Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч падчас душпастырскай сустрэчы ў Пінску: «Гісторыя Марыі, Юзафа і Захарыі сведчыць, што заўсёды трэба заставацца верным Богу»
Іерархі
20.12.2016 10:58

19 снежня ў пінскай катэдры прайшла душпастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Пінскай дыяцэзіі, у якой прымалі ўдзел біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Распачалася сустрэча супольнай святой Імшой, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У гаміліі, скіраванай да прысутных падчас св. Імшы, Мітрапаліт Кандрусевіч засяродзіўся на чытаннях, якія выпадаюць на адвэнтавы перыяд.

«Расказаная ў чытанні на чацвёртую нядзелю Адвэнту гісторыя пра  пасвячэнне св. Юзафа ў таямніцу Богаўцелаўлення ў пэўным сэнсе падобна да гісторыі Звеставання», — адзначыў іерарх.

«Марыя таксама не ведала, як прыняць праўду аб тым, што Бог выбраў яе, незамужнюю жанчыну, быць Маці Збаўцы. Падобна да сённяшняга евангельскага аповеду аб абвяшчэнні Захарыі, што ў яго сям’і народзіцца сын, якому Бог даверыць заданне падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу. Розніца толькі ў тым, што Марыя і Юзаф прынялі Божую волю, а Захарыя засумняваўся», — дадаў арцыпастыр.

Мітрапаліт распавёў адну легенду, паводле якой першыя місіянеры ў Мексіцы ўвялі звычай несці кветкі да ясляў Езуса. Аднойчы на гэтай дарозе, перапоўненай людзьмі, у баку стаяла дзяўчынка, якая плакала, бо не мела на што купіць кветак.

«Святар сказаў ёй выцерці слёзы, узяць пустазелле, якое расло побач з дарогай, і занесці Езусу. “Але ж гэта не кветкі”, — адказала дзяўчынка. «Бяры і нясі, бо паслухмянасць з’яўляецца вельмі важнай цнотай», — быў адказ святара. Як кажа легенда, калі дзяўчынка нарвала пустазелля і пайшла ў напрамку ясляў, то яно замянілася ў кветкі надзвычай прыгожага чырвонага колеру».

«Гэта ж пустазелле, а я хачу кветак»

На думку Мітрапаліта, паслухмянасць гэтай дзяўчынкі, як і паслухмянасць Марыі і Юзафа стала пачаткам практычнага ажыццяўлення Божага плану збаўлення.

«Анёл тлумачыць Марыі, якім чынам яна стане Маці Збаўцы і яна згаджаецца. Таксама анёл тлумачыць Юзафу яго ролю ў гісторыі збаўлення і ён яе прымае. Але з Захарыяй было не так: ён засумняваўся і быў пакараны тым, што застаўся глуханямым да нараджэння св. Яна Хрысціцеля», — заўважыў арцыпастыр.

Поўны тэкст гаміліі ТУТ››

Паводле слоў арцыбіскупа Кандрусевіча, кожны з нас у сваім жыцці павінен часам рабіць выбар, які можа адносіцца да веры, маральнасці ці справядлівасці:

«Ці мы павінны ісці за вучэннем Касцёла, калі нам лагічна падаецца, што Касцёл не паспявае адказваць на выклікі часу і яго вучэнне не адпавядае жыццёвай рэальнасці?

Ці святары заўсёды паслухмяны біскупу, а вернікі — святару, калі ён забараняе чыніць тое, што ім хочацца, не зважаючы на касцёльную дісцыпліну ці маральныя нормы? І ці не паўтараем мы тады словы мексіканскай дзяўчынкі, што гэта пустазелле, а мы хочам кветак?» — спытаў іерарх.

Арцыбіскуп дадаў, што гісторыя Марыі, Юзафа і Захарыі вучыць таму, што  «заўсёды трэба заставацца верным Богу і нашаму пакліканню, не гледзячы на абставіны і пануючыя ў грамадстве тэндэнцыі».

«Мудрасць заключаецца ў распазнаванні Божай волі, — падкрэсліў іерарх. — Гэта не проста, але Марыі, Юзафу і Захарыі таксама было не проста. Калі ж мы робім усё магчымае, добрасумленна прытрымліваемся Божага закону, настаўленняў біскупаў і святароў, то можам быць упэўнены, што выконваем Божую волю. А Бог заўсёды хоча толькі дабра», — заключыў Мітрапаліт.

Пасля святой Імшы адбылася аплаткавая сустрэча прысутных біскупаў са святарамі і кансэкраванымі асобамі Пінскай дыяцэзіі, а таксама выкладчыкамі і навучэнцамі Вышэйшай духоўнай семінарыі св. Тамаша Аквінскага.

Таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч распавёў прысутным пра апошнія падзеі ў жыцці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і планах на 2017 год, падкрэсліўшы значэнне плянарнай сесіі Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, якая пройдзе ў Мінску, а таксама нагадаў пра важнасць святкавання 100-годдзя фацімскіх аб'яўленняў.

(DN), (IL)Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію