Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў |
21.01.2017 19:01 |
ДАЎНЯЕ МІНАЕ — НАСТУПАЕ НОВАЕ Мінская архікатэдра, 21 студзеня 2017 г. Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. Тэма сёлетняга Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў узята з Другога Паслання св. апостала Паўла да Карынцянаў (2 Кар 5, 14–20): «Паяднанне — любоў Хрыста ахапіла нас». Тэма вельмі актуальная, бо, нягледзячы на існуючыя падзелы і непаразуменні, якія, на жаль, яшчэ існуюць у хрысціянскім свеце, мы добра ведаем, што Хрыстус сваёй любоўю абдымае ўсіх нас. Ён аддаў сваё жыццё на Галгофе за ўсё чалавецтва і хоча, каб усе людзі пазналі Божую праўду і, жывучы ёю, дасягнулі збаўлення. Таму ў нашых змаганнях за адзінства мы не адны — з намі Хрыстус. 2. Феноменам сучаснага жыцця з’яўляецца імкненне людзей перасяляцца ў гарады. Мы перажываем сапраўдны exodus, унутраную міграцыю з вёскі ў горад. Ужо 20% насельніцтва Беларусі жыве ў Мінску. Такім чынам, жыхары сталіцы нашай Бацькаўшчыны, хочуць гэтага ці не, усведамляюць гэта ці не, з’яўляюцца мінчанамі. Гэтае слова іх аб’ядноўвае. Таксама слова «хрысціянін» павінна аб’ядноўваць нас, бо мы ўсе належым да Хрыста. Дзякуючы сакрамэнту хросту мы інкарпараваліся (уключыліся) у Яго і сталі Ягонымі. У Хрысце мы маем пункт аднясення ў нашых імкненнях да адзінства. Гэта тая навіна, якая адрознівае нас ад неахрышчаных. Таму да нас, хрысціянаў, св. апостал Павел адрасуе словы з таго ж Другога Паслання да Карынцянаў: «даўняе мінула» (пар. 2 Кар 5, 17). Менавіта гэтыя словы з’яўляюцца тэмай сённяшняга дня Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў. 3. Нярэдка ў нашым жыцці мы жывём мінулым. Мінула 25 гадоў ад абвяшчэння незалежнасці Беларусі, вырасла новае пакаленне маладых людзей, фарміруюцца новыя міжнародныя адносіны і г.д. Аднак у той жа час у многіх людзей усё яшчэ існуе настальгія па мінулым. Мы забываемся, што немагчыма павярнуць раку назад, як немагчыма двойчы ўвайсці ў тую ж саму раку. Свет развіваецца, і кожны дзень прыносіць новае. Таксама і ў нашых узаемных міжхрысціянскіх адносінах павінна прысутнічаць навізна, бо старое мінае і прыходзіць новае. 4. На мінулым тыдні 9–12 студзеня ў Парыжы праходзіў V Еўрапейскі каталіцка-праваслаўны форум, галоўнай тэмай якога быў супольны хрысціянскі адказ на выклікі тэрарызму і пераследу хрысціян. Дарэчы, трэба падкрэсліць, што ў чэрвені 2014 г. у Мінску праходзіў падобны чацвёрты форум, які моцным рэхам адбіўся як у нашай краіне, так за мяжой, і стаў яшчэ адным крокам на шляху да такога жаданага адзінства хрысціянаў. Падчас сёлетняга форуму ў Парыжы старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён адзначыў, што сустрэча папы Францішка і Патрыярха Кірыла ў Гаване на Кубе ў 2016 годзе распачала новую старонку ў адносінах паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Гэта тая навіна, якую свет чакаў амаль тысячу гадоў. Удзел папы Францішка ў святкаванні 500-годдзя рэфармацыі, якое праходзіла ў мінулым годзе ў Швецыі, — гэта таксама новая старонка ў адносінах паміж католікамі і лютэранамі. Сапраўды, даўняе мінае і прыходзіць новае. 5. Праўдай з’яўляецца тое, што ў жыцці неабходна браць пад увагу мінулае, бо гэта наша гісторыя, Маці-настаўніца, і на ёй трэба вучыцца. Аднак успамін пра цяжкія старонкі гісторыі — гэта не імкненне нанова адкрываць залечаныя раны і пасыпаць іх соллю. Гісторыю трэба ведаць для таго, каб вучыцца на памылках мінулага і ў будучым іх не паўтараць. У той жа час успамін мінулага, асабліва ўзаемных крыўдаў, можа паралізоўваць працэс наладжвання новых адносін, перашкаджаць яму. Таму словы св. апостала Паўла, што «даўняе мінула», павінны быць для нас імператывам, каб адважна следаваць за Хрыстом і жыць у Ім новым жыццём. Словы «даўняе мінула» павінны заахвочваць нас да разбурэння муроў падзелу і будавання новых мастоў братэрскіх адносін з мэтай супольнага абвяшчэння заўсёды жывога і дзейснага Божага слова і яго сведчання, а таксама абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў і супольнага адказу на выклікі часу. У гэтым годзе Беларусь адзначае Юбілей 500-годдзя выдання Бібліі Скарыны — упершыню выдадзенага на беларускай мове заўсёды актуальнага і дзейснага Божага слова (пар. Гбр 4, 12). Яно аднолькавае для ўсіх хрысціян і таму з’яўляецца тым, што нас найбольш аб’ядноўвае. Усё вышэй сказанае нагадвае пра тое, што складаныя старонкі гісторыі адносін паміж усходнім і заходнім хрысціянствам, а таксама з рэфармацыяй, якая ў гэтым годзе адзначае сваё 500-годдзе, не павінны абмяжоўваць нас у імкненні да адзінства, а наадварот натхняць да пошуку новых шляхоў у развіцці ўзаемаадносін з мэтай ажыццяўлення закліку Хрыста: «Каб усе былі адно» (Ян 17, 21). Справа адзінства хрысціянаў — гэта справа Духа Святога. Аднак мы з’яўляемся інструментамі ў Яго руках. Таму молімся разам: Духу Святы, дапамажы нам адмовіцца ад старых стэрэатыпаў у нашых адносінах і адкрыцца на новую перспектыву, якая прывядзе да пераадолення падзелаў і аднаўлення адзінства. Амэн. |