Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 20 студзеня наведаў храм пры Доме міласэрнасці ў Мінску, дзе ўшанаваў Дары Трох Каралёў – святыню з Афона, прынясенне якой ажыццяўляецца па благаслаўленні Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Дары прыбылі ў Беларусь 17 студзеня.
“Людзі ідуць да святога месца і святых рэчаў. Сэрца радуецца, што людзі кіруюцца сюды. Гэта яшчэ адзін знак таго, што матэрыяльныя справы і задавальненні гэтага свету не задавальняюць чалавека. Гэтага для яго мала, і ён шукае духоўнага”, - прыводзіць словы іерарха афіцыйны партал Беларускай Праваслаўнай Царквы са спасылкай на БелТА.
Мітрапаліт нагадаў, што пра Дары Трох Каралёў гаворыцца ў Новым Запавеце, і гэта агульнахрысціянская святыня. “Яны проста захоўваюцца Праваслаўнай Царквой, але гэта багацце ўсяго хрысціянства. І дзякуй Праваслаўнай Царкве за тое, што яна гэта захавала”, - сказаў арцыпастыр.
Арцыбіскуп адзначыў той факт, што многія прыходзяць пакланіцца Дарам разам з дзецьмі: “Бацькі хочуць даверыць сваё дзіця Богу”.
Мітрапаліт нагадаў, што калі ў 2013 г. у Беларусь даставілі крыж св. апостала Андрэя, ён таксама пакланіўся гэтай святыні. “Я таксама бачыў там у чарзе католікаў”, - дадаў іерарх і звярнуў увагу на добрыя адносіны з Праваслаўнай Царквой, якія існуюць у Беларусі.
Дары Трох Каралёў выстаўлены для пакланення ў царкве пры Доме міласэрнасці з 18 па 23 студзеня з 8.00 да 22.00. 24 студзеня з раніцы доступ да Дароў будзе спынены, у гэты дзень святыня скіруецца ў Кіеў.
Гэта адны з нямногіх рэліквій, звязаныя з зямным жыццём Хрыста, якія захаваліся да нашых дзён. У адпаведнасці з паданнем да IV ст. Дары Трох Каралёў захоўваліся ў Ерузалеме, адкуль былі перанесены ў Канстанцінопаль, а пасля на Афон, дзе знаходзяцца да сённяшняга часу. Святыня ўяўляе сабой дары, якія мудрацы з Усходу прынеслі нованароджанаму Езусу. Золата захавалася ў выглядзе 28 невялікіх падвесак рознай формы, упрыгожаных арнаментам. Да кожнай з гэтых залатых пласцін на сярэбранай нітцы прымацаваны бусіны, якія складаюцца з сумесі кадзіла і міры. (AG) Фота з афіцыйнага партала Беларускай Праваслаўнай Царквы
|