У тым, што візіт Прэзідэнта Беларусі ў Ватыкан і сустрэча з Папам
Францішкам, якая адбылася 21 мая, паспрыяе развіццю адносін паміж дзвюма
дзяржавамі, а таксама паміж краінай і Каталіцкім Касцёлам у Беларусі,
выказаў упэўненасць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш
Кандрусевіч. У інтэрв’ю беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё арцыбіскуп нагадаў, што гэта другі візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан. Першы, падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI, адбыўся ў 2009 г. Сённяшнія сустрэчы з Папам Францішкам і Сакратаром Папы кажуць аб дынаміцы адносін, перакананы Мітрапаліт.
«Роля Апостальскай Сталіцы ў свеце вельмі вялікая і таму, мы ведаем, што для вырашэння шматлікіх сусветных праблем вельмі часта звяртаюцца менавіта да яе. Таму для нас – гонар, што Папа прыняў кіраўніка дзяржавы. Гэта таксама падкрэслівае значэнне Каталіцкага Касцёла ў жыцці Беларусі. І я спадзяюся, што будуць і далей развівацца адносіны паміж нашай дзяржавай і Святым Пасадам, а таксама і адносіны паміж дзяржавай і Каталіцкім Касцёлам. Мы ўсе чакаем, што калісьці Папа наведае Беларусь, кожны чалавек задае гэта пытанне, і тут у Рыме таксама. Думаю, што такія сустрэчы могуць наблізіць гэты візіт Пантыфіка ў нашу краіну, а краіна заслугоўвае гэтага», – выказаў меркаванне іерарх.
Тым больш, дадаў арцыпастыр, што ў гэтым годзе Каталіцкі Касцёл у Беларусі адзначае 25-годдзе аднаўлення сваіх структур, па сутнасці, сваё адраджэнне; і сёння, праз чвэрць стагоддзя, Кацёлу ёсць шмат чаго прапанаваць беларускаму грамадству: супрацоўніцтва ў духоўнай, сацыяльнай, адукацыйнай, культурнай сферах. Умацаваць яго дапамагло б пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам, адзначыў арцыбіскуп. Мова аб падрыхтоўцы такого дакумента ідзе даўно, і зараз – час надаць гэтаму працэсу новы імпульс, лічыць беларускі іерарх.
«Калі казаць аб адносінах Касцёла і дзяржавы, то такое пагадненне, а лепш канкардат, але ідзе гаворка менавіта пра пагадненне, з’яўляецца лакмусавай паперай, якая паказвае, што адносіны гэтыя добрыя. Былы Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці шмат рабіў дзеля гэтай справы – падпісання пагаднення. Я ўпэўнены, што новы нунцый таксама будзе працаваць у гэтым напрамку. Аднак сённяшні візіт Прэзідэнта Беларусі ў Ватыкан, напэўна, дае новыя перспектывы, каб сапраўды на міжнародным узроўні роўнымі актамі засведчыць адносіны паміж Беларуссю і Ватыканам і іх развіццё», – сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|