Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч падчас Імшы ў мінскай парафіі ў Сухараве: «Нярэдка ў касцёле мы адны, а ў жыцці абсалютна іншыя. А гэта ўжо крывадушнасць»
Іерархі
29.01.2017 23:41

29 студзеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў сталічную парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Сухарава) і ўзначаліў святую Імшу.

У сваёй гаміліі ён звярнуў увагу на тое, што восем благаслаўленняў, пра якія казаў Езус у сваім казанні на гары, павінны стаць маральным кодэксам кожнага хрысціяніна.

«У сённяшнім Евангеллі Езус кажа на першы погляд вельмі дзіўныя словы, бо благаслаўлёнымі называе церпячых, засмучаных, галодных, вязняў, тых, хто дасвядчае несправядлівасць, пераследуемых і г.д., — адзначыў іерарх. — Але трэба памятаць аб тым, што Божыя і чалавечыя крытэрыі шчасця кардынальна розняцца паміж сабой.

Калі маладая і прыгожая дзяўчына выбірае законнае жыццё, то людзі кажуць, што яна сама адмаўляецца ад шчасця. Але ці так ёсць насамрэч? Ці вочы амаральна жывучых маладых людзей свецяцца такой самай радасцю і надзеяй, як вочы законніцы?».

Як дадаў арцыбіскуп, калі «мы, як веруючыя хрысціяне, бачым зло, то павінны не шкадаваць яго і чыніць усё магчымае, каб супрацьпаставіцца яму».
«У гэтым сэнсе мы, хоць і церпім, але ў той сам час становімся благаслаўлёнымі, бо клапоцімся аб маральным абліччы чалавека і ўсяго грамадства», — сказаў іерарх.

«Менавіта таму Касцёл звяртае такую вялікую ўвагу на захаванне маральных прынцыпаў. Ён не можа заставацца паліткарэктным у пытаннях захавання Божага закону, падтрымліваць амаральны стыль жыцця і зацвярджаць зло, што вядзе да самазнішчэння грамадства. Існуе нейкая чырвоная лінія, якую Касцёл не можа пераступіць, бо з’яўляецца вартаўніком Божага закону», — падкрэсліў арцыпастыр.

Секулярызм і яго небяспека

Паводле слоў Мітрапаліта Кандрусевіча, наша вера павінна пацвярджацца штодзённым жыццём.

«Калі падчас набажэнства мы кажам аб любові Бога, то гэта любоў павінна праяўляцца таксама і ў любові бліжніх, — нагадаў іерарх. — Святы апостал Ян кажа, што нельга любіць Бога, якога не бачым, калі не любім бліжняга, якога бачым. Праблема ў тым, што нярэдка ў касцёле мы адны, а ў жыцці абсалютна іншыя. А гэта ўжо крывадушнасць».

Нагадваючы пра юбілей фацімскіх аб’яўленняў, якія Каталіцкі Касцёл будзе святкаваць сёлета, біскуп адзначыў, што «пасля трох пакаленняў ганенняў наша краіна вярнулася на шлях адраджэння веры, так, як абяцала Марыя ў Фаціме 100 гадоў таму».

На думку іерарха, сёння свет патанае, аднак, у выкліках секулярнага свету, пра што сведчыць колькасць разводаў і абортаў, практыка штучнага апладнення, маральная разбэшчанасць моладзі, гендарная ідэалогія і г.д.

«Гэта духоўныя паталогіі нашага грамадства, якія могуць прывесці да непапраўных вынікаў», — сказаў іерарх.

Тэкст гаміліі цалкам тут››

«Нашы продкі ў абставінах жорсткага пераследу веры захавалі яе. Цяпер наша чарга. Гісторыя нам не даруе, калі мы не выкарыстаем дадзены нам Богам шанец адраджэння і захавання веры», — зазначыў арцыбіскуп.

Адметна, што ў гэты дзень у парафіі Беззаганнага Зачацця Панны Марыі якраз знаходзілася фігура Маці Божай Фацімскай, перэгрынацыя якой у межах малітоўнай падрыхтоўкі да 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай трывае ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

«Марыя сёння прыходзіць да нас, каб у гэты рашучы час нашай гісторыі, калі ўзважваюцца маральныя лёсы свету і нашай краіны, заклікаць заўсёды заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню, вернымі маральным традыцыям нашых продкаў», — падкрэсліў арцыбіскуп.

(DN), (IL)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію