Місія «Чыстае сэрца» пазнаёмілася з насельнікамі Крывіцкай лячэбна-выхаваўчай установы |
Грамадства |
13.07.2015 11:48 |
9 ліпеня місія «Чыстае сэрца» прыняла ўдзел у спартыўна-патрыятычным свяце, арганізаваным для так званых складаных дзяцей і падлеткаў. У гэты дзень насельнікаў лячэбна-выхаваўчай установы закрытага тыпу ў г.п. Крывічы наведалі супрацоўнікі Упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, Мінскага абласнога навучальна-метадычнага цэнтра, а таксама прадстаўнікі парафіі Св. Юзафа ў Маладзечне.
У гэтай установе знаходзяцца зараз 77 хлопчыкаў ад 12 да 18 гадоў. Арганізатары прапанавалі ім канцэрт, а таксама інтэлектуальныя гульні, спартландыю, майстар-класы і псіхалагічныя трэнінгі. Уся праграма была накіравана на рознабаковае развіццё падлеткаў, асабліва духоўнае і псіхалагічнае. Падобныя мерапрыемствы садзейнічаюць развіццю творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу падлеткаў, іх індывідуальных здольнасцяў і талентаў, таму што яны яшчэ маюць усе шансы спрыяльнай сацыялізацыі, набыцця неабходных навыкаў і правільных жыццёвых арыенціраў. Вельмі важна, каб яны нанова навучыліся давяраць дарослым і прымаць ад іх дапамогу. Дапамагчы падлеткам усвядоміць здзейсненыя памылкі, пераадолець складанасці, якія ўзніклі, усяліць упэўненасць ва ўласных магчымасцях, набыць веру ў сябе, надзею і паказаць правільны жыццёвы шлях – задачы ўсіх тых, хто працуе з гэтымі дзецьмі. Менавіта таму гэтым падлеткам так патрэбны добрыя чалавечыя адносіны і дапамога. Лячэбна-выхаваўчая ўстанова «Крывіцкае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №3 закрытага тыпу» - спецыяльная навучальна-выхаваўчая ўстанова для вырашэння задач сацыяльнай рэабілітацыі, карэкцыі і ўтрымання падлеткаў, якія здзейснілі грамадска небяспечныя ўчынкі або парушылі правілы грамадскіх паводзінаў. У такія вучылішчы накіроўваюцца падлеткі ад 12 да 18 гадоў на тэрмін, як правіла, да двух гадоў. |