Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч свой дзень нараджэння адзначыў малітвай ў мінскай архікатэдры
Іерархі
04.01.2017 12:12

3 студзеня, у дзень свайго нараджэння, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Эўхарыстыю ў мінскай архікатэдры. Сімвалічна, што ў літургічных чытаннях гэтага дня ўзгадваўся св. Ян Хрысціцель, які называў сябе «голасам таго, хто кліча ў пустыні», — голасам Збаўцы.

Архіўнае фота, 2016 г.

Менавіта гэтым голасам для беларускіх католікаў з’яўляецца арцыбіскуп Тадэвуш, які энергічна ўзначальвае Касцёл у нашай краіне.

Разважаючы над рэфрэнам рэспансарыйнага псальма падчас св. Імшы іерарх адзначыў, што рэфрэн вельмі добра перадае атмасферу перыяду Раства Хрыстовага, «калі мы разважаем аб праўдзе нашай веры пра Богаўцелаўленне».

У гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў, што на авансцэне чытанняў, якія прыпадаюць на 3 студзеня, знаходзяцца два Яны — св. Ян Хрысціцель і св. Ян апостал.

«Святы Ян Хрысціцель быў пакліканы Богам падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Пану, што і ўчыніў. Евангелле паказвае св. Яна Хрысціцеля як вельмі пакорнага, які не шукаў сваёй славы, але славы Збаўцы», — сказаў іерарх.

Прыводзячы разважанні св. Аўгустына, Мітрапаліт звяртае ўвагу на кантраст паміж Езусам і Янам: «Аўгустын падкрэслівае пакорнасць Яна, які называў сябе голасам таго, хто клікаў у пустыні. Ян — гэта голас, які быў чутны толькі праз нейкі час, а Хрыстус — гэта Слова, якое жыве вечна. Калі адымем слова, то чым будзе голас? Голас без слова трапляе да вуха, але не будуе сэрца. Голас служыць для пераказу слова і яго значэння, пасля чаго знікае».

Як адзначыў арцыпастыр, у сваёй пакорнасці Ян разумеў, што быў толькі голасам, які сведчыць пра Хрыста, або лямпай, якая сведчыць пра вечнае святло, якім ёсць Хрыстус.

«Ён добра разумеў, што яго голас не будуць слухаць, калі гэта будзе голас ганарлівага чалавека. Ён таксама разумеў, што лямпу, якою ён з’яўляўся, можа згасіць вецер пыхі, і таму заставаўся пакорным», — падкрэсліў Мітрапаліт.

Згадваючы гісторыю таго, як св. Ян Хрысціцель накіраваў сваіх вучняў за Езусам, арцыбіскуп нагадаў, што і вернікі сучаснасці «інкарпараваны ў Хрыста».

«Але ці заўсёды мы застаёмся вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню, якое заключаецца не толькі ў захаванні Божага закону, але і ў дапамозе іншым пазнаць Хрыста? Для гэтага неабходна кожны дзень прыкладам свайго жыцця пацвярджаць нашае пакліканне».
«Вернік, які жыве справядліва і з’яўляецца Божым дзіцём, не павінен грашыць. Быццё дзіцём Божым — гэта быццё новым стварэннем, пакліканым да ідэнтыфікацыі з Хрыстом», — падкрэсліў іерарх.

Тэкст гаміліі цалкам ТУТ››

Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч перасцярог прысутных перад уплывам злога духа і нагадаў пра Божую моц, якая аберагае.
«Хто прымае Бога, той чэрпае з Яго моц для супрацьстаяння злу. Таму мы, як хрысціяне, не маем права ігнараваць Бога», — сказаў іерарх.

«Чалавек змушаны да выбару паміж дабром і злом, — адзначыў Мітрапаліт. — Бог не можа нас збавіць без нас, як кажа св. Аўгустын. І толькі Езус падтрымлівае нас і ачышчае нашы душы ад граху. Яго сёння праз прызму стагоддзяў паказвае нам св. Ян Хрысціцель», — заключыў іерарх.

(DN), (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію