Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, выступаючы 2 мая ў Акадэміі кіравання
пры Прэзідэнце РБ з дакладам пра ўзаемадзеянне Касцёла і дзяржавы,
пракаментаваў патрабаванні некаторых аддзелаў ідэалогіі прадастаўляць
спісы вучняў нядзельных школ. Ілюстрацыйнае фота Паводле слоў іерарха, для катэхізацыі дзяцей выкарыстоўваюцца адпаведныя падручнікі, зацверджаныя касцёльнай уладай.
«Ніхто нічога не хавае і нікога не вучыць патаемна», — падкрэсліў арцыпастыр.
Як адзначыў Мітрапаліт, вялікую занепакоенасць у яго выклікае патрабаванне некаторых аддзелаў ідэалогіі «прадстаўляць праграму навучання Катэхізісу ў нядзельных школах і спісы дзяцей, якія іх наведваюць».
«Гэта нішто іншае, як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Касцёла і неадпаведнасць закону аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацый», — абурыўся іерарх.
«Якая мэта такіх патрабаванняў? Праверыць прававернасць навучання дзяцей? Дазвольце спытаць: “А суддзі хто?” Хто з супрацоўнікаў ідэалагічных аддзелаў скончыў каталіцкі, праваслаўны, юдэйскі, мусульманскі ці пратэстанцкі ўніверсітэт?»
Іерарх дадаў, што гэта не адзіная праблема ў адносінах з мясцовымі органамі ўлады — часта ў розных раёнах ставяцца розныя патрабаванні да інфармацыі аб дзейнасці рэлігійных арганізацый.
«Прыйшоў час вырашыць пытанне аб рэлігійным выхаванні ў школе на факультатыўнай аснове, як гэта прынята ў многіх краінах свету, — зазначыў арцыбіскуп. — Ці ёсць сярод каштоўнасцяў, на якіх мы выхоўваем у школе дзяцей, духоўныя каштоўнасці? Яны актуальныя заўсёды і незамяняльныя ў працэсе выхавання маладога пакалення», — заключыў Мітрапаліт.
Ілья Лапато
|