12 чэрвеня, у вігілію папулярнага адпусту св. Антонія, у касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу падзякі за 35 гадоў свайго святарства.
Разам з арцыпастырам за 35 гадоў свайго святарства дзякавалі Богу ксяндзы прэлаты Андрэй і Юрый Стэцкевічы.
Францішканская парафія ў Гродне стала парафіяй Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча пасля таго, як яго сям’я ў 1961 г. пераехала з Адэльска ў горад над Нёманам, дзе будучы іерарх скончыў школу і адкуль паехаў на вучобу ў Ленінград. У 1988-1991 гг. будучы арцыбіскуп быў пробашчам гэтай парафіі.
З гэтай жа парафіяй цесна звязаны і лёс ксяндзоў прэлатаў Андрэя і Юрыя Стэцкевічаў. Вядома, што францішканскі кляштар, які прымыкае да касцёла, быў канфіскаваны савецкімі ўладамі і прыстасаваны пад шпіталь. Менавіта ў гэтым шпіталі нарадзіліся Андрэй і Юрый — браты-блізняцы.
У гаміліі Мітрапаліт засяродзіў увагу на чытаннях ХІ Звычайнай нядзелі, галоўная тэма якіх — міласэрнасць. У першым чытанні прарок Натан папракае караля Давіда за ягоны грэх і ад імя Бога пытаецца, чаму ён зграшыў. Бог намасціў Давіда на караля і даў яму шмат, але даў бы і больш, калі б ён папрасіў. Давід зразумеў свой грэх, шкадаваў за яго, і Бог прабачыў яму. У другім чытанні апостал Павел нагадвае пра апраўданне праз веру ў Езуса Хрыста. Гэта не што іншае, як дар Божай міласэрнасці. І, нарэшце, Евангелле прадстаўляе міласэрнага Езуса, які прабачае грэшніцы яе грахі.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заўважыў, што 35-годдзе святарства ён разам з ксяндзамі прэлатамі Андрэем і Юрыем Стэцкевічамі адзначае ў Юбілейным Годзе Божай Міласэрнасці. Гэта, па словах Мітрапаліта, яшчэ раз заклікае задумацца над веліччу бязмежнай Божай міласэрнасці, якая праяўляецца ў пакліканні да святарства. «Святы Ян Павел ІІ кажа, што пакліканне з’яўляецца дарам і таямніцай, у чым, у сваю чаргу, праяўляцца Божая міласэрнасць», — дадаў іерарх.
Арцыпастыр успомніў былыя часы, калі з кожным днём святароў станавілася ўсё менш і менш, калі здавалася, што са смерцю апошняга святара настане канец Касцёла. Менавіта тады ў францішканскім касцёле ён, будучы інжынерам, прыехаўшы з Вільнюса да бацькоў, у памылкова ўзятым маміным малітоўніку знайшоў яе малітву аб пакліканні да святарства для сына. Яму стала ўсё зразумела. Мама, якая ніколі ні словам не абмовілася аб святарстве для сына, малілася ў гэтай інтэнцыі.
Іерарх узгадаў і яшчэ адно здарэнне. Аднойчы, таксама прыехаўшы з Вільнюса, ён у нядзелю пайшоў у гродзенскі францішканскі касцёл на святую Імшу. Яе, аднак, не было, бо святар захварэў. Выйшаўшы са святыні, будучы Мітрапаліт накіраваўся ў бок бернардынскага касцёла, бо яшчэ толькі там быў святар. Да яго далучыўся сябар са школы і сказаў яму: «Тадэвуш, ты жывеш у Літве, там ёсць семінарыя, ратуй нас, бо мы гінем. Ты можаш стаць святаром!»
Гэтыя факты, па словах Мітрапаліта, так моцна паўплывалі на яго, што восенню таго ж 1976 г. падчас урачыстасцяў Маці Божай Вастрабрамскай, якую называюць Маці Божай Міласэрнасці, ён сказаў: іду ў семінарыю.
Мінула 35 гадоў, якія былі напоўнены служэннем у Літве, Беларусі, Расіі і ізноў у Беларусі. Увесь гэты час, як прызнаўся арцыбіскуп, ён калі не фізічна, то духоўна вяртаўся да францішканскай парафіі ў Гродна, у якой першы раз як біскуп у Беларусі цэлебраваў святую Імшу 27 кастрычніка 1989 г. пасля вяртання з Рыма.
Іерарх падкрэсліў, што вяртаўся сюды з патрэбы сэрца, бо з гэтым касцёлам вельмі цесна звязаны працэс распазнання паклікання да святарства; вяртаўся, бо, калі быў моцна хворы і з мамай знаходзіўся ў шпіталі, то яна аднойчы прынесла яго ў касцёл і паклала на алтар Божай Маці з просьбай аб апецы і выздараўленні. Вяртаўся, бо тут, як сказаў Мітрапаліт, валадарыць святы Антоній. Арцыпастыр прызнаўся, што менавіта перад яго алтаром ён прасіў Бога аб ласцы распазнання жыццёвага шляху.
Мітрапаліт нагадаў вернікам галоўныя заданні святара: вучыць Божай праўдзе, адорваць Божай ласкай у сакрамэнтах і будаваць хрысціянскую супольнасць. «Дзякуючы іх выконванню святар становіцца інструментам Божага дзеяння і пасланнікам людзей перад Богам, вядзе іх да б’ючага Сэрца Езуса, дапамагае спазнаць Божую міласэрнасць, каб выйшлі з адкрытай клеткі граху, у якую самі трапілі», — сказаў іерарх.
«Сёння за ўсё дзякую Богу, Божай Маці і святому Антонію. Перапрашаю за зло, якое вольна ці нявольна ўчыніў. Прашу аб малітве, каб і далей мог плённа выконваць свае святарскія абавязкі», — гэтымі словамі завяршыў гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. (DN), (AG)
|