Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Бізнес без апоры на хрысціянскіх каштоўнасцях не мае перспектывы»: Мітрапаліт Кандрусевіч завяршыў візіт у ЗША
Іерархі
27.03.2017 12:49

З 20 па 25 сакавіка Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч з групай спецыялістаў з мінскай школы бізнесу знаходзіўся ў ЗША па запрашэнні фонду Urbi et Orbi («Гораду і свету»), які падтрымлівае дыялог паміж католікамі і праваслаўнымі з мэтай паляпшэння ўзаемаразумення і сяброўства.

Галоўнай мэтай візіту стала ідэя падрыхтоўкі беларускай бізнес-эліты на прынцыпах хрысціянскай этыкі. Як падкрэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч, практыка штодзённага жыцця і вядзення бізнесу паказвае, што без базавання яго на маральных каштоўнасцях ён не мае перспектывы.

20 сакавіка, ва ўрачыстасць св. Юзафа, беларускі іерарх узначаліў св. Імшу для супрацоўнікаў Канферэнцыі Біскупаў у ЗША ў капліцы амерыканскага епіскапату. У гаміліі арцыпастыр падзякаваў амерыканскім католікам за малітву аб свабодзе веравызнання ў СССР у часы ганенняў за веру. Менавіта тады кожны дзень у амерыканскіх касцёлах пасля Імшы чыталася спецыяльная малітва ў гэтай інтэнцыі.

«Гэта быў знак салідарнасці з намі ў цяжкія гады ганенняў. Тады мы не маглі публічна прамаўляць і маліцца, але ў нашых інтэнцыях гэта рабілі амерыканскія католікі», — падкрэсліў беларускі іерарх.

«Пасля таго, як мы атрымалі прадказаны Марыяй у Фаціме дар свабоды веравызнання, салідарнасць амерыканскіх католікаў не завяршылася і праяўляецца праз дапамогу ў рэстаўраванні старых і будаўніцтве новых касцёлаў, праз падтрымку ў справе фармацыі новых святароў, падрыхтоўкі літургічнай і рэлігійнай літаратуры», — дадаў Мітрапаліт Кандрусевіч, дзякуючы за малітву і дапамогу, без якой цяжка было б гаварыць аб адраджэнні Касцёла ў Беларусі.

Арцыпастыр нагадаў, што ў гэтым годзе менавіта 20 сакавіка Каталіцкі Касцёл успамінае св. Юзафа — апекуна Святой Сям’і. «Прыклад апекуна Езуса павінен служыць нам, людзям XXI стагодзя, якія забываюцца пра Божы закон і больш гавораць, чым робяць», — адзначыў іерарх.

Мітрапаліт Кандрусевіч дадаў, што ў свята св. Юзафа Святы Айцец Францішак адзначае чацвёртую гадавіну сваёй інтранізацыі як Біскупа Рыма. Іерарх заклікаў прысутных у часе Вялікага посту маліцца да св. Юзафа, каб апекаваўся папам Францішкам і ўсімі вернікамі.

У сталіцы ЗША беларуская дэлегацыя сустрэлася з арцыбіскупам Вашынгтона кардыналам Дональдам Вюрлам, кіраўніцтвам Бюро дапамогі Касцёлу ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе пры Канферэнцыі Біскупаў у ЗША, а таксама рэктарам і кіраўніцтвам Каталіцкага ўніверсітэта Амерыкі. У Нью-Ёрку дэлегацыя сустрэлася з кардыналам Цімаці Доланам, a таксама з Каталіцкай дабрачыннай арганізацыяй для Усходу (CNEWA).

Падчас сустрэч былі прадстаўлены і абмеркаваны планы падрыхтоўкі бізнес-эліты на прынцыпах хрысціянскай этыкі. У амерыканскай аўдыторыі праект выклікаў вялікі інтарэс. Была падкрэслена своечасовасць ініцыятывы, бо на постсавецкай прасторы падобны план паспяхова рэалізуецца толькі ў Львоўскім каталіцкім універсітэце.

У Каталіцкім універсітэце Амерыкі арцыбіскуп Кандрусевіч таксама прачытаў лекцыю пра Касцёл у краінах былога Савецкага Саюза, падчас якой падрабязна спыніўся на Расіі і Беларусі і адказаў на шматлікія пытанні прысутных, сярод якіх была і ўраджэнка Пінска, якая вучыцца ў мясцовым каталіцкім універсітэце Божай міласэрнасці.

25 сакавіка ў Нью-Ёркскай катэдры св. Патрыка Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у велікапоснай сустрэчы арцыбіскупа Нью-Ёрка кардынала Цімаці Долана з членамі арганізацыі Святога Гробу Пана і Мальтыйскага ордэну і выступіў перад імі з прамовай. Беларускі іерарх пажадаў Касцёлу ў Амерыцы Божага благаслаўлення і апекі Марыі.


(DN), (VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію