Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел ва ўрачыстасцях 1050-годдзя хросту Польшчы
Іерархі
16.04.2016 22:48

14-16 красавiка ў Гнезне і Познані (Польшча) адбылiся ўрачыстасці з нагоды 1050-годдзя хросту гэтай краiны, у якіх прыняў удзел папскі легат, Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці кардынал П’етро Паралін. Ва ўрачыстасцях ад iмя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ўдзельнічаў яе Старшыня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Урачыстасці праходзілі пад дэвізам «Дзе хрост, там надзея». У іх прымалі ўдзел у агульнай колькасці каля 150 біскупаў з розных краін Еўропы і ўсяго свету.

Папа Францiшак накiраваў польскаму народу спецыяльнае пасланне, у якiм падкрэслiў, што асаблiвым чынам молiцца за Польшчу ў той час, калi яна святкуе юбiлей 1050-годдзя хросту. Гэта добрая нагода перадаць польскаму народу словы ўдзячнасцi, вiншавання i заахвочвання, падкрэслiў Пантыфiк.

Юбiлейныя ўрачыстасцi пачалiся 14 красавіка пасяджэннем епіскапату Польшчы, якое адбылося ў духоўнай семiнарыi ў Гнезне. Падчас пасяджэння быў заслуханы даклад прафесара гiсторыi Ягелонскага ўніверсітэта Кшыштафа Ожуга аб падзеях 966 г., калi князь Мешка I прыняў хрост. Дакладчык падкрэслiў, што гэты гiстарычны факт стаўся паваротным пунктам у гiсторыi палян, якiя сталi будаваць сваю будучыню на каштоўнасцях Евангелля. Як адзначыў прафесар, без падмурку, якiм быў хрост, не было б Польшчы i яе спадчыны; хрост паўплываў на развiццё культуры, адукацыi i гiсторыi краiны.

Падчас пасяджэння вiцэ-старшыня Нацыянальнага банку Польшчы прадставiў спецыяльную банкноту коштам 20 злотых, выпушчаную з нагоды юбiлею хросту, з выявай Мешкі I i яго жонкi Дубравы, а таксама гнезненскай катэдры.



Пасля абеду ўдзельнiкi ўрачыстасцяў выехалi на Ляднiцкi востраў, дзе 14 красавіка 966 г., у Вялiкую суботу, Мешка I прыняў хрост. Там адбылася экуменiчная малiтва падзякi i просьбы аб благаслаўленнi.

Потым у гнезненскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыi i св. Войцеха адбылася святая Iмша, якую ўзначалiў Дзяржаўны Сакратар Папы кардынал П’етро Паралiн. Папскi пасланнiк на пачатку Эўхарыстыi звярнуўся да прысутных са сваiм словам, у якiм перадаў прывiтаннi ад Пантыфіка i сказаў, што Касцёл павінен быць «Касцёлам выйсця», бо ўсе паклiканы выйсцi з уласнай выгоды i мець адвагу, каб дайсцi да перыферый, якія маюць патрэбу ў святле Евангелля.

Гамiлiю прамовiў прымас Польшчы арцыбіскуп Войцех Поляк. Іерарх заклiкаў да адважнага прыняцця ласкi хросту i пераадолення былых i iснуючых падзелаў.

Напрыканцы Iмшы да прысутных звярнуўся Прэзiдэнт Польшчы Анджэй Дуда. У сваёй вельмi эмацыйнай прамове Прэзідэнт падкрэслiў два вымярэннi хросту Польшчы: духоўны, якi даў новую рэлiгію людзям гэтай зямлi, i дзяржаўны, бо хрост стаўся падмуркам для будавання новай на тыя часы дзяржавы. Пры гэтым Анджэй Дуда звярнуў увагу, што ў гiсторыi Польшчы былi часы, калi яе дзяржаўнасць была знiшчана, аднак заставалася вера, якая дапамагла адрадзiць свабоду i дзяржаўнасць.

На заканчэнне Iмшы 35 святароў i законных сясцёр, якiя выязджаюць на мiсii, атрымалі з рук кардынала П’етро Паралiна місіянерскія крыжы. З выязджаючых на мiсii дзве манахіні i адзiн дыякан едуць у Расiю.



Пасля Iмшы адбылася прэзентацыя фiльма пра хрост Мешкі I.

Другi дзень юбiлейных урачыстасцяў праходзiў у Познанi. Ён пачаўся сумесным пасяджэннем Сейму i Сенату з удзелам бiскупаў Польшчы i гасцей, а таксама дыпламатычнага корпусу. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся на пасяджэннi з паслом Рэспублікі Беларусь у Польшчы Аляксандрам Авяр’янавым.

Мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава, якi прымаў удзел ва ўрачыстасцях, адзначыў, што святкаванне юбiлею хросту гэтай краіны - вялiкая падзея для ўсяго народа, Еўропы i хрысцiянства, і гэтым трэба цешыцца.

Падчас пасяджэння выступіў Прэзiдэнт Польшчы Анджэй Дуда. У сваiм слове, якое было напоўнена клопатам пра маральныя каштоўнасцi, кіраўнік дзяржавы падкрэслiў, што хрост князя Мешкі з’яўляецца найважнейшай падзеяй у гiсторыi польскага народа. 1050 гадоў таму Польшча дабравольна далучылася да еўрапейскай супольнасцi, а хрысцiянізацыя краіны дала ёй моцны iмпульс да развiцця, дадаў Прэзідэнт.

Пасля пасяджэння Сейму і Сенату адбылася музычная араторыя Пазонанскай фiлармонii на тэму хросту Польшчы.

Пасля абеду ад познанскага фарнага касцёла да катэдральнага касцёла свв. апосталаў Пятра i Паўла, які з’яўляецца першай катэдрай у Польшчы, адбылася працэсiя з копiяй абраза Маці Божай Чэнстахоўскай. Копія абраза здзяйсняе перэгрынацыю і з’яўляецца той самай, перэгрынацыя якой адбывалася ў 1966 г., на тысячагоддзе хросту Польшчы.

Потым у катэдры адбылася святая Iмша, якую ўзначалiў папскi легат карынал П’етро Паралін. Ва ўступным слове кардынал назваў працэсію з копіяй абраза Маці Божай Чэнстахоўскай чарговым пацвярджэннем таго, што польскi народ у яго гісторыі дасягае Яе прысутнасць.

Гамiлiю прамовiў старшыня Канферэнцыi Каталіцкіх Бiскупаў у Польшчы арцыбiскуп Познанскі Станiслаў Гандэцкi. Іерарх заклiкаў сваiх землякоў да вернасцi абяцанням сакрамэнту хросту. Старшыня епіскапату Польшчы паўтарыў словы св. Яна Паўла II аб тым, каб людзi захавалi вернасць Хрысту, Яго Крыжу i Яго пастырам, каб супрацьстаялі ўсяму таму, што пагражае чалавечай годнасцi i прынiжае звычаi маральна здаровага грамадства, пагражае яго iснаванню i супольнаму дабру, можа паменьшыць уклад у супольнае дабро чалавецтва, хрысцiянскiх народаў i Касцёла.

У апошнi дзень святкавання яго ўдзельнiкi перанеслiся на новы гарадскi стадыён, якi быў пабудаваны спецыяльна да Чэмпiянату Еўропы па футболе 2012 г. З самай ранiцы там пачалася евангелiзацыйная праграма, у якой прымалi ўдзел музычныя гурты, моладзь, асобы, якiя адышлi ад Бога, а потым навярнулiся. Прагучала шмат узрушаючых сведчанняў.  

Дапаможны бiскуп Кракава Гжэгаж Рысь выступiў са спецыяльнай катэхезай пра навяртанне, у якой сказаў такія значныя словы: «Калi аддам Пану мой грэх, то ён памрэ разам з Iм на крыжы».

Экуменiчная рада Польшчы зачытала Дэкларацыю аб узаемным прызнаннi хросту.

Цэнтральным момантам апошняга дня святкаванняў была святая Iмша на гэтым стадыёне, якую ўзначалiў кардынал П’етро Паралiн. У цэнтры алтара знаходзiўся крыж Сусветных дзён моладзi, а таксама рэлiквii святых i благаслаўлёных з 35 польскiх дыяцэзiй. На знак юбiлею хор складаўся з 1050 чалавек. На стадыёне прысутнiчала каля 45 тысяч вернiкаў.

У гамiлii кардынал П’етро Паралiн заклiкаў палякаў да новага адкрыцця веры i перасцярог перад спакусай лiчыць сябе самадастатковымi людзьмі, якія не маюць патрэбу ў Богу і Яго дапамозе.

Падчас Імшы адбылося аднаўленне абяцанняў хросту, а дзве дзяўчыны прынялі сакрамэнты хросту і канфірмацыі. У працэсii дароў была прынесена самая даўняя кнiга хростаў, якая захавалася ў Познанскім калегiяце. Камунiю ўдзялялi каля 30 дыяканаў i каля 150 свецкiх людзей. Такая вялiкая колькасць тых, хто раздаваў Камунiю, была выклiкана тым, што на стадыёне гэта рабiць вельмi складана.

Напрыканцы Iмшы папскi легат уручыў свецкiм евангелiзатарам крыжы.

Вечарам на стадыёне адбыўся мюзiкл Познанскага музычнага тэатра «Jesus Christ Superstar».



Як распавёў Catholic.by Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, урачыстасцi юбiлею 1050-годдзя хросту Польшчы сталі сапраўдным нацыянальным святам з удзелам польскага епiскапату, вялiкай колькасцi замежных бiскупаў i найвышэйшых уладаў краіны. Высокі ранг урачыстасцяў, па словах Мітрапаліта, асабліва падкрэсліла прысутнасць папскага легата кардынала П’етро Паралiна, якi ўзначалiў усе святыя Iмшы.

Беларускі іерарх адзначыў таксама, што вулiцы Гнезна i Познанi былі ўпрыгожаны лагатыпам свята «Дзе хрост, там надзея»; паўсюль адчуваўся святочны настрой, удзел у набажэнствах i святочных падзеях прымала вялiкая колькасць людзей, сярод якiх былі цэлыя сем’i. «Сапраўды Касцёл у Польшчы пачынае пiсаць новую старонку сваёй гiсторыi з надзеяй, якая выходзіць з сакрамэнту хросту», - сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

(DN), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію