Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у пленарным пасяджэнні епіскапату Італіі
Іерархі
19.05.2016 13:06

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Італіі, якая з’яўляецца найбуйнейшай у свеце, налічваючы 423 біскупаў, раз на год запрашае на сваё пасяджэнне гасцей з-за мяжы.

Сёлета ў 69-м пасяджэнні італьянскага епіскапату, якое праходзіла 16-19 мая ў Ватыканскай зале Сінода, прыняў удзел старшыня епіскапату Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Беларускі іерарх быў запрошаны выступіць на пасяджэнні, якое гэтым разам праходзіла на тэму «Аднаўленне клеру праз сталую фармацыю».


Пасяджэнне распачалося вечарам 16 мая выступленнем Папы Францішка. Пантыфік падкрэсліў актуальнасць тэмы пасяджэння, звяртаючы ўвагу на тое, што без святароў Касцёл не можа выконваць сваёй збаўчай функцыі, бо яны дзейнічаюць ад Імя Хрыста. Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што святар з’яўляецца не функцыянерам, а слугой, чалавекам міру і прымірэння вернікаў з Богам і паміж сабой.

«Святар, таксама як і іншы чалавек, схільны да ўплываў часу і яго выклікаў, таму павінен быць сфармаваны такім чынам, каб не страціць сваю ідэнтычнасць», — адзначыў Папа Францішак.

На думку Пантыфіка, святар у сваім служэнні павінен не заставацца на беразе жыцця, але выплысці на глыбіню, і не толькі таму, што гэта яго заданне, але таму, што гэта яго місія. Толькі тады святар будзе мець «пах».

Паводле Папы, мадэллю святара павінен быць адкрыты на людзей, які вядзе просты евангельскі стыль жыцця: гэта робіць яго тым, каму давяраюць вернікі.

Пасля прамовы Пантыфіка пачалася дыскусія з удзелам прысутных біскупаў, якая трывала каля дзвюх гадзін. Яна канцэнтравалася вакол пытання служэння святароў і захавання клімату святарскай супольнасці, а таксама служэння Касцёлу святароў і біскупаў на пенсіі, якіх у Італіі становіцца ўсё больш (сёння іх колькасць дасягае 167 чалавек).

«Адсутнасць духу вядзе да секулярызацыі»

Другі дзень пасяджэння пачаўся выступленнем Старшыні італьянскага епіскапату кардынала Анджэло Баньяска, які прадставіў агульныя праблемы сучаснай секулярнай Еўропы. Пры гэтым іерарх падкрэсліў, што ў сучасным еўрапейскім праве, якое неабходна, няма духу, што вядзе да паглыблення секулярызацыі.

Кардынал прадставіў таксама сацыяльную сітуацыю ў Італіі і задачы Касцёла, якія вынікаюць з гэтага. Іерарх звярнуў увагу найперш на праблему міграцыі, сям’і, дэмаграфіі і выхавання маладога пакалення. Асаблівую ўвагу кардынал звярнуў на праблему пакліканняў да святарства і фармацыі маладых святароў, якія знаходзяцца на першай лініі барацьбы Касцёла за маральныя каштоўнасці.

Затым пачаліся выступленні запрошаных гасцей. У сваім выступленні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў за запрашэнне, перадаючы найлепшыя пажаданні італьянскім братам у біскупстве і дзякуючы за салідарнасць Касцёла ў Італіі з Касцёлам у Беларусі і за дапамогу яму.

Беларускі іерарх распавёў італьянскім сабратам пра трохгадавую пастырскую праграму падрыхтоўкі да 100-годдзя аб’яўленняў Божай Маці ў Фаціме. «Гэтай падрыхтоўкай Касцёл у Беларусі хоча падзякаваць Марыі за рэлігійную свабоду і сацыяльна-палітычныя перамены ў краіне, перапрасіць за грахі народа і папрасіць благаслаўлення на будучыню», — сказаў арцыпастыр.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пазнаёміў італьянскіх біскупаў з праграмай святкавання Надзвычайнага Юбілею Года Божай Міласэрнасці ў Касцёле ў Беларусі, якая ўключае ў сябе розныя мерапрыемствы пастаральнага, сацыяльнага і харытатыўнага характару як на дыяцэзіяльным, так і на нацыянальным узроўні.

Мітрапаліт Кандрусевіч падкрэсліў, што сёлета Касцёл у Беларусі адзначае сярэбраны юбілей адраджэння сваіх структур і заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі пасля шматгадовых ганенняў. Галоўныя ўрачыстасці пройдуць у Будславе 1-2 ліпеня, іх узначаліць папскі легат арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонбарн.


У праграме падрыхтоўкі да святкавання адзін дзень прызначаны для пакаяння (экспіяцыі) за грахі мінулага і за ўсё благое нашых часоў, якія пазначаны секулярызмам і маральным рэлятывізмам.

Згадваючы галоўную тэму пленарнага пасяджэння епіскапату Італіі, беларускі іерарх распавёў італьянскім біскупам пра штомесячную практыку пастырскіх сустрэч святароў і кансэкраваных асобаў, якая існуе ў Беларусі.

Напрыканцы сваёй прамовы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч запэўніў Касцёл у Італіі ў малітве ў яго інтэнцыях.

Аб чым вялася гаворка ў іншых дакладах?

У прысвечаных сталай фармацыі святароў дакладах галоўная ўвага была звернута на фармацыю ў семінарыі, якая закладае фундамент для жыцця і будучай дзейнасці святара.

Была звернута ўвага і на так званыя «Дні святара» — штосьці падобнае да беларускіх пастырскіх сустрэч — і іх значэнне ў фармацыі. На практыцы ў Італіі яны адбываюцца не цэнтралізавана, а ў дэканатах і па сваёй праграме значна карацейшыя — складаюцца ў асноўным з малітвы Літургі гадзінаў, абмену пастырскім вопытам і братэрскага абеду.

Італьянскія біскупы заклікаюць святароў большую ўвагу звяртаць на асабістую і супольную малітву. Вялікае значэнне ў сталай фармацыі, як было адзначана, павінна займаць сумеснае жыццё святароў, якія працуюць у той самай парафіі, і братэрскія адносіны паміж пробашчам і вікарыямі.


Адзначалася, што сталая фармацыя святара — гэта абавязак, бо заўсёды трэба быць гатовым для паспяховага выканання сваіх функцый. Час прыносіць усё новыя выклікі, і святару не дазволена не ведаць, як на іх адказаць, было заўважана падчас пасяджэння. Італьянскае прыказка кажа, што старыя маюць сны, а маладыя — бачанні.

Старыя — гэта, як было адзначана, вопытныя святары, якім сняцца сны пра маладых ахвярных святароў; маладыя — гэта новыя маладыя святары, і яны не могуць быць пасіўнымі, але павінны мець бачанне свайго ахвярнага служэння. Святар у сваім служэнні, як бало дададзена, павінен быць не віртуальным, а рэальным і прысвячаць сваё жыццё Касцёлу.

Вялікая ўвага была звернута на справядлівую адміністрацыю матэрыяльных каштоўнасцяў, што становіцца новай праблемай, асабліва ў сувязі з нарастаючай колькасцю замежных святароў, якія найчасцей паходзяць з бедных краін. Італьянскія біскупы звяртаюць увагу пробашчаў, што яны не з’яўляюцца абсалютнымі гаспадарамі парафіяльнай маёмасці, але толькі яе адміністратарамі.

Новай праблемай Касцёла ў Італіі з’яўляецца тое, што не ўсе дыяцэзіі і парафіі маюць дастатковыя рэсурсы для нармальнай дзейнасці. Таму багацейшыя, як было адзначана, павінны праяўляць салідарнасць з бяднейшымі і дапамагаць ім.

«Удзел у пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Італіі, якая працуе як швейцарскі гадзіннік, дае магчымасць вучыцца таму, як удасканаліць працу ККББ, а таксама развіваць адносіны з італьянскімі біскупамі і іерархамі з іншых краін Еўропы», — адзначыў для Catholic.by арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

(DN), (IL)
Фота Romano Siciliani, www.chiesacattolica.it

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію