Тэкст на польскай мове>>> Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі
Умілаваныя дыяцэзіяне!
Мы перажываем Святы Год Міласэрнасці. Гэты Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці, абвешчаны Папам Францішкам у трэці год яго пантыфікату, запрашае кожнага з нас адказаць на пытанні: «Кім для мяне з’яўляецца Бог? Кім для мяне з’яўляецца Езус Хрыстус?» Гэтыя пытанні асаблівым чынам адносяцца да кожнага з нас сёння, калі ў свеце існуе вельмі шмат зла і нянавісці, калі ў розных краінах мы бачым грамадскую несправядлівасць, парушэнне фундаментальных правоў чалавека, крызіс сям’і, маладое пакаленне не мае працы, а многія людзі жывуць за рысай беднасці. Дзе ў такім свеце ёсць месца на Божую міласэрнасць? Чаму так цяжка яе прыняць і зразумець?
Божая міласэрнасць – гэта вялікая таямніца Пана Бога і штосьці незразумелае ў вачах людзей. Аналізуючы біблійныя гісторыі, мы можам заўважыць, што Бог праз пэўныя чыны міласэрнасці заўсёды першым выходзіць да чалавека. Так, Бог шукае Адама ў райскім садзе адразу ж пасля першароднага граху. Пан нанова пачынае дыялог з Каінам-братазобойцам. Бог пасылае сваіх анёлаў на выратаванне Лота з Садома, якому было наканавана быць знішчаным. Бог выводзіць народ Ізраэля з Егіпта… Гэта той самы Бог, які ад пачатку гісторыі адорвае ўсе свае стварэнні міласэрнасцю.
Той самы Бог прыходзіць да нас ў Годзе Міласэрнасці. Той самы, які даў нам свайго Сына – Езуса Хрыста. Сына, міласэрнае аблічча якога ахінае нас цяплом свайго позірку штодня. Гэта той Бог, якому прасцей стрымаць гнеў, чым міласэрнасць.
Пан Бог у асобе Езуса Хрыста прыходзіць да нас, у нашыя дамы і месцы працы, у нашыя касцёлы, у нашыя складаныя справы, каб дапамагчы, суцішыць боль, падмацаваць падчас пакутаў і радавацца з намі. Гэта Ён адкрывае перад намі крыніцы сваёй міласэрнасці. Робіць гэта таксама праз сваіх святых.
На землях Палесся мы маем свайго святога – Андрэя Баболю, які дзякуючы свайму місіянерскаму служэнню пашыраў веру ў міласэрнага Бога. Ён хадзіў па вёсках і ў Яго імя вучыў, Божаю моцаю лячыў раны грахоў. Самім сваім жыццём гэты мучанік нашых земляў даваў сведчанне аб міласэрным Айцу, даваў людзям Бога ў постаці святой Камуніі, даваў Бога праз размовы з людзьмі, якія яшчэ не ведалі Яго. Урэшце, ён прабачыў тым, хто здзекваўся з яго, і з іменем Бога на вуснах аддаў сваё жыццё за веру.
Сёння мы, духоўныя нашчадкі вялікага мучаніка за веру і адзінства на нашай зямлі, пакліканы абвяшчаць свету пасланне Божай Міласэрнасці. Мы павінны сведчыць аб ёй у нашых дамах і месцах працы. Праз заступніцтва святога Андрэя Баболі трэба выпрошваць ласкі міласэрнасці, прабачэння і любові да бліжняга.
Няхай дата 16 мая стане добрай нагодай для сведчання нашай веры і лучнасці з духоўнай спадчынай святога мучаніка. У гэты святы час міласэрнасці прыбудзем на адпустовыя ўрачыстасці ў санктуарый cвятога Андрэя Баболі ў Іванаве. Прыбудзем цэлымі сем’ямі, няхай нас будзе шмат. Дадзім сабе магчымасць акунуцца ў Божую міласэрнасць і скаштаваць яе. Дадзім сабе магчымасць аднавіць сваё жыццё.
Разам пройдзем праз Брамы Міласэрнасці, якія знаходзяцца ў санктуарыі Апостала Палесся. Няхай наша сведчанне любові да Хрыста і да яго мучанікаў умацуе нас саміх, нашых блізкіх, а таксама тых, хто не адважваецца вызнаваць веру ва Уваскрослага Езуса Хрыста Міласэрнага.
Пераступаючы парог святых дзвярэй, пакінем усё, што нас мучыць і раніць. Пакінем свае праблемы і клопаты. Увойдзем у Божы дом, ахінутыя Хрыстовай любоўю, супакоеныя Яго апекай. Адкрыем нашыя сэрцы на дар Божай міласэрнасці, адкрыем нашае жыццё на міласэрнае дзеянне Бога.
Сустрэнемся ўсе разам 16 мая каля брамаў санктуарыя святога Андрэя Баболі ў Іванаве, каб супольна святкаваць прыгожы час, у якім мучаніцтва і міласэрнасць абвяшчаюць праўду аб бяздоннай міласэрнай Любові Бога.
На гэты час падрыхтоўкі да ўрачыстасці святога Андрэя Баболі ад усяго сэрца вас благаслаўляю.
+ Антоні Дзям’янка Біскуп Пінскі
Кс. Павел Кручэк Кусташ санктуарыя св. Андрэя Баболі ў Іванаве
Пінск, 4 мая 2016 г.
Паважаныя святары няхай абвесцяць гэтае паведамленне вернікам падчас кожнай святой Імшы ў нядзелю 8 мая 2016 г.
|