Да ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі
Дарагія ў Хрысце браты і сёстры!
У Юбілейны Год Міласэрнасці, у 25-ю гадавіну адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, мы жадаем асаблівым чынам падзякаваць Пану Богу за ўсе Яго ласкі перад тронам Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, галоўнай Апякункі Пінскай дыяцэзіі.
Хочам праз рукі Найсвяцейшай Панны Марыі даверыць Богу, міласэрнасць якога трывае вечна (пар. Пс 117; 135; Дан 3, 52-90), усе нашы радасці і надзеі, нашае мінулае і будучыню. У сувязі з гэтым запрашаю ўсіх вернікаў дыяцэзіі на супольнае малітоўнае чуванне, якое адбудзецца 21-22 жніўня ў санктуарыі Маці Божай у Лагішыне.
Разам з пілігрымамі, якія прыбудуць пешшу з Баранавічаў і Бярозы, а таксама разам з парафіяльнымі групамі і сем’ямі з розных рэгіёнаў нашай дыяцэзіі, пройдзем праз Браму Міласэрнасці ў санктуарый нашай Нябеснай Маці, Каралевы Палесся. Сабраныя на супольным праслаўленні Пана перад цудадзейным абразом Найсвяцейшай Дзевы, у надзвычайны Юбілейны Год адновім нашы хрысцільныя абяцанні, каб з новай моцай адкрыць у сабе дзеянне ласкі святых сакрамэнтаў (пар. «Misericordiae Vultus», Папа Францішак).
Праходзячы ў малітоўнай працэсіі са свечкамі вакол санктуарыя Маці Божай, будзем сведчыць аб нашай вернасці Езусу Хрысту, дзякаваць Яму за святло веры і выражаць нашу гатоўнасць дзяліцца евангельскім святлом з іншымі людзьмі.
Лагішынскі фэст Каралевы Палесся — гэта нагода асаблівым чынам перажыць сустрэчу з Міласэрным Хрыстом у сакрамэнце пакаяння і паяднання (споведзі), магчымасць паразмаўляць са святаром, даверыць Марыі намеры свайго сэрца і атрымаць адпуст.
Перад абліччам нябеснай Апякункі Пінскай дыяцэзіі ўсе разам даверым Богу, «вялікаму ў Міласэрнасці» (пар. Пс 5), справы нашага мясцовага Касцёла. Будзем маліцца аб тым, каб як найхутчэй кожная парафія, асабліва ў абласных і раённых цэнтрах, змагла пабудаваць сваю ўласную парафіяльную святыню. Будзем прасіць Езуса Хрыста, каб абудзіў сярод юнакоў і дзяўчат евангельскае жаданне прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу і людзям у святарскім і манаскім служэнні. Асабліва будзем маліцца аб пакліканнях у нашу духоўную семінарыю ў Пінску.
Сёлетнія ўрачыстасці ў Лагішыне — гэта таксама нагода падзякаваць Пану Богу за дар вялікіх пастыраў нашай зямлі, якія рупліва служылі Богу ў цяжкія часы атэістычнага пераследу. У гэтым годзе прыпадае 5-я гадавіна смерці Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка, вялікага сведкі веры; 25-я гадавіна смерці ксяндза інфулата Вацлава Пянткоўскага, які ў найбольш цёмныя часы атэізму самааддана кіраваў Пінскай дыяцэзіяй і рыхтаваў новых святароў; 30-я гадавіна смерці ксяндза Ежы Росяка. Усе гэтыя пастыры былі выпускнікамі нашай духоўнай семінарыі ў Пінску. Яны далі сведчанне нязломнага духу і гераічнай вернасці свайму пакліканню. Узгадваючы гэтых вялікіх святароў, мы пацвярджаем сваёй малітвай удзячную памяць пра іх і жадаем па іх прыкладу быць вернымі Богу і Касцёлу.
Няхай вернікі з усёй Пінскай дыяцэзіі збяруцца 21-22 жніўня разам вакол Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лагішыне, каб з Ёю і праз Яе матчыную малітву ўсхваляць Бога, бясконцага ў міласэрнасці (пар. Пс 102). Няхай у сэрцы кожнага з нас гучаць словы, запісаныя святой Фаўстынай: «Бог нікому не адмаўляе ў Міласэрнасці. Неба і зямля могуць прамінуць, але ніколі не вычарпаецца Міласэрнасць Бога» (Дзённік, 72). Няхай гэтую Міласэрнасць спазнае кожны ў санктуарыі Каралевы Палесся ў Лагішыне.
З пастырскім благаслаўленнем, + Антоні Дзям’янка Біскуп Пінскі
Пінск, 8 жніўня 2016 г.
Шаноўныя святары няхай абвесцяць гэтае паведамленне вернікам падчас кожнай святой Імшы ў нядзелю 14 жніўня 2016 г.
|