У выдавецтве Pro Christo падрыхтавана і выдадзена кніга «Laudate
Dominum» (том 1), якая змяшчае ў сабе пастырскія пасланні, гаміліі,
даклады і выступленні арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 2007 па 2015
гады. Тэматычна першы том ахоплівае літургічны год у Касцёле, дабрачыннасць і служэнне дзеля евангелізацыі, справядлівасці і міру, жыццё Касцёла ў Беларусі.
Кніга арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з’яўляецца плёнам яго пастырскай дзейнасці ў духу мудрасці, даверу да Бога і заклапочанасці пра лёс сучаснага чалавека.
Гэты плён духоўнай дзейнасці іерарха, змешчаны ў кнізе, адлюстроўвае дынаміку развіцця Каталіцкага Касцёла за апошнія 9 гадоў яго служэння, акцэнтуе ўвагу на праблемах сучаснага свету, абвяшчае Божую Любоў, а таксама напоўнены надзеяй і міласэрнасцю.
Як патлумачылі Catholic.by у выдавецтве Pro Christo, сёння вядзецца праца над яшчэ дзвюмa кнігамі (том 2 і том 3). У іх увойдуць выступленні іерарха на тэму міжканфесійнага дыялогу, еднасці хрысціян, сацыяльнага вучэння Касцёла, а таксама на тэму сям’і, святарства, Эўхарыстыі і інш.
(IL) паводле ave-maria.by
|