Беларускія іерархі прабываюць з візітам у Варшаве |
Іерархі |
26.01.2017 08:26 |
З кароткім візітам у Варшаву прыехалі каталіцкія біскупы Беларусі. 25 студзеня іерархі сустрэліся з прадстаўнікамі нямецкай дабрачыннай арганізацыі Renovabis, Папскага таварыства Дапамога Касцёлу на Усходзе пры польскім епіскапаце, а таксама з Канферэнцыяй Біскупаў ЗША. Гэта тры найбуйнейшыя інстытуцыі, якія ўжо многія гады дапамагаюць Касцёлу ў Беларусі.
Біскупы з Беларусі падчас візіту ў Польшчу сустрэліся, між іншым, з генеральным сакратаром Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Польшчы біскупам Артурам Мізінскім, а таксама з дырэктарам таварыства Дапамогі Касцёлу на Усходзе кс. Лешэкам Крыжам TChr. Як падкрэсліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у размове з KAI, дзякуючы атрыманай дапамозе ў Беларусі рэалізуюцца такія праекты як будаўніцтва касцёлаў, дабрачыннасць, адукацыйныя праграмы, выдавецкая справа. «Пасля падзення Савецкага Саюзу, калі Беларусь і іншыя рэспублікі былога СССР атрымалі рэлігійную свабоду, самым складаным было адбудаваць тое, што было знішчана», — адзначыў іерарх, тлумачачы неабходнасць дапамогі звонку. Мітрапаліт Кандрусевіч таксама паведаміў, што ёсць ідэя сабрацца беларускім іерархам і дабрачынцамі разам, «і гэтая ідэя рэалізуецца». Беларускі іерарх патлумачыў, што для лепшай каардынацыі дапамогі, якая аказваецца, у гэтыя дні ў Варшаве пройдзе асобная сустрэча таксама толькі для дабрачынцаў. Паводле episkopat.pl (VGr) |