“Мой прынцып – з усімі, хто будзе ствараць нармальнае і шчаслівае жыццё ў
Беларусі, мы будзем сябраваць”, - адзначыў новы Патрыяршы Экзарх усяе
Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел у размове з карэспандэнтам
БелТА ў адказ на пытанне аб тым, ці збіраецца ён уносіць штосьці новае ў
палітыку міжканфесійных адносінаў, а галоўным чынам адносінаў з
каталіцкімі дыяцэзіямі Беларусі.
“З тымі, хто будзе весці дзейнасць, якая дэмаралізуе і расхіствае нармальнае жыццё ў гэтай краіне, мы сябраваць не збіраемся”, - дадаў Патрыяршы Экзарх.
Мітрапаліт Павел паведаміў, што будзе не толькі падтрымліваць, але і працягваць усё тое, што пачынаў і рабіў Мітрапаліт Філарэт. “Гэта і пераклад Бібліі, і асветніцкая праца. Нічога скарачаць або адмяняць не будзем”, - сказаў іерарх, дадаўшы таксама, што па жаданні прыходаў, манастыроў і епархій “будзем вітаць набажэнствы на нацыянальнай мове”, а “самае галоўнае, чым мы павінны кіравацца, - гэта дабро Царквы і дабро народа”.
Кажучы пра нядаўняе прабыванне ў Беларусі Дароў Трох Каралёў, што, па словах карэспандэнта БелТА, “нехта ўспрыняў з радасцю, а нехта зусім па-іншаму”, Патрыяршы Экзарх сказаў: “Крытыкі былі заўсёды. Нават сярод тых, хто хадзіў з Хрыстом”. “Што ж датычыцца непасрэдна Дароў, то гэта тое ж самае, што і ўшанаванне ікон, парэшткаў, - дадаў кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы. – Усе мы цудоўна ведаем, што ікона з Багародзіцай і Хрыстом – не сам Збаўца і Маці Божая, а толькі іх вобраз. Гледзячы на яго, мы ў думках звяртаемся да першавобраза”. “Калі чалавек дакранаецца да іх з верай, то ён не просіць: “Дар, ты дапамажы мне, аздараві мяне”. Людзі просяць менавіта ў Бога. Але вось гэтая знешняя рэч з’яўляецца быццам сувяззю з тым часам зямнога жыцця Хрыста, дакрананнем да гісторыі”, - адзначыў Мітрапаліт Павел.
(AG)
|