Дарагія браты і сёстры ў Езусе Хрысце!
У напоўненым надзеяй велікодным перыядзе, а ў гэтым годзе яшчэ і ў кантэксце перажывання Юбілейнага Года Міласэрнасці, мы тварам у твар сустракаемся з праявамі міласэрнасці, якімі з’яўляюцца прысутнасць святога Касцёла і святарскае служэнне.
Нядзеля Добрага Пастыра вельмі глыбока ўпісана ў пасхальную таямніцу. Яна звяртае нашу ўвагу на вобраз аўчарні, г. зн. дар супольнасці, і на служэнне пастыраў — Святога Айца, біскупаў і святароў. Менавіта вобразы аўчарні і пастыра найбольш узрушваюць нас і перадаюць прыгажосць Евангелля. Старажытныя выявы Пастыра можна ўбачыць у рымскіх катакомбах і на мазаіках у Равэне. Яны былі створаны ў пачатку існавання Касцёла, паміж ІІ і V стагоддзямі, а значыць адносна хутка пасля зямнога жыцця і дзейнасці Езуса Хрыста.
Аб якой праўдзе нагадваюць гэтыя вобразы? Перадусім яны сведчаць аб супольнасці любові. Гэтай супольнасцю з’яўляецца Касцёл — Хрыстова аўчарня. Менавіта такі погляд на Касцёл найбольш падкрэслівае Яго Святасць Папа Францішак. У цэнтры гэтага вобраза, аднак, знаходзіцца постаць Добрага Пастыра — Пана Езуса. Аб таямніцы Яго дабрыні нам распавядае сённяшняе Евангелле.
З даўніх часоў вобраз Добрага Пастыра служыць для Касцёла ва ўсім свеце крыніцай натхнення, разважанняў і малітвы за святароў. Святы Айцец прагне, каб святары, а пад іх уплывам таксама свецкія вернікі, станавіліся для свету сведкамі міласэрнасці. Апублікаваная некалькімі днямі раней паслясінадальная Апостальская адгартацыя «Amoris Laetitia» гаворыць аб гэтым у кантэксце сужэнства і сям’і. Папа Францішак, звяртаючы ўвагу на значэнне і сэнс дакумента, кажа: «Па прычыне шматлікай колькасці самых розных канкрэтных сітуацый не трэба спадзявацца на з’яўленне новых агульных нормаў у Кананічным праве. Аднак у асобных выпадках Касцёл можа дапамагчы сваім верным, дапускаючы іх да сакрамэнтаў. Канфесіянал павінен быць месцам міласэрнасці, а не камерай катаванняў. Таксама як і Эўхарыстыя — гэта не ўзнагарода для дасканалых, а ежа для слабых». Прыведзеныя словы проста і ясна даюць вернікам і святарам адказ на пытанне, якім чынам быць добрым пастырам сёння. Яны становяцца сучаснай інтэрпрэтацыяй Евангелля пра Добрага Пастыра.
Дарагія браты і сёстры, наша дыяцэзія таксама стаіць у гэты час Юбілейнага Года Міласэрнасці перад Панам жніва з просьбаю, каб паслаў на сваё жніво працаўнікоў. Перад Панам, Добрым Пастырам, стаіць супольнасць Пінскай дыяцэзіі, маючы трывалыя традыцыі добрых справаў. У сваёй багатай гісторыі яна мае шмат святароў, добрых пастыраў, якім давялося выконваць пастырскае служэнне ў складаных умовах. Узгадаем, напрыклад, Слугу Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, дабрынёй, мудрасцю і евангельскай сціпласцю якога дагэтуль захапляюцца многія людзі. Пасля смерці біскупа захапленне яго асобай прыняло форму культу. Яго прыклад пабудзіў шматлікіх святароў да давання прыгожага сведчання і жыцця ў евангельскай дабрыні. Нам сёння патрэбныя пастыры, якія будуць імкнуцца наследваць першага біскупа Пінскай дыяцэзіі і яго супрацоўнікаў, якія развівалі і перадавалі наступным пакаленням духоўную спадчыну.
Дзякуючы Богу мы можам сёння будаваць касцёлы. Дзякуючы Богу нашыя парафіі могуць развівацца. Але ва ўсіх гэтым патрэбен перш за ўсё духоўны кампанент. Трэба, каб пастаянна ажыццяўлялася паслуга Слова і сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі. Гэта могуць зрабіць толькі святары ў даручаных ім супольнасцях. Мы добра можам усведамляць, што такое аўчарня без пастыра, бо не далёка адышоў той час, калі парафіяльныя супольнасці існавалі без святароў. Ад нашай малітвы сёння залежыць, ці вышле Пан працаўнікоў на сваё жніво і ці будзе яно вялікім.
У нядзелю Добрага Пастыра даручаю вам усе гэтыя клопаты і разам з тым надзеі, просячы, каб яны сталі тэмай вашых размоваў з Богам альбо, інакш кажучы, малітваў.
Прашу вас аб малітве, каб Евангелле Добрага Пастыра было тым, у чым мы «жывем, рухаемся і існуем» (пар. Дз 17, 28). Ад усяго сэрца вас благаслаўляю: + у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
+ Антоні Дзям’янка Біскуп Пінскі
Пінск, 14 красавіка 2016 г.
Шаноўныя святары няхай абвесцяць гэты ліст вернікам ва ўсіх святынях Пінскай дыяцэзіі 17 красавіка 2016 г. падчас кожнай святой Імшы.
|