Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях
Іерархі
16.04.2016 01:17

Тэкст на польскай мове>>>

Божа, адары Касцёл у Беларусi новымi i святымi паклiканнямi

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. У IV Велікодную нядзелю, якая з’яўляецца нядзеляй Добрага Пастыра, Каталіцкі Касцёл адзначае Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях да святарства. Слугi алтара не прыходзяць з неба і не прылятаюць з космасу. Яны бяруцца з нас, з нашых сем’яў і парафій. Сёння, як і 2000 гадоў таму, Езус кліча выбраных Ім: «Ідзіце за Мной, і Я вас учыню лаўцамі людскіх душаў». Аднак у мітусні сучаснага свету з яго небяспечнымі выклікамі маладыя людзі не заўсёды чуюць гэты голас. Таму неабходна маліцца, каб пакліканыя ішлі за голасам Езуса, які кліча іх да святарства, і накіраваліся ў духоўную семінарыю, для атрымання адпаведнай фармацыі.

Касцёл не можа нармальна дзейнічаць без святароў, якія, у сваю чаргу, дзейнічаюць моцаю Езуса. Яны абвяшчаюць заўсёды жывое і дзейснае Божае слова, у якім знаходзіцца спрадвечная і нязменная праўда. Цэлебруюць сакрамэнты, у якіх людзі атрымліваюць патрэбную для збаўлення Божую ласку. Служачы іншым, будуюць касцёльную супольнасць. Таму роля святара незаменная. Ён — гэта той Добры Пастыр, які клапоціцца аб Божым народзе і вядзе яго шляхам збаўлення.

2. У другі дзень Пасхі, 28 сакавіка гг., ва ўзросце 92 гадоў памерла заснавальніца найбольш вядомай i вельмi папулярнай сусветнай каталiцкай медыясеткi (EWTN), якая ўключае ў сябе тэлебачанне, інтэрнэт, радыё і г.д. Мацi Анджэлiка. Сёння гэтая каталiцкая медыясетка вяшчае на ўвесь свет на розных мовах. Пры гэтым у мэтах практычнай евангелізацыі яна выкарыстоўвае таксама і гумар. Так, у далёкім ужо 2002 г. яна прадставіла павучальную пародыю на 23 (22) псальм. Пародыя гучала наступным чынам:

«Тэлебачанне — мой пастыр, ні ў чым не буду мець нястачы,
Яно дазваляе спачываць мне на канапе.
Яно ад веры зводзіць мяне,
Яно маю душу разбурае.
Накіроўвае мяне на сцежкі сексу, гвалту і жорсткасці
дзеля імя рэкламадаўцаў.
Нават калі я пайду далінаю цені хрысціянскіх абавязкаў,
Гэта мне не перашкодзіць, бо тэлебачанне са мною.
Яго кабель і пульт мяне суцяшаюць.
Яно рэкламай мяне атачае ў самы разгар маіх матэрыяльных інтарэсаў
І намашчае галаву маю секулярным гуманізмам і духам спажывецтва,
Келіх маёй сквапнасці перапоўнены.
Сапраўды, невуцтва маё і лянота
Будуць са мною ва ўсе дні жыцця майго,
І пасялюся я ў доме нікчэмнасці, гледзячы тэлевізар, на доўгія дні».

Які жудасны, вядучы да духоўнай смерці, спосаб жыцця прадстаўлены ў гэтай пародыi! Але ёсць iншы спосаб, які прапануе 23 (22) псальм у сваiм арыгiнале:

«Пан – пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы.
Ён дазваляе спачываць мне на зялёных пашах,
да водаў спакойных вядзе мяне.
Ён душу маю пажыўляе,
накіроўвае мяне на сцежкі справядлівасці
дзеля Імя свайго.
Калі нават пайду далінай смяротнага ценю —
не буду баяцца зла, бо Ты са мною.
Тваё жазло і Твой посах мяне суцяшаюць.
Ты стол для мяне накрываеш
на вачах маіх ворагаў;
намашчаеш галаву маю алеем,
келіх мой перапоўнены.
Сапраўды, дабрыня і міласэрнасць Твая будуць са мною
ва ўсе дні жыцця майго,
і пасялюся я ў доме Пана
на доўгія дні».

3. У гэтых словах псальміста знаходзiцца шлях, якi вядзе да жыцця, супакою i шчасця. Езус у Евангеллi кажа, што Ён прыйшоў для таго, каб мы мелi жыццё i мелi яго ва ўсёй паўнаце.

У велiкодны перыяд гэтыя словы набіраюць асаблiвае значэнне. Мы перажываем Пасхальную таямнiцу смерцi i ўваскрасення Хрыста. Езус памёр на крыжы, каб уваскрэснуць да новага жыцця. Гэтым самым Ён паказаў нам спосаб, як дасягнуць новае жыццё, а менавiта памерцi для граху i ўваскрэснуць у Божай ласцы.

Наш секулярны свет лiчыць, што мае адказ на праблемы нашага часу. Але штодзённае жыццё паказвае, што гэты адказ не з’яўляецца сапраўдным i замест таго, каб весцi да шчасця, паглыбляе крызiс i нават вядзе да роспачы. Вядзе да таго, аб чым нагадвае нам вышэй зганадая пародыя 23 псальма. Секулярны свет разбурае духоўнае жыццё, у iмя забавы вядзе на шлях злачынства. У вынiку чаго мы становiмся духоўна ўбогiмi гледачамi тэлевiзара.

Адказ сучаснага свету падобны да злодзея, якi прыходзiць, каб красцi, забiваць i знішчаць. Толькi разам з Хрыстом, памiраючы для граху, мы можам дасягнуць шчасця, якога жадаем. Езус вучыць, што дарога да шчасця ляжыць не праз задавальненне нашых пажаданняў, але праз ахвярнае жыццё, несучы свой крыж разам з Iм i гэтым самым адраджаючы ў нашым жыццi Яго жыццё. Менавiта таму Ён кажа, што з’яўляецца брамай, i той, хто пройдзе праз яе, будзе збаўлены.

4. Святы Ян Павел II, 11-ю гадавiну нараджэння для неба якога мы зусiм нядаўна адзначалi, заклiкаў не баяцца адчынiць дзверы Хрысту. У Палесцiне пастух заганяў авечак на ноч у загароду праз спецыяльную браму, каб яны былi ў бяспечным месцы. Ён сам спаў у гэтай браме, так што нiякая авечка не магла выйсцi з загароды без яго дазволу. Пастух таксама выпускаў авечак на добрую пашу.

Падобна таму i Езус, як Добры Пастыр, з’яўляецца брамай, i той, хто ўваходзiць праз яе, будзе бяспечны, яму нiчога не будзе пагражаць. Езус таксама клапоцiцца, каб мы мелi дастакова духоўнай ежы i не былi галоднымі.

Сёння, калi мы разважаем пра Езуса — Добрага Пастыра, мы павiнны малiцца, каб паклiканыя да святарства пачулi Яго голас, пайшлi за iм, каб на ўзор Езуса былi сучаснымi Добрымi Пастырамi.

5. Традыцыйна на Сусветны дзень малiтваў аб паклiканнях Святы Айцец звяртаецца да вернiкаў са спецыяльным пасланнем. Дэвіз сёлетняга паслання — «Касцёл — Мацi паклiканняў» (пар. Messaggio-giornata-mondiale-vocazioni.html). Папа Францiшак жадае, каб у Юбiлейным Годзе Божай Мiласэрнасцi вернiкi адкрылi праўду аб тым, што пакліканне да святарства нараджаецца ў касцёльнай супольнасцi i з’яўляецца дарам Божай Мiласэрасцi. Касцёл — гэта тая «зямля», на якой паклiканнi ўзрастаюць, развiваюцца i прыносяць плён.

У сваiм пасланнi Папа Францiшак засяроджвае нашу ўвагу на наступных элементах паклiкання.

5.1. Найперш Пантыфiк кажа, што паклiканне ажыццяўляецца дзякуючы супольнасцi вернiкаў. У сакрамэнце хросту Бог чынiць нас часткай Касцёла, каб у iм адарыць ласкай паклiкання. Таму эклезiяльны дынамiзм паклiкання з’яўляецца антыдотам на абыякавасць i iндывiдуалiзм, каб прысвяцiць сваё жыццё служэнню Богу i людзям.

Менавiта таму Папа заахвочвае ўсiх вернiкаў да адказнасцi за распазнанне паклiкання да святарства i дапамогi паклiканым.

5.2. Далей Папа падкрэслiвае, што паклiканнi нараджаюцца ў Касцёле. Ад моманту, калi малады чалавек адчуў паклiканне, у яго павiнен развiвацца «сэнс» Касцёла. Нiхто не паклiканы выключна для нейкага адасобленага рэгiёну, групы цi касцёльнага руху, але для Касцёла i свету. Адказваючы на Божае паклiканне, малады чалавек пашырае ў сабе разуменне Касцёла, як Божага народу.

5.3. Папа таксама звяртае ўвагу на тое, што паклiканне ўзрастае ў Касцёле. У працэсе фармацыi кандыдаты да святарства павiнны як мага лепш пазнаваць касцёльную супольнасць, чаму дапамагае досвед апостальскай працы сумесна з iншымi яе членамi.

5.4. Паклiканне павiнна ўмацоўвацца Касцёлам. Шлях паклiкання не завяршаецца прыняццем прэзбітэрскага пасвячэння, але ажыццяўляецца ў дыспазiцыйнасцi да служэння там, дзе гэтага патрабуе Касцёл, а таксама ў трываласцi i сталай фармацыi. Уся касцёльная супольнасць павiнна дапамагаць паклiканым да святарства ў гэтым працэсе.

5.5. Асаблiвую ўвагу Папа звяртае на значэнне пастырства паклiканняў i ролi святара ў iм. Пастырскi клопат аб паклiканнях павiнен быць фундаментальным ва ўсім служэнні святара. Святары павiнны суправаджаць тых, хто шукае шляху паклiкання, i тых, якiя ахвяравалi сваё жыццё служэнню Богу i касцёльнай супольнасцi.

5.6. Затым, заданнем усiх вернiкаў з’яўляецца ўсведамленне касцёльнай дынамiкi паклiкання, каб супольнасць веры, па прыкладу Марыi, магла стаць улоннем мацi, якое прымае дар Духа Святога i нараджае новыя паклiканнi да святарства. Мацярынства Касцёла праяўляецца ў трывалай малiтве Божага народу аб паклiканнях, а таксама праз выхаванне, суправаджэнне i падтрымку тых, хто адчувае паклiканне да Божай службы.

6. Дарагiя браты i сёстры!

Касцёл у Беларусi патрабуе новых святароў, бо так шмат людзей чакае Евангелля. Няхай на нашых вуснах i ў нашых сэрцах заўсёды гучыць малiтва аб паклiканнях да святарства, каб Юбiлейны Год Божай Мiласэрнасцi i сярэбраны юбiлей адраджэння структур Каталiцкага Касцёла ў нашай Айчыне азнаменаваўся новымi святымi паклiканнямi i мы заўсёды мелi дастаткова пастыраў на ўзор Добрага Пастыра Езуса Хрыста, якi з’яўляецца брамай у шчаслiвае жыццё на зямлi i ў вечнасцi.

Давяраючы ўсiх вас i ўсе нашы касцёльныя супольнасцi апецы Марыi — Мацi святароў — ад усяго сэрца благаслаўляю на малiтву i iншыя iнiцыятывы ў справе паклiканняў у iмя Айца, + i Сына, i Духа Святога. Амэн.

Арцыбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч
Мiтрапалiт Мiнска-Магілёўскi

Мiнск, 13 красавiка 2016 г.
Сярэбраны юбiлей адраджэння структур
Каталiцкага Касцёла ў Беларусi


Выкарыстаная лiтаратура:

1. http://w2.vatican.va/content/francesco/pl/messages/vocations/documents/papa-francesco_20151129_53-messaggio-giornata-mondiale-vocazioni.html.

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае пасланне вернiкам 17 красавiка 2016 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію