Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
01.07.2017 13:08

Будслаў, 1 ліпеня

О Марыя, благаслаўлёная Дзева, Прачыстая Маці Бога!

Нашыя продкі абралі Цябе сваёй Апякункай і Валадаркай. Ты заўсёды была з намі — як у часы росквіту веры і свабоды веравызнання, так і падчас ганенняў. У сваім Фацімскім пасланні, сотую гадавіну якога мы адзначаем, Ты заклікала да малітвы і навяртання і дала нам надзею на духоўнае адраджэнне, сведкамі і ўдзельнікамі чаго мы з’яўляемся.

Сёння, у гістарычны момант для нашай Бацькаўшчыны, мы — біскупы, святары, дыяканы, кансэкраваныя асобы і вернікі — стаім перад Табою з пашанаю, любоўю, удзячнасцю, перапрашэннем і просьбаю аб далейшай апецы, а таксама з пастанаўленнем сумленна адказаць на Твае Фацімскія заклікі.

Табе і Твайму Беззаганнаму Сэрцу прысвячаем сябе, наш народ і нашу краіну. Дапамажы, каб з Божаю дапамогаю мы ўтваралі адзіны Божы народ.

Пані і Валадарка наша! Тваёй абароне аддаёмся. Атулі сваёю матчынаю апекаю нашыя сем’і і ахоўвай іх непарыўнасць і святасць. Абараняй самы каштоўны Божы дар — дар жыцця. Дапамажы моладзі весці цнатлівае жыццё. Натхні звышнатуральным духам і пабожнасцю нашыя парафіі і рэлігійныя супольнасці. Абараняй нас ад грахоў і няшчасцяў. Выпрасі для нашага народа ў свайго Сына ласку сталасці ў веры, святасці жыцця, шчырага і трывалага паяднання, якое абапіраецца на справядлівасць, братэрства і давер, а таксама на разуменне нашай місіі ў сучасным свеце. З’яднай нас у згодзе і братэрскай любові, каб на нашай зямлі, насычанай крывёю войнаў і пераследу, панавала спакойнае жыццё ў праўдзе, справядлівасці і свабодзе. Міласціва паглядзі на памылкі нашага народа і сваёю матчынаю рукою падтрымай яго ў жыццёвых клопатах і выведзі з граху.

Магутная наша дапамога! Ахіні плашчом сваёй апекі нашу Бацькаўшчыну. Выпрасі для Касцёла ласку апостальскай руплівасці і паспяховасці ў дзеянні, каб ён стаў сапраўдным Божым домам і брамаю да неба. Стрымай тэндэнцыі секулярызму, лібералізму і матэрыяльнага атэізму, каб мы захавалі вернасць нашаму хрысціянскаму пакліканню. Тым, хто адышоў ад веры, пакажы шлях да навяртання, а няверуючым — сонца Божай праўды. Чуласцю свайго Беззаганнага Сэрца натхні нас да прыняцця гэтай праўды, каб мы будавалі на ёй сваю будучыню. Дапамажы заставацца вернымі Тваім заўсёды актуальным Фацімскім заклікам да малітвы і навяртання, і належным чынам выкарыстоўваць новыя магчымасці для духоўнага адраджэння, якія нам дае дар свабоды веравызнання.

Маці Бога і наша духоўная Маці! Прымі нашу ўдзячнасць, перапрашэнне, ахвяру, просьбы і абяцанні. Прытулі нас да свайго Беззаганнага Сэрца і з’яднай з Хрыстом і Яго святым Валадарствам, бо Ён адзіны з’яўляецца дарогаю, праўдаю і жыццём (пар. Ян 14, 6).

Прысвячаючы сябе Твайму Беззаганнаму Сэрцу, імкнёмся як мага мацней з’яднацца з Табою і Тваім Сынам, нашым Збаўцам Езусам Хрыстом, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску