Біскуп Антоні Дзям’янка прыняў удзел у трэцяй сусветнай Сустрэчы народных рухаў у Рыме |
Іерархі |
08.11.2016 10:58 |
У Рыме завяршылася Трэцяя сусветная сустрэча народных рухаў, у якой прымаў удзел біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Міжнародны форум завяршыўся напярэданні аўдыенцыяй у Ватыкане. «Тэмы, узнятыя на гэтым форуме, датычылі адказнасці за зямлю, прыродныя рэсурсы, жыццё чалавека, яго свабоду, — расказаў у каментарыі беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. — Пытанні, якія ўздымалі прадстаўнікі розных кантынентаў, гэта свабода сумлення, веравызнання, захавання народных звычаяў, а таксама адказнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў і справядлівы падзел прыродных багаццяў», — пералічыў беларускі іерарх. У сустрэчы прынялі ўдзел каля 170 чалавек з 65 краін свету. Асаблівае месца займалі дыскусіі прадстаўнікоў Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі, бо вышэйпералічаныя пытанні, а дадаткова да іх і праблема існаваяння мафіёзных структур, вельмі актуальныя і нават балючыя для гэтых рэгіёнаў. Тэмы, якія ўздымаліся на форуме, біскуп Пінскі суаднёс і з беларускай рэальнасцю. «Будучы на сустрэчы я падумаў, што наша зямля, наша краіна ў мінулым таксама перажывала войны. Вялікая тэхнагенная катастрофа — аварыя на Чарнобыльскай АЭС, з якой была звязана маштабная праграма перасялення з забруджаных тэрыторый. І тут прыходзяць думкі пра адказнасць за чалавечае жыццё ад зачацця да натуральнай смерці, а таксама пра патрэбу асцярожнага, узважанага падыходу да новых тэхналогій, якія ў многім аблягчаюць жыццё, але пры неадказным падыходзе могуць прывесці да рознага роду трагедый», — распавёў біскуп Антоні Дзям’янка. Чырвонай ніткай праз ватыканскі форум прайшла думка аб тым, што ў жыцці кожнага чалавека на планеце павінны быць тры рэчы: праца, жыллё, зямля. Падзея і задумвалася як разважанне над гэтым патрабаваннем і над пытаннем, якімі інструментамі — духоўнымі, палітычнымі ці грамадскімі —дасягнуць гэтай мэты. |