Мае настаўнікі: с. Крыспіна Янэцкая |
Грамадства |
05.10.2013 13:48 |
6 кастрычніка адзначаецца Дзень настаўніка. З гэтай нагоды мы распавядаем пра тых, каго Бог пасылае, каб наблізіць нас да Праўды, а таксама даць нам веды пра чалавека і свет. Упершыню я сустрэла с. Крыспіну Янэцкую, калі вучылася ў сёмым класе, гэта быў канец лета 2002 года. Менавіта ў той год у параф’янаўскую парафію Найсвяцейшай Панны Марыі прыехалі працаваць сёстры місіянеркі Святой Сям’і, заснавальніцай якіх з’яўляецца бл. Баляслава Лямант. Першая сустрэча адбылася ў касцёле на нядзельнай святой Імшы, але я з падазронасцю разглядала новых сясцёр. Шчыра сказаць, вельмі ж мне спачатку не спадабаўся іхні выгляд, асабліва галаўное ўбранне, а сястра Крыспіна здалася мне вельмі строгай і недасяжнай, далёкай і халоднай. Калі я прыйшла на першыя ў тым годзе заняткі па катэхезе, збіраючыся паведаміць, што буду адсутнічаць цэлы восеньскі месяц, бо паеду ў летнік «Зубраня», то сястра Крыспіна сказала адно слова «добра». На тым і скончылася знаёмства, якое праз месяц распачалося наноў і стала пачаткам прыгод разам з Настаўнікам, якім стала для мяне гэтая манахіня. Ад’язджаючы ў летнік, я вельмі сумавала, бо ведала, што не буду прысутнічаць нават на нядзельных Імшах, не заўважу, як прыйдзе восень, змяніўшы колеры лістоты (лагер знаходзіўся на тэрыторыі сасновага бору). Падчас прабывання ў летніку лічыла кожна дзень, які выкрэслівала ў сваім нататніку, выкрэслівала нават кожныя паўдня, каб хутчэй наблізіць вяртанне. У летніку ўсё было цудоўна, але там не было таго, без чаго менавіта я не магла быць: свабоды быць там, дзе хочацца, і магчымасці час ад часу трапляць у капліцу ці касцёл, як гэта было ў маім звычайным жыцці, пачынаючы з самага маленства. Калі я вярнулася, то ў бліжэйшы чацвер разам з сяброўкамі пайшла ў капліцу, на заняткі па рэлігіі, да сястры Крыспіны. Для мяне гэта былі самыя любімыя ўрокі. Яны распачаліся для мяне яшчэ да таго, як я пайшла ў школу, і, дзякуючы маёй прабабулі, былі самымі важнымі, да іх я ставілася з большай адказнасцю, чым да школьных. У сваю чаргу, да людзей, якія праводзілі гэтыя заняткі, у мяне таксама было заўсёды пачуццё павагі і захаплення. Так атрымалася, што з самага маленства да паступлення ва ўніверсітэт гэта былі не свецкія асобы, а кансэкраваныя, за што я асабліва ўдзячна Богу. Для мяне гэта было вельмі важна. Сястра ж Крыспіна з’явілася ў маім жыцці, як маяк на моры сярод іншых маякоў, вельмі яркіх і моцных, але менавіта за гэтым маяком мне хацелася ісці заўсёды, бо, калі я ішла за ім, маё сэрца не было пустым. Сястра Крыспіна была такім правадніком і для маіх сяброў, разам з ёй мы былі адным сэрцам, якое білася моцна, хоць і адно на ўсіх. Дзякуючы гэтай манахіні, я зразумела, што значыць для мяне тая зямля, дзе я нарадзілася, што значыць для мяне мова майго народа, што значыць адзінства паміж людзьмі, а таксама зразумела тое, што не магу жыць без малітвы. Місіянеркі ўвайшлі ў маё жыццё і выканалі сваю місію, працягваюць яе выконваць, і без іхняй ахвяры ўсё б было не так, як ёсць. Я думаю, што слова пра тых людзей, якія натхнілі нас, ажывілі нашыя сэрцы да любові, можа сказаць кожны з чытачоў. У жыцці кожнага з нас сустракаліся такія людзі-маякі, кожны мае сваю гісторыю пра шлях, якім ён ішоў разам з кімсьці, і гэты хтосьці зрабіў у нашым жыцці адкрыццё, адкрыццё таямніцы Богачалавека. Аксана Ючкавіч
|