенскай вобласці і Пінская — у межах Брэсцкай і Гомельскай абласцей.

Цікава тое, што ў буле заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі Ян Павел II піша аб тым, што з даўніх змрочных часоў ганенняў на веру ён бачыць веруючых, якія жывуць у СССР, і цяпер з радасцю спяшаецца да іх з дапамогай і ўстанаўлівае Мінска-Магілёўскую мітраполію. У гэтых словах выказаны клопат Пантыфіка пра вернікаў, якія многія дзесяцігоддзі заставаліся без пастыраў, і адначасова радасць з таго, што нарэшце гэты крызіс можа быць пераадолены.

У той жа дзень Папа Ян Павел II адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Расіі, а таксама ў Казахстане і Сярэдняй Азіі, устанаўліваючы Апостальскія адміністратуры для католікаў лацінскага абраду ў Еўрапейскай і Азіяцкай яе частках, у Казахстане і Сярэдняй Азіі.

Аб гэтым рашэнні Пантыфіка Яго Эксцэленцыяй арцыбіскупам Франчэско Каласуонна — першым прадстаўніком Апостальскага Пасаду ў былым Савецкім Саюзе — мне было даручана абвясціць у гродзенскім фарным касцёле св. Францішка Ксаверыя.

Першым Мінска-Магілёўскім мітрапалітам быў прызначаны пробашч пінскай катэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз прэлат Казімір Свёнтэк. Адначасова ён быў прызначаны Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Першым Гродзенскім біскупам стаў пробашч віленскай парафіі Святога Духа ксёндз Аляксандр Кашкевіч.

У той жа дзень Папа Ян Павел II прызначыў мяне арцыбіскупам, Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду Еўрапейскай часткі Расіі з рэзідэнцыяй у Маскве. Ксёндз Юзаф Верт — пробашч парафіі Хрыста Валадара сусвету з г. Маркса Саратаўскай вобласці — быў прызначаны Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду Азіяцкай часткі Расіі з рэзідэнцыяй у Навасібірску. Пробашч парафіі Святой Сям’і г. Чырвонаармейска Какчэтаўскай вобл. у Казахстане а. Ян Павел Ленга МІС быў прызначаны Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду ў Казахстане і Сярэдняй Азіі, ва Узбекістане, Таджыкістане, Кіргізіі і Туркменістане, з рэзідэнцыяй у Карагандзе.

Ян Павел II своечасова прачытаў знакі часу і імгненна адрэагаваў на іх. Такім чынам пасля трох пакаленняў ганенняў на Касцёл і адсутнасці яго іерархічных структур у Беларусі, Расіі, Казахстане і Сярэдняй Азіі яны з’явіліся, што дало новыя магчымасці як для адраджэння, так і для развіцця Касцёла на гэтых тэрыторыях.

Добра памятаю, што той дзень 13 красавіка 1991 г. выдаўся сонечным і цёплым. Гэта быў як быццам знак з неба, які сведчыў пра тое, што фацімскія аб’яўленні аб навяртанні нашых земляў да Бога пачалі ажыццяўляцца і святло Евангелля прабілася праз цемру атэізму, каб ужо больш ніколі не знікнуць.

Такім чынам, дзень 13 красавіка 1991 г. стаў гістарычным для Касцёла ў былым СССР. Сёння мы дзякуем Богу і схіляем свае галовы перад св. Янам Паўлам II за яго мудрасць і рашучасць і за правідэнцыйныя рашэнні, якія далі новыя магчымасці для адраджэння і ўмацавання духоўнага жыцця пасля жорсткага перыяду пераследу. Сапраўды, «Fortuna variabilis, Deus mirabilis» — «Лёс пераменлівы, Бог надзвычайны», як казаў пісьменнік, навуковец і гісторык Вялікага княства Літоўская Шыман Старавольскі, які жыў у XVI-XVII стагоддзях (пар. https://en.wikiquote.org/wiki/Szymon_Starowolski).

У 1999 г. Святы Пасад заснаваў Віцебскую дыяцэзію ў межах Віцебскай вобласці, вылучаючы яе з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. На сённяшні дзень Каталіцкі Касцёл у Беларусі складаецца з чатырох дыяцэзій, а епіскапат нашай краіны – гэта восем дзеючых наступнікаў апосталаў і адзін на пенсіі.

3. Што азначае заснаванне дыяцэзіі і прызначэнне біскупа?

Святы Ігнацый Антыяхійскі кажа, што там, дзе ёсць біскуп, там ёсць і Касцёл. Таму заснаванне дыяцэзій як прадугледжаных Кананічным Правам касцёльных адзінак і прызначэнне біскупаў азначае нармалізацыю жыцця Касцёла, каб ён сапраўды быў сакрамэнтам паўсюднага збаўлення (пар. LG 1).

Кодэкс Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла вучыць, што дыяцэзія — гэта частка Божага народу, якая даверана пастырскай апецы біскупа і супрацоўнічаючых з ім прэзбітэраў, каб, трываючы пры сваім пастыры і сабраная ім у Духу Святым праз Евангелле і Эўхарыстыю, яна стварала мясцовы Касцёл, у якім прысутнічае і дзейнічае адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі Касцёл Хрыста (пар. CIC 369). Пры гэтым трэба заўважыць, што частка Божага народу, які стварае дыяцэзію, вызначаецца канкрэтнай тэрыторыяй і ахоплівае ўсіх вернікаў, якія на ёй знаходзяцца (пар. CIC 372, § 1).

Гэтыя словы нагадваюць нам пра тое, што толькі тады частка Божага народу, якая пражывае на канкрэтнай тэрыторыі, з’яўляецца мясцовым, ці партыкулярным, Касцёлам, калі трывае пры біскупе. Дыяцэзія, у сваю чаргу, складаецца з парафій, якія злучаюцца ў дэканаты (пар. CIC 374).

Біскупы, з Божага ўстанаўлення, з’яўляюцца наступнікамі апосталаў. Праз Духа Святога, якога атрымліваюць у кансэкрацыі, яны ўстанаўліваюцца ў Касцёле пастырамі, каб вучыць Божы народ, яго асвячаць і ім кіраваць. Аднак гэтыя заданні яны могуць выконваць толькі ў адзінстве з Галавой Калегіі Біскупаў — Папам Рымскім — і з іншымі біскупамі (пар. CIC 375).

Дыяцэзіяльнаму біскупу прыслугоўвае звычайная, уласная і непасрэдная ўлада, якая неабходна для выконвання яго пастырскіх функцый (пар. CIC 381 §1).

4. Сёння, з перспектывы 25 гадоў з дня ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і мітраполіі, неабходна дзякаваць Богу за першага Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта кардынала Казіміра Свёнтка. Ва ўзросце 77 гадоў ён не пабаяўся ўзяць на свае плечы адказнасць за адбудову Касцёла на нашай зямлі. З яго іменем звязаны розныя пастырскія ініцыятывы, адбудова і будаўніцтва многіх касцёлаў, у тым ліку мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Ён быў ініцыятарам заснавання выдавецтва «Pro Christo», якое ўнесла бясцэнны ўклад у справу развіцця і паглыблення рэлігійнасці ў нашай краіне, а таксама ў яе новую евангелізацыю.

Уваскросшая пад яго кіраўніцтвам Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная каталіцкая семінарыя імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску падрыхтавала нямала новых пастыраў для спрагненай духоўнага адраджэння зямлі.

Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» унесла і працягвае ўносіць свой уклад у развіццё справы міласэрнасці і еванегелізацыі нашага грамадства.

Інфармацыйны партал Catholic.by стаў адным з найбольш папулярных у нашай краіне і адыгрывае важную не толькі інфармацыйную, але і евангелізацыйную ролю.

Эстафету кіравання архідыяцэзіяй ад кардынала пераняў біскуп Антоні Дзям’янка, які ў якасці Апостальскага адміністратара з уласцівай яму энергіяй працягваў працу па адраджэнні і ўмацаванні Мінска-Магілёўскага Касцёла, за што мы яму бязмерна ўдзячныя.

Сёння на гэтым падмурку я — ваш пакорны слуга — разам з дапаможнымі біскупамі Юрыем Касабуцкім і Аляксандрам Яшэўскім SDB, які з’яўляецца адказным за пастырскую дзейнасць у Магілёўскім регіёне, з Божай дапамогай і актыўным удзелам прэзбітэраў, дыяканаў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў працягваем будаваць наш мясцовы Касцёл.

Асаблівая ўвага звяртаецца на развіццё пастырскай дзейнасці ў галіне катэхізацыі, фармацыі моладзі, сям’і, а таксама на будаўніцтва новых святынь, якіх усё яшчэ не хапае. Мінскі тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля ўжо пяць гадоў паспяхова вядзе падрыхтоўку катэхетаў. «Школа сямейнага жыцця» рыхтуе спецыялістаў для сямейных кансультацый. Паспяхова развіваецца пастырства пілігрымак, а будслаўскія ўрачыстасці сапраўды сталі галоўным рэлігійным нацыянальным святам.

5. Мы ўсе разам утвараем Мінска-Магілёўскі Касцёл, і мы ўсе разам адказныя за яго дзейнасць. У гэты велікодны перыяд, калі праслаўляем уваскрослага Хрыста, мы дзякуем Богу за 25 гадоў адраджэння і станаўлення Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Перапрашаем за не да канца выкарыстаныя магчымасці і просім Божага благаслаўлення на будучыню.

Мінска-Магілёўскі Касцёл пачынае пісаць новую старонку сваёй гісторыі. Даверым яго апецы Маці Божай Будслаўскай, галоўнай заступніцы архідыяцэзіі. Няхай тая, якая апякуецца нашым народам ужо больш за 400 гадоў, і далей выпрошвае ў свайго Сына патрэбныя Мінска-Магілёўскаму Касцёлу ласкі, каб ён сапраўды быў сакрамэнтам паўсюднага збаўлення.

На гэты шлях усіх ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, +і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 3 красавіка 2016 г.
Нядзеля Божай Міласэрнасці


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. II Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл «Lumen gentium» (LG).
2. Codex Iuris Canonici. Kodeks Prawa Kanonicznego. Pallottinum 1984 (CIC).
3. Ян Павел II. Була «Nos autem».
4. A. Hlebowicz, Kościół w niewoli, Warszawa 1991 (KwN).
5. http://kurierwilenski.lt/2012/10/19/kosciol-katolicki-w-wilnie-biskupstwo-wilenskie-od-1925-r-archidiecezja-1/.
6. http://media.catholic.by/nv/n22/art7.htm.
7. https://en.wikiquote.org/wiki/Szymon_Starowolski.
    
P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернiкам у ІІІ Велікодную нядзелю, 10 красавіка 2016 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію