Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB у каментарыі для Catholic.by падзяліўся сваімі думкамі пра падпісаны папам Францішкам дэкрэт аб пацвярджэнні мучаніцтва арцыбіскупа Тэафілюса Матулёніса.
2 снежня стала вядома, што Матулёніс — былы арцыбіскуп Магілёўскай архідыяцэзіі, будзе беатыфікаваны.
«Для Магілёўшчыны беатыфікацыя былога дапаможнага біскупа адбываецца ў найбольш прыдатны час, калі мы нанова адкрываем багацце і веліч Каталіцкага Касцёла на Магілёўшчыне, а таксама свае моцныя і глыбокія каталіцкія карані», — адзначыў іерарх.
Прыклад арцыбіскупа Матулёніса — сведчанне непахіснасці ў веры «З вялікай радасцю і ўдзячнасцю Богу я прыняў сённяшнюю навіну аб рашэнні Святога Айца Францішка абвясціць благаслаўлёным былога дапаможнага біскупа Магілёўскай дыяцэзіі Тэафілюса Матулёніса.
Для нашай Бацькаўшчыны гэта яшчэ адзін доказ існавання моцнай і жывой веры пастыраў нашага Касцёла, а таксама іх цнатлівага і адданага жыцця дзеля Хрыста, Касцёла і сваёй паствы ў нялёгкія часы.
Арцыбіскуп Тэафілюс Матулёніс, які столькі выцярпеў у перыяд ганенняў і атэізацыі, менавіта непахіснасц’ю веры і адзначаўся, стаўшы сапраўдным мучанікам і прыкладам цнотаў», — падкрэсліў біскуп Яшэўскі.
«Святыя для нас з’яўляюцца жывым каментарыем Евангелля, а таксама Асобы і жыцця Езуса. Больш глыбокае пазнанне жыцця і цнотаў нашага новага благаслаўлёнага біскупа Тэафілюса дапаможа больш наблізіцца да Езуса і наследаваць яго ў штодзённым жыцці.
Сярод шматлікіх благаслаўлёных, якіх ужо мае магілёўская зямля, арцыбіскуп Тэафілюс Матулёніс стане яшчэ адным святым заступнікам для вернікаў Магілёўшчыны. Дзякуючы Богу за гэты дар, будзем маліцца аб хуткім вынясенні арцыбіскупа Тэафілюса Матулёніса да ліку святых», — заключыў іерарх.
(IL)
|