Мітрапаліт Кандрусевіч пра законапраект аб этычных нормах для медыкаў: гэты праект — дыскрымінацыя вернікаў |
Іерархі |
22.12.2016 14:23 |
Новы законапраект аб нормах медыцынскай этыкі Мітрапаліт
Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч назваў дыскрымінацыяй
вернікаў. Так, паводле аднаго з пунктаў законапраекта плануецца забараніць медыцынскім работнікам «відавочную дэманстрацыю рэлігійнай прыналежнасці і адкрытае нашэнне рэлігійных знакаў і сімвалаў». «Добра разгледзеўшы гэты праект, бачна, што этыкі там не вельмі многа, — абурыўся іерарх на перадкаляднай прэс-канферэнцыі. — Больш таго: адзін з пунктаў забараняе публічна насіць рэлігійныя знакі. Я не ведаю, куды мы вяртаемся...» На думку арцыпастыра этычныя нормы паводзін для медыкаў патрэбны, але яны павінны ўлічваць і права чалавека на свабоду веравызнання. «Можна [адкрыта] насіць значок прыналежнасці да партыі, грамадскай арганізацыі, а значок прыналежнасці да сваёй рэлігіі — нельга. Рэкламы піва, алкаголю і тытуню дапушчальныя, а рэлігійны знак — не! Гэта не што іншае, як дыскрымінацыя вернікаў», — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх дадаў, што спадзяецца на выпраўленне вышэйзгаданых пунктаў у праекце закона, а таксама адзначыў, што ў бліжэйшыя дні будзе апублікавана паведамленне, у якім будзе прадстаўлена афіцыйная пазіцыя Касцёла адносна гэтай справы.
|