Місія «Чыстае сэрца» перад Божым Нараджэннем парадавала хлопчыкаў з Крывіцкага прафесійна-тэхнічнага вучылішча |
Грамадства |
18.12.2015 21:36 |
У перыяд Божага Нараджэння місія «Чыстае сэрца» па традыцыі праводзіць шмат добрых акцый. 17 снежня валанцёры і кіраўніцтва арганізацыі наведалі сваіх новых сяброў – хлопчыкаў з Крывіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча №3 закрытага тыпу, каб прынесці ў іх сэрцы радасную вестку аб блізкім свяце Нараджэння Пана. У гэтай установе знаходзяцца 95 хлопчыкаў ад 12 да 18 гадоў. Для іх валанцёры арганізацыі спецыяльна падрыхтавалі спектакль-мюзікл аб няспростым лёсе аднаго юнака, які, нягледзячы на многія няўдачы і памылкі, усё ж сустрэў у сваім жыцці дабро, Бога. Місія «Чыстае сэрца» таксама перадала падарункі ад сваіх партнёраў, дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі – неабходныя прадметы адзення: курткі, байкі, майкі, шапкі і красоўкі. Крывіцкае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №3 закрытага тыпу – спецыяльная навучальна-выхаваўчая ўстанова для вырашэння задач сацыяльнай рэабілітацыі, карэкцыі і ўтрымання падлеткаў, якія здзейснілі грамадска небяспечныя ўчынкі або парушылі правілы грамадскіх паводзінаў. У такія вучылішчы накіроўваюцца падлеткі ад 12 да 18 гадоў на тэрмін, як правіла, да двух гадоў. |
Фотарэпартаж |